У Аршанскім раёне больш за 70 выпадкаў заражэння каронавірусам


Ілюстрацыйнае фота. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Па стане на 22 красавіка колькасць зафіксаваных выпадкаў заражэння каронавірусам у Аршанскім раёне дасягнула 73. У большасці інфікаваных захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме, паведамляе мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Паводле медыкаў, пасля лячэння ачунялі і выпісаныя 5 асобаў. У Аршанскім раёне правялі больш за 1300 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, падчас якіх выявілі 73 выпадкі заражэння.

Паводле рэсурсу «Народныя навіны Віцебску», у раёне ад каронавіруснай інфекцыі памерлі тры чалавекі.

У Бешанковіцкім раёне колькасць заражэнняў каронавіруснай інфекцыяй па стане на 22 красавіка дасягнула 30 выпадкаў. У мясцовую больніцу шпіталізавалі 63 чалавекі з запаленнем лёгкіх, COVID-19 дыягнаставалі ў 6 з іх, паведамляецца на сайце райвыканкаму.

Яшчэ чатырох інфікаваных на COVID-19 выявілі ў Глыбоцкім раёне, паведамляе мясцовая раёнка.

У Паставах агульная колькасць тых, хто заразіўся дасягнула 32.

Агулам на Віцебшчыне засталіся толькі 4 раёны, з якіх не паступала паведамленняў пра COVID-19: Расонскі, Талачынскі, Чашніцкі і Шаркаўшчынскі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на 22 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 7281 выпадак каронавіруснай інфекцыі. Ачунялі і выпісаныя 769 пацыентаў, 58 чалавек памерлі.

Hавiны
Як сёння жыве Бабруйск – горад, які наведаў Лукашэнка і дзе ўлады хаваюць колькасць хворых на COVID-19?
2020.04.22 19:14

belsat.eu

Стужка навінаў