Польшча. Месяц барацьбы з заразаю

Галоўнае, што пакуль каронавірус прынёс у Польшчу, – адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Першы пацыент з СOVID-19 з’явіўся ў Польшчы 3 сакавіка. Праз шэсць дзён улады ў Варшаве адмянілі ўсе масавыя імпрэзы, праз восем дзён у Польшчы зачыніліся ўсе школы, дзіцячыя садкі і ўніверсітэты, а праз адзінаццаць дзён зачыніліся межы краіны для іншаземцаў, а тых грамадзянаў, якія вяртаюцца, пачалі высылаць на 14-дзённы каранцін. Увялі таксама штраф за парушэнне ўмоваў караціну ў памеры да 30 тыс. злотых (каля Br 19 тыс.). Праз тры тыдні пасля выяўлення першага хворага, у краіне абмежавалі пешы рух: выходзіць можна толькі на кароткую прагулку, максімальна ўдвох (выключэнне – сямʼя). Дарэчы ў краіне даўно ўжо не працуюць бібліятэкі, кінатэатры, тэатры, бары, рэстараны, карчмы і клубы. Прасцей пералічыць што працуе, аднак у галаву прыходзяць толькі аптэкі і крамы. Гэтага аказалася не дастаткова і ўрад пайшоў на чарговыя больш радыкальныя крокі.

Hавiны
Колькасць памерлых ад каронавірусу перавысіла 47 тысячаў
2020.04.02 07:49

Зусім не смешны дзень

З 1 красавіка непаўналетнія не могуць выходзіць з дому без дарослай асобы – гэта каб выключыць кантакты моладзі, якая перайшла на онлайн-навучанне і часта, прынамсі варшаўская моладзь, выходзіла на вуліцу «патусавацца» каля Віслы. Прынята лічыць, што менавіта моладзь – праваднік вірусу, які перадаецца пасля дзядулям і бабулям, якія знаходзяцца ў так званай «групе рызыка». Аднак еўрапейскі досвед паказвае, што маладыя не толькі ляжаць пад рэспіратарамі, але і паміраюць. Таму ў сераду ў Польшчы зачыніліся ўсе паркі, бульвары і пляжы. Змяняюцца таксама і правілы ў крамах. Каля адной касы можа знаходзіцца не больш за тры асобы, таму калі ў краме напрыклад пяць касаў, унутры не можа знаходзіцца больш за пятнаццаць чалавек. Крамы дарэчы ад 2 красавіка павінны прадстаўляць кліентам аднаразовыя пальчаткі. У гадзінах 10:00-12:00 будуць абслугоўваць толькі пенсіянераў (65+). Крыху складана ў гэта паверыць, але жыццё ў Польшчы на працягу месяца перавярнулася да гары нагамі. Жыць па старому і ігнараваць новыя правілы будзе не танна, штрафы вагаюцца ад 5 да 30 тыс. злотых (Br 3-19 тыс.).

Аб’ектыў
Каронавірус у свеце: цяжкія тыдні наперадзе
2020.04.01 23:12

Хто перажыве крызіс?

Паводле новага загаду польскага Ураду, зачыняюцца ўсе касметычныя і тату салоны, а таксама цырульні. Дарэчы гэты сектар у Польшчы адчуў крызіс у першую чаргу: большасць страціла кліентаў яшчэ на пачатку эпідэміі, шмат хто зачыніўся для ўласнай бяспекі. Калі каранцін не скончыцца ў бліжэйшай будучыні, ёсць вялікая верагоднасць, што каронавірус праглыне вялікую частку гэтага бізнесу. Давайце ўявім сабе ІП-цырульніка, які, не маючы кліентаў, мусіць аплочваць арэнду і іншыя рахункі. Колькі ў такім стане праіснуе – месяц ці два? У падобнай сітуацыі знаходзіцца таксама гастранамічны сектар (рэстараны і бары). Складана перажыць каронавірус будзе таксама транспартнаму бізнесу, які займаецца пасажырскімі перавозкамі. Але для тых жа маркетаў гэта не бяда, дапасуюцца да рэаліяў ды і заробяць. З 2 красавіка папулярная сетка крамаў Biedronka будзе працаваць з 6 да 24 гадзінаў, а 7-10 красавіка (перад каталіцкім Вялікаднем) – круглыя суткі. Пра падобныя змены заявілі ўжо таксама прадстаўнікі сеткі крамаў Lidl. Прыходзьце, калі ласка, галоўнае, каб было з чым ісці.

Hавiны
«Не ведаем, як справімся на піку». Анестэзіёлаг з Вроцлава параўноўвае эпідэмію ў Польшчы і Беларусі
2020.04.01 16:36

Што будзе з Польшчай?

З дадзеных Міжнароднага валютнага фонду вынікае, што ўвесь свет чакае эканамічны крызіс, у найлепшым выпадку – на ўзроўні крызісу 2009 году. Тады сотні тысячаў палякаў страцілі працу. Цяпер усё будзе залежыць ад таго, колькі працягнецца каранцін. Калі пасля Вялікадня сітуацыя паправіцца і абмежаванні пачнуць здымаць, магчыма, усё вернецца да папярэдняга стану адносна невялікім коштам. Калі эпідэмія працягнецца, тады Польшчу чакаюць іншыя сцэнары. Асабіста мне давялося назіраць, як прагнозы эканамістаў мяняюцца ў залежнасці ад працягласці каранціну. Яшчэ ў 20-х чыслах сакавіка я чуў пра тое, што працу ў Польшчы можа страціць нават мільён чалавек, некалькі дзён таму прагнозы гэтыя ўжо падвоіліся, кажуць ужо пра 2 млн беспрацоўных. Давялося чуць таксама прагнозы кшталту, што, калі актуальная сітуацыя працягнецца доўгія месяцы, хлеб у Польшчы будзе каштаваць не 3-4 злотых як сёння, а 10 злотых.

У Польшчы аднак ёсць вялікія шанец апанаваць сітуацыю. У той жа Італіі ці Іспаніі школы працавалі больш за месяц пасля першага зарэгістраванага хворага на каронавірус. Больш за месяц там адбываліся канцэрты, былі адчыненыя рэстараны і клубы. Жыццё, адным словам, змянілася толькі тады, калі ў шпіталі штодня пачалі сотнямі прывозіць хворых. Лічба хворых і памерлых пакуль непараўнальная (Польшча – 2554 (43), Італія – 110 574 (13 155), Іспанія – 102 179 (9131), дадзеныя на 1 красавіка).

Hавiны
«Самаізаляцыя – гэта калі ёсць на што жыць». Як пачуваецца дробны бізнес ва ўмовах крызісу?
2020.04.01 16:26

Дарэчы, ад каронавірусу залежыць сёння і лёс палітычнага жыцця краіны. 10 траўня павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары, апазіцыя дамагаецца перанесці галасаванне на пазнейшы тэрмін. Кіруючая партыя Закон і Справядлівасць (Prawo i Sprawiedliwość) ужо ў пятніцу хоча прыняць закон, які дазволіць галасаваць, не выходзячы з дому. Хутчэй за ўсё, закон не падтрымае Сенат (вышэйшая палата парламенту), дзе ў апазіцыі большаць. Калі так адбудзецца, то вырашаць, ці змяняць выбарчае заканадаўства, давядзецца літаральна за некалькі дзён да выбараў (Сейм мае права адкінуць папраўкі Сенату, але мусіць пачакаць 30 дзён). Сёння палітычная Польшча падзялілася на тых, хто хоча праводзіць выбары 10 траўня і тых, хто хоча пераносу галасавання – напрыклад, на восень. Што іх усіх абʼядноўвае? Адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта сёння, хіба, самая адчувальная рыса прысутнасці каронавірусу ў Польшчы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў