Пасля закрыцця Літвой двух КПП скарацілася плынь літоўцаў у Беларусь. Беларусы менш ездзіць не сталі


18 жніўня на літоўска-беларускай мяжы былі зачыненыя два памежныя пункты. У выніку гэтага колькасць літоўцаў, якія ездзяць у Беларусь, скарацілася на 37 %, а вось плынь беларусаў у Літву засталася амаль на тым жа ўзроўні. Пра першыя вынікі закрыцця двух памежных пунктаў на літоўска-беларускай мяжы піша выданне «Delfi».

Беларуска-літоўская мяжа.
Фота: Delfi.lt

На фоне таго, што літоўскія ўлады робяць заявы пра магчымае закрыццё яшчэ двух пунктаў на літоўска-беларускай мяжы, а таксама ў святле размоваў пра поўнае закрыццё мяжы, журналісты выдання паспрабавалі высветліць, каго будуць датычаць гэтыя абмежаванні, а хто трапіць у спіс выключэнняў.

Як паведамілі ў літоўскім МУС, «у выпадку поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю будзе магчымасць для вяртання грамадзянаў Літвы і краін ЕЗ у Літву, змогуць ездзіць дыпламаты, таксама будзе магчымы прыезд у гуманітарных мэтах тых, хто просіць прытулку з Беларусі ды іншых краінаў».

Адпаведна, робіць выснову выданне, наведваць Літву не змогуць турысты, а таксама тыя з беларусаў, хто працуе ў Літве.

Гаворачы пра тое, як на сённяшні дзень паўплывала закрыццё першых двух памежных пунктаў на колькасць людзей, якія перамяшчаюцца праз мяжу з аднаго і з другога боку, у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначылі, што плынь беларусаў, якія прыязджаюць у Літву, скарацілася нязначна. Гэтак, згодна з інфармацыяй гэтай службы, у чэрвені Літву наведвалі 126 733 беларусы, у ліпені адзначаўся пік наведванняў – 146 382 асобы, а ў жніўні іх колькасць скарацілася да 125 223. У сярэднім за дзень мяжу мінаюць 4000 чалавек.

А вось колькасць літоўцаў, што едуць у Беларусь, зменшылася прыкметна: паводле статыстычных паказнікаў, узятых за 8 дзён да закрыцця памежных пунктаў і пасля гэтага, у нашу краіну прыязджае на 37 % грамадзянаў Літвы менш. Гэта папярэдняя статыстыка, адзначыў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы. Магчыма, людзі зрабілі часовую паўзу, і пазней колькасць наведнікаў адновіцца.

Нагадаем, 28 жніўня міністры ўнутраных справаў Польшчы і краінаў Балтыі падчас супольнай сустрэчы ў Варшаве расказалі, што існуе дзве ўмовы, якія могуць стаць нагодаю для поўнага закрыцця межаў: гэта ўзброеная правакацыя са стралянінаю, а таксама нелегальны пераход мяжы вялікаю групаю мігрантаў. Міністры дамовіліся пра супольныя дзеянні ў выпадку ўзнікнення гэтых пагрозаў.

Hавiны
Вызначаць пагрозы з боку Беларусі ў Літве будзе спецыяльная група
2023.08.30 13:58

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў