«Не ведаем, як справімся на піку». Анестэзіёлаг з Вроцлава параўноўвае эпідэмію ў Польшчы і Беларусі


Медыкі мераюць тэмпературу жыхарам Вроцлаву. 4 сакавіка 2020 года.
Фота: Krzysztof Kaniewski / Zuma Press / Forum

1 красавіка ў Польшчы набылі моц чарговыя абмежаванні у сувязі з эпідэміяй каронавірусу: між іншага, закрыліся гатэлі, паркі і бульвары, а выйсці з дому непаўналетнім можна толькі ў суправаджэнні дарослых. Парушальнікаў рэжыму чакае штраф ад $ 1200 да $ 7260. Урад Польшчы заяўляе, што толькі максімальнае абмежаванне кантактаў паміж людзьмі дапаможа апанаваць сітуацыю з распаўсюдам інфекцыі. Малодшы асістэнт Клінікі анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі Універсітэцкага клінічнага шпіталя ў Вроцлаве, ураджэнец Беларусі Артур Мацуткевіч, распавядае «Белсату» пра тое, як лечаць каронавірус у Польшчы і які каранцін мае аб’явіць Беларусь.

Дзяніс Дзюба: Паводле апошніх звестак, у Польшчы афіцыйна 2055 хворых на COVID-19. Наколькі, на вашую думку, гэтая лічба адрозніваецца ад рэальнай колькасці хворых?

Артур Мацуткевіч: Гэта цяжкае пытанне – як кажуць, «бабка нагадала». У паловы хворых на COVID-19 няма сімптомаў або яны нагадваюць звычайную прастуду. Да таго ж ёсць хворыя, у якіх інкубацыйны перыяд можа цягнуцца да дзвюх тыдняў або даўжэй. Мяркую, сапраўдная колькасць хворых у свеце адрозніваецца ад афіцыйных лічбаў у 3–5 разоў. Гэта тычацца і Польшчы. Агульная сітуацыя тут – як у большасці краінаў свету, за выключэннем такіх краінаў, як, напрыклад, Італія і Іспанія. На гэтым этапе Польшча больш-менш дае рады з выкрываннем і лячэннем вірусу.

Як выглядае выкрыванне каронавірусу ў Польшчы?

Сітуацыя з тэставаннем змяняецца кожныя некалькі дзён. На сёння тэсты робяць людзям з кантактам першага ўзроўню (то бок, тым, хто мелі беспасярэдні кантакт з хворым – разам працавалі, жылі і гэтак далей) і асобам з сімптомамі хваробы (напрыклад, сухім кашлем). Асобаў, якія падазраюць, што маглі мець кантакт з хворым, адпраўляюць на каранцін, але пры з’яўленні сімптомаў ім робяць тэст.

Калі у хворага толькі лёгкія сімптомы і ён добра сябе адчувае, то ён сам едзе да найбліжэйшай інфекцыйнай больніцы (або шпіталя, які мае інфекцыйнае аддзяленне). Пасля размовы з хворым і памеру тэмпературы лекар-інфекцыяніст прымае рашэнне, што рабіць далей.

Калі стан не дазваляе хвораму даехаць да больніцы, яго транспартуе хуткая. Для тэсту бяруць мазок з горла або макроту з бронхаў. Пасля тэст дасылаюць у санэпід, а пацыента ізалююць у адмысловай палаце да моманту пакуль не прыйдзе вынік.

У маім шпіталі працягласць тэсту залежыць ад таго, а якой гадзіне прыбывае пацыент. Найхутчэй тэст могуць зрабіць цягам васьмі гадзінаў. Але калі чалавек паступае ўночы (а санэпід не працуе круглыя суткі), то чакаць можна ад 16 да 20 гадзінаў. Звычайна шпіталь атрымлівае вынікі на наступны дзень. Пасля гэтага прымаецца рашэнне: транспартаваць хворага ў інфекцыйны шпіталь або – калі вынік тэсту адмоўны – лекаваць на месцы.

Ад 1 красавіка ў Польшчы забароненае наведванне пляжаў. На здымку: жанчына шпацыруе па марскім беразе ў польскім Сопаце 28 сакавіка 2020 года.
Фота: Reuters / Forum

Сярэдні кошт стандартнага поўнага тэсту метадам PCR [генетычны тэст, які дазваляе выявіць РНК віруса ў пробе, узятай у пацыента. – Заўв. «Белсат»] каштуе 700 злотых, то бок каля $ 200. Кошт тэсту пакрывае Нацыянальны фонд здароўя [у выпадку замежнікаў – Міністэрства аховы здароўя. – Заўв. «Белсат»].

Вядома, што ад каронавірусу няма ані прышчэпкі, ані лекаў. Паводле даследавання медыкаў з Ўу-хані, выкарыстанне лапінавіру і рытанавіру ў якасці лекаў супраць COVID-19 не ўплывала на выздараўленне пацыентаў. Якімі лекамі лечаць хворых на каронавірус у Польшчы?

У Польшчы і ў іншых заходніх краінах ад лячэння лапінавірам і рытанавірам стараюцца адыходзіць.

Тое, што лячэнне гэтымі прэпаратамі было неэфектыўным, тлумачыцца тым, што мы ўпершыню сутыкнуліся з гэтым вірусам. Але лячыць неяк трэба – ніколі не было так, што першы ж ужыты лек даваў эфект. Цяпер ідзе актыўны пошук розных схемаў лячэння і розных прэпаратаў.

Згодна з апошнімі рэкамендацыямі САЗ, асобам з больш лёгкімі сімптомамі даюць асельтамівір. Тым, у каго сімптомы больш цяжкія, даюць асельтамівір і хларахін (супрацьвірусны лек ад малярыі). Калі ёсць рызыка пнеўманіі або яна ўжо развіваецца, даюць таксама антыбіётык. Таксама ідуць даследаванні лячэння фавіпіравірам і рэмдэсівірам.

Каб ацаніць эфектыўнасць лекаў, трэба правесці даследаванні – на жаль, рэтраспектыўныя: пацыентаў лечаць паводле розных схемаў, пасля чаго нехта вылечваецца, а нехта – не. Навукоўцы будуць супастаўляць звесткі і глядзець, у якой групе пацыентаў была большая смяротнасць, колькі дзён папраўляліся хворыя і гэтак далей. Гэта не эксперымент: лекары проста спрабуюць ратаваць хворых тымі прэпаратамі, механізмы дзейнасці якіх патэнцыйна могуць прынесці максімальны эфект. І толькі рэтраспектыўнае даследаванне дазволіць знайсці паўнавартаснае, даказанае навукай, лячэнне.

Як ваш шпіталь рыхтуецца да эпідэміі?

Згодна з рашэннем Міністэрства здароўя, польскія шпіталі падзялілі на тры колеры. «Чырвоныя», або «карона+», прымаюць пацыентаў з каронавірусам пакуль няма масавай эпідэміі. У кожным ваяводстве ёсць яшчэ каля аднаго–дзвюх «ружовых» шпіталяў, якія будуць прымаць пацыентаў у выпадку пагаршэння сітуацыі паводле італьянскага або іспанскага сцэнару. «Белыя» шпіталі пакуль не задзейнічаныя ў лячэнні хворых на каронавірус, але яны намагаюцца прызначыць адзін або два аддзелы для ізаляцыі такіх пацыентаў.

Мой шпіталь не плануе лячыць людзей з каронавірусам, але мы таксама маем дзве ізаляцыйныя палаты і два аддзяленні для стабільных пацыентаў з больш лагоднымі сімптомамі. Таксама шукаем ахоўныя строі, акуляры і маскі.

Пакуль невядома, ці пра пашырэнні эпідэміі «белыя» шпіталі не стануць «ружовымі» або «чырвонымі». Мы не ведаем, ці атрымаецца ў нас стрымаць узрост і выраўняць яго хутка. Нягледзячы на тое, што пакуль нічога не прадвяшчае італьянскага сцэнару, мы мусім быць падрыхтаваныя, бо ў кожную хвіліну стан эпідэміі можа змяніцца як у лепшы, гэтак і горшы бок.

Чаму або каму павінныя быць удзячныя палякі за даволі неблагую статыстыку па захворванні і смяротнасці?

Будзем шчырыя: ад моманту першага зарэгістраванага хворага прайшло амаль чатыры тыдні. Гэта, можна сказаць, пачатак. Пакуль, сапраўды, лічбы па памерлых страшна зусім не выглядаюць [паводле стану на 31 сакавіка ў Польшчы памерла 31 асоба. – Заўв. «Белсат»]. Напэўна, заслуга польскай дзяржавы ў тым, што тут закрылі мяжу, забаранілі масавыя мерапрыемствы і рэкамендавалі людзям ізалявацца ўдома. Дзякуючы гэтаму колькасць хворых расце паволі. Калі б гэтыя захады ўлады ўвялі раней, сітуацыя ў Польшчы выглядала б яшчэ лепш.

Пустынныя вуліцы Варшавы пасля ўвядзення польскімі ўладамі каранціну ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу. 15 сакавіка 2020 года.
Фота: Kuba Stezycki / Forum

Агулам паказнікі трэба будзе аналізаваць напрыканцы: страты падлічваюць пасля вайны. Мы яшчэ не ведаем, як мы дамо рады супраціўляцца вірусу на піку эпідэміі, калі колькасць захворванняў будзе высокая, а колькасць тых, хто выздаравеў – нізкая.

Згодна з рознымі падлікамі, пік меўся быць на мінулым тыдні. Але праз тое, што інкубацыйны перыяд вірусу – каля 14 дзён, першага хворага зарэгістравалі толькі больш за тры тыдні таму, а каранцін быў уведзены са спазненнем на тыдзень (то бок, патэнцыйна хворыя, якія прыязджалі з іншых краінаў, ездзілі да сяброў, хадзілі ў гандлёвыя цэнтры і гэтак далей), мяркую, пік наступіць праз тыдзень або два – калі выкрыюць вялікую колькасць кантактаў хворых.

Найбольш складана вылічыць, калі эпідэмія пойдзе на спад. Тэарэтычна, вірус добра перажывае гэткія тэмпературы. Напрыклад, грып памірае пасля 20 градусаў. Паводле кітайцаў, каронавірус вытрымлівае тэмпературы да 60 градусаў. Гэта лагічна, калі кажаны, сапраўды, былі адной з крыніцаў вірусу: тэмпература іх цела дасягае 48 градусаў.

Але ёсць інфармацыя, што каронавірус кепска сябе адчувае пры ўльтрафіялеце – ягоная абалонка высыхае і разбураецца.

Калі каранцін дасць плён, калі людзі будуць далей прытрымлівацца захадаў бяспекі – напрыклад, самаізаляцыі, – калі з’явяцца вынікі даследаванняў розных схемаў лячэння, а ў сярэдзіне траўня ўсталюецца добрае надвор’е, то ў чэрвені павінна наступіць змяншэнне новых хворых.

28 сакавіка 2020 года. Парк Планты ў Беластоку. Ад 1 красавіка паркі і бульвары закрытыя для наведвання на нявызначаны тэрмін.
Фота: Agencja Wschod / Forum

Вы былі падпісантам ліста беларускіх лекараў замежжа з заклікам да нашых уладаў увесці каранцін. Ці вядома вам нешта пра рэакцыю чыноўнікаў на яго? Як ваш ліст каментавалі лекары ў Беларусі?

Праз вялікую колькасць працы і недахоп часу я цяпер падтрымліваю пераважна кантакты толькі з найбліжэйшымі сябрамі, яны чыталі і пагадзіліся з гэтай петыцыяй.

Пра рэакцыю дзяржавы на гэты ліст у мяне няма на гэты момант інфармацыі – хаця, думаю, яны дзесьці ў кулуарах гэтую петыцыю маглі абмяркоўваць.

Падаецца, дзяржава хоча праскочыць гэтую эпідэмію. Пакуль хвароба ў хворых не пачне абвастрацца, а людзі не пачнуць паміраць, пакуль грамадства не падыме гэтае пытанне, петыцыі і звароты, якія не будуць масавымі, дзяржава будзе спрабаваць ігнараваць.

Што можа грамадства зрабіць у нашай сітуацыі?

Мы ўжо можам пахваліць грамадства за тое, што яно робіць. Хоць не было ніякага загаду зверху, многія айцішнікі перайшлі на працу з дому. Ведаю, што на іншыя рэжымы працы перайшлі некаторыя кавярні і бары. Грамадства робіць тыя крокі, якія можа, людзі стараюцца самаізалявацца або менш выходзіць з дому.

Hавiны
«Рана ці позна каранцін абвесцяць». Патолагаанатам з Нью-Ёрку – аб тым, як будзе развівацца эпідэмія ў Беларусі
2020.03.29 19:53

Але, на маю думку, гэтага за мала. Дзяржава павінная весці барацьбу з каронавірусам больш актыўна. Яна павінная дапамагаць сваім грамадзянам, а не толькі гаварыць, што ўсё добра.

Пры разнастайнасці каранцінаў у свеце – кітайскім, італьянскім, шведскім – у каго нашай краіне вучыцца найлепш – пасля таго, як мы страцілі столькі часу? Што б вы параілі чыноўнікам з Мінздароўя, якія будуць чытаць гэты артыкул?

Кожны з нацыянальных варыянтаў каранціну бярэ вытокі з ментальнасці таго або іншага народу, а таксама сітуацыі ў дзяржаве. Жорсткасць кітайскага варыянту тлумачыцца, між іншага, тым, што гэтая краіна сутыкнулася з вірусам першая і не ведала на пачатку, з чым вядзе барацьбу. Без каранціну, які аб’явілі ўва Ўу-хані, было б немагчыма дасягнуць тых вынікаў, якія атрымалі кітайцы.

Вірус хутка распаўсюдзіўся па краінах, бо мы жывем у глабальным свеце. Але не будзем падманвацца: не ўсе беларусы могуць сабе дазволіць кудысьці выязджаць – напрыклад, у Кітай. Праз гэта пачатак эпідэміі быў у нас лагодны. Варта дадаць, што палову справы зрабілі нашыя суседзі, якія дастаткова хутка закрылі свае межы.

Hавiны
«У супермаркеце баялася выдыхнуць на бабулю». Жыццё ў Мілане падчас каранціну вачыма беларускай айцішніцы
2020.03.20 20:48

На маю думку, каранцін у Беларусі павінен выглядаць як у Польшчы або прыгадваць нешта сярэдняе паміж польскім і італьянскім варыянтам. Гэта залежыць ад таго, наколькі праўдзівая лічба захворванняў у Беларусі і наколькі сурова трэба абмяжоўваць перамяшчэнне людзей і правядзенне мерапрыемстваў. Усё будзе залежыць ад таго, наколькі людзі будуць выконваць ягоныя правілы.

Ці можна пахваліць беларускае Мінздароўя хоць за нешта?

Цяжкае пытанне. Паводле афіцыйных звестак, сістэма спраўляецца вельмі добра. Але гледзячы на ўвесь свет, дзе рост адбываецца па экспаненце – як пры любой эпідэміі, – мне ў беларускія лічбы вельмі сярэдне верыцца. Мы таксама не ведаем, ці хопіць тых шпіталяў і санаторыяў, якія выдзелілі пад месцы для ізаляцыі пацыентаў. Пра гэта трэба пытаць дактароў, якія працуюць у Беларусі.

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў