Падрабязнасці пра аварыю аўтобуса ў Польшчы: ці пакараюць кіроўцу – пакажа праверка


Раніцай 24 красавіка пад польскім горадам Седльцэ перавярнуўся беларускі аўтобус з 14 пасажырамі. У выніку аварыі сем чалавек пацярпелі і былі дастаўленыя ў шпіталь. «Белсат» сабраў усё, што вядома па гэтай справе на дадзены момант, і паспрабаваў даведацца некаторыя акалічнасці здарэння.

Беларускі аўтобус, які перавярнуўся на польскай трасе 24 красавіка.
Фота: tvn24.pl

Як паведаміла камісар Упраўлення муніцыпальнай паліцыі ў Седльцах Эвеліна Радамыска, зараз ідзе высвятленне прычын, з-за якіх адбылася аварыя. Паводле ейных словаў, гэтае пытанне зараз знаходзіцца на разглядзе ў паліцыі. Пакуль што канкрэтнай інфармацыі на гэты конт няма.

Пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю аб тым, ці кіроўца заснуў або папросту страціў кіраванне, прэс-афіцэр таксама не змагла. У той жа час у каментары выданню Tygodniksiedlecki.com яна адзначыла, што вадзіцелі аўтобуса былі цвярозымі.

Прадстаўніца Упраўлення муніцыпальнай паліцыі пацвердзіла звесткі аб тым, што ў шпіталі былі дастаўленыя сем чалавек, уключна з кіроўцам. Атрыманыя траўмы не ўяўляюць небяспекі для жыцця пацярпелых, адзначыла Радамыска. Яна ўдакладніла, што пацярпелыя, паводле ейных звестак, былі дастаўленыя ў шпіталі ў розных гарадах: у Мінску-Мазавецкім, Венгрове і ў Седльцах, бо ў шпіталю ў Седльцах, які знаходзіўся найбліжэй да месца аварыі, не было дастаткова вольных месцаў.

На пытанне аб тым, ці будзе прыцягнуты да адказнасці кіроўца аўтобуса, прадстаўніца Упраўлення муніцыпальнай паліцыі адказала, што адказ залежыць ад таго, як будзе кваліфікаваны гэты выпадак. Калі цялесныя пашкоджанні ў пацярпелых будуць цягнуцца больш за 7 дзён, то гэта будзе кваліфікавана як дарожна-траспартнае здарэнне (wypadek drogowy) і ў сувязі з гэтым будуць праводзіцца адпаведныя захады. Калі ж здарэнне будзе кваліфікаванае як наезд (kolizja), то справа будзе кваліфікаваная як парушэнне правілаў дарожнага руху. Аднак, удакладніла прэс-афіцэр, пакуль адказу на гэтае пытанне няма.

«Белсат» спрабаваў дазваніцца ў шпіталь у Седльцах, аднак нам адмовіліся каментаваць стан пацярпелых, аргументуючы гэта тым, што не могуць разгалошваць такой інфармацыі.

Вядома, што аўтобус рухаўся на гарадзенскіх нумарах. У якасці перавозніка выступаў Лідскі аўтобусны парк № 2. Паводле непацверджаных звестак, атрыманых з крыніцаў «Белсату», кіроўцу аўтобуса ўжо выпісалі са шпіталю. Пасажыры, якія не пацярпелі, выказалі жаданне ехаць далей.

Фота
У Польшчы вылецеў у кювет і ўпаў набок беларускі аўтобус з пасажырамі
2024.04.24 10:00

Нагадаем, што 24 красавіка а 6-й гадзіны раніцы па польскім часе аўтобус «Гданьск – Менск», рухаючыся па аўтастрадзе, з невядомых прычын з’ехаў з дарогі на павароце і зваліўся ў кювет. Здарэнне адбылося каля горада Седльцэ ў Мазавецкім ваяводстве Польшчы.

У аўтобусе ехалі 15 грамадзянаў Беларусі: 14 пасажыраў і кіроўца.

Аўтобус, перавярнуўся на бок і пры гэтым стукнуўся лабавым шклом у дрэва. У выніку здарэння сямёра чалавек, уключна з кіроўцам аўтобуса, былі шпіталізаваныя. Як паведамляецца, траўмы, якія атрымалі пасажыры, не цяжкія.

Факт аварыі пацвердзілі ў беларускім МЗС. У ведамстве заявілі, што «7 з 14 беларусаў, якія знаходзіліся ў аўтобусе, дастаўлены ў шпіталь з лёгкімі траўмамі, яшчэ 7 чалавек чакаюць іншага аўтобуса для працягу руху па маршруце».

Паводле сведчанняў журналіста Tvnwarszawa.pl, перад аўтобуса цалкам пашкоджаны, дрэва нават зламала руль, да месца кіроўцы заставалася ўсяго некалькі сантыметраў.

На месца прыбылі пажарныя службы, хуткая дапамога і паліцыя. На некаторы час на трасе быў перакрыты рух (станам на дадзены момант ён ужо ўзноўлены).

Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак, калі ў Польшчы адбываюцца сур’ёзныя ДТЗ з беларускімі міжгароднімі аўтобусамі. Так, на той жа трасе ў верасні 2022 года перакуліўся аўтобус, які ехаў з Менска да Варшавы, у выніку аварыі пацярпелі 33 чалавекі. У ліпені 2023 года каля Тэрэспаля адразу па пераходзе польска-беларускага памежнага пункту, сышоў з дарогі і перакуліўся аўтобус, у якім было 49 пасажыраў, 11 чалавек трапілі ў шпіталь.

Апошнім часам на беларуска-польскай мяжы ўтвараюцца велічэзныя чэргі з аўтамабіляў і аўтобусаў, стаяць у якіх прыходзіцца больш за содні. Так, 8 красавіка чэргі з легкавікоў складалі больш за 500 машынаў. Паводле звестак беларускага боку, уся справа ў павольнай працы польскага пункта пропуску, польскі бок прапускае за содні 39 % аўтобусаў ад нормы. Усё гэта, безумоўна, можа вельмі моцна ўплываць на фізічны стан кіроўцаў.

Аб’ектыў
У Польшчы перакуліўся беларускі аўтобус
2023.07.05 22:31

У той жа час польская памежная служба паведамляе, што прапускная здольнасць знізілася, бо частку працаўнікоў давялося накіраваць на стрымліванне плыні мігрантаў, што ідзе з Беларусі.

Рэпартаж
У чарзе больш за содні, месцы прадаюць за 150 еўраў. Як беларусы едуць у Польшчу
2024.04.10 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў