«Самаізаляцыя – гэта калі ёсць на што жыць». Як пачуваецца дробны бізнес ва ўмовах крызісу?


Вялікая частка малога і сярэдняга бізнесу ў Горадні прывязаная да пакупніцкай здольнасці як замежных турыстаў, гэтак і мясцовых жыхароў. А як зараз, з улікам эканамічнага фактару ды самаізаляцыі? Карэспандэнты Belsat.eu прайшліся па горадзе ды пагутарылі з прадстаўнікамі прыватных фірмаў.

Найперш завіталі ў вялікі офісны будынак на Будзёнага 48, побач з консульствам Польшчы. Тут традыцыйна месціліся фірмы, якія займаюцца турызмам, страхаваннем і дапамогаю з афармленнем візаў. Большасць дзвярэй зачыненыя, вісяць адно абвесткі з кантактнымі тэлефонамі.

Большасць візавых і турыстычных агенцыяў працуюць на ўдалёнцы ці скарацілі час працы. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Турыстычная фірма «Дон Кіхот» скараціла гадзіны працы, але офіс усё ж працуе. Нам тлумачаць, што калі людзі заходзяць, то дзеля анулявання ці пераносу вандроўкі. Пераносяць з запасам» – з красавіка на жнівень-верасень. Зарабляць фірма можа адно на карпаратывах і выездах па Беларусі.

Шапікі ў двары, у якіх можна было аформіць страхоўку, наагул зачыненыя. Консульства Польшчы ды візавыя цэнтры закрытыя на каранцін прынамсі да 13 красавіка, таму і страхавым агентам рабіць няма чаго.

«Каранцін даб’е наш бізнес»

Віктар Клімовіч гадамі фатаграфаваў на дакументы ды рабіў візавыя анкеты. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Побач уваход у офіс прадпрымальніка Віктара Клімовіча, які робіць фотаздымкі на дакументы, а таксама дапамагае запаўняць анкеты дзеля атрымання візаў. Віктар тлумачыць, што малы бізнес выжывае за кошт таго, што ўдалося адкласці на «чорны дзень». Зараз жа немагчыма зарабіць нават на арэнду і падаткі. Добра, што ўласнік памяшкання прынамсі зніжку зрабіў за памяшканне – 20%.

«Два тыдні сядзеў у хаце, зараз выйшаў, каб паглядзець, – распавядае Віктар, – Консульства ж першапачаткова зачынілася да 27 сакавіка, я выйшаў на працу і пабачыў, што захаду падоўжылі… Канешне, каранцін даб’е наш бізнес. Не ў кожнага ёсць сродкі, каб на паўгады зачыніцца. Я пратрымаюся пару месяцаў, а далей што? Ніхто ж не ведае, як надоўга ўсё гэта».

Клімовіч лічыць, што паўнавартасны каранцін у нас калі і мае быць, дык агульнанацыянальны, як у еўрапейскіх краінах. Разам з тым прадпрымальнік не верыць, што дзяржава будзе рабіць кампенсацыі для бізнесу ці змяншаць падаткі.

«Ёсць магчымасць і зараз не плаціць падаткі за месяцы, якія не будзеш працаваць, – працягвае Віктар, – Але я ж не ведаю, да якога часу будзе зачыненае консульства, да графіку якога прывязаная мая праца. Магчыма, у панядзелак 13 красавіка выйдуць, а можа і не. Дык мне плаціць за гэты месяц? Няпэўная сітуацыя, карацей».

«Самаізаляцыя – гэта калі ёсць на што жыць»

Сяргей Верамеенка, былы таксіст, зараз уласнік крамы ‘Адметнасць’. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Былы таксіст Сяргей Верамеенка трымае ў Горадні сувенірную краму «Адметнасць» з цішоткамі, вышыванкамі, кубачкамі з нацыянальнаю сімволікай. Ягоны тавар больш арыентаваны на беларусаў, а не замежных турыстаў. Кажа, што эканамічны крызіс наклаўся на эпідэміялагічную сітуацыю, а ўсё разам імгненна адбілася на ягонай працы.

«Сёння было два пакупнікі, набылі агулам на 4 рублі, – распавядае Верамеенка, – Гэта поспех на цяперашні момант! Значыць недарма на працу выйшаў. Можа банк з крэдытам дапаможа, але спадзеву мала. Мае быць комплексная дзяржаўная антыкрызісная праграма. Чаму дзяржава баіцца абвесціць каранцін? Бо гэта не толькі сядзенне па хатах, але і абавязак падтрымаць грамадзянаў».

Сяргей кажа, што гаманцы беларусаў пахудзелі. Пра гэта яму распавядаюць і ягоныя калегі, якія па некалькі дзён сядзяць без выручкі. А ў дадатак – панічныя настроі пры адсутнасці інфармацыі, таму чалавек і думае як ашчадна выдаткаваць кожны рубель.

«Зачыніцца – значыць застацца наагул без сродкаў для існавання, – працягвае Верамеенка, – Самаізаляцыя – гэта калі ёсць на што жыць. У нас, на жаль, няма такіх ашчаджэнняў. Было б пару тысяч долараў, дык можна і ў хаце пасядзець. А так, нешта прадалі – нешта маем у кішэні, на тое і жывем».

«5 гадоў развіваліся не дзеля таго, каб імгненна зачыніцца»

Абвестка пра каранавірус у офісным будынку на Будзёнага 48. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паверхам ніжэй за «Адметнасць» месціцца крама «Цудоўня», больш арыентаваная на замежнікаў. Размаўляем з Антосем, які тут гандлюе.

«Турыстычны сезон пачынаўся заўжды ад пачатку красавіка, – тлумачыць Антось, – У гэтым годзе, як бачыце, усё па-іншаму… Менш турыстаў, значыць менш пакупнікоў. Даводзіцца перафарматоўваць бізнес, больш разлічваць на гарадзенцаў, займацца сацыяльнымі сеткамі, дастаўкаю поштай і кур’ерам па горадзе».

Паводле Антося, дастаўка ў іх была і раней, але толькі зараз за яе ўзяліся больш сур’ёзна. Зрэшты, дастаўка бясплатная, незалежна ад сумы, якую выдаткаваў пакупнік.

«Мы 5 гадоў развівалі гэты праект не дзеля таго, каб імгненна зачыніцца. Таму будзем рабіць усё магчымае», – падбадзёрвае хлопец.

Ужо і ўцячы няма куды

З-за меншьай колькасці кліентаў таксі зараз прапануюць зніжкі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Таксістам у горадзе таксама не салодка. Службы таксі прапаноўваюць зніжкі ды бонусы, каб утрымаць пасажыраў. Істотна зменшыўся нават трафік на дарогах, людзі ашчаджаюць ды менш наведваюць крамы ды кірмашы.

«Ну вось паглядзі, гадзіна пік, перад намі пяць машын, за намі – пуста, – кажа таксіст гадоў пяцідзесяці, з якім едзем па Горкага, – Менш ездзяць, праўда. Але я не разумею: калі ты баішся заразы, навошта лезеш у аўтобус ці маршрутку? Часам яшчэ і з дзіцём».

Паводле кіроўцы, зменшылася колькасць замоваў, а ў таксі «Яндекс» атрымаць кліента можа бадай толькі таксіст з «каронай» (гэта ўнутраная пазнака кваліфікаваных кадраў, прафесійны жаргон). Частка таксістаў паралельна займацца дастаўкай прадуктаў з крамаў, што запатрабавана і прыносіць капейчыну.

«Будуць і далей кошты падаць, гэта праўда, – працягвае таксіст, – А цяпер і ўцячы няма куды: межы зачыненыя, заслона жалезная. Хто паспеў, той можа там недзе сядзець і не рыпацца. А нам тут, што рабіць застаецца?»

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў