Беларусы стварылі петыцыю супраць выдалення інфармацыі аб масачным рэжыме


Пакуль з грамадскага транспарту прыбіраюць налепкі аб выкананні масачнага рэжыму, Лукашэнка кажа, што ён «не супраць масак, але іх не ўмеюць правільна насіць».

Пасля абурэння Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі афіцыйна скасавалі масачны рэжым і іншыя абмежаванні ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Сярод іншага, з грамадскага транспарту пачалі прыбіраць абвесткі пра маскі – застаюцца толькі сляды налепак.

След ад садранай налепкі пра масачны рэжым у менскім аўтобусе. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: чытач «Белсату»

На сайце Petitions.by 25 кастрычніка быў апублікаваны зварот «Супраць выдалення інфармацыі аб выкананні масачнага рэжыму».

Аўтары петыцыі просяць дзяржаўныя органы патлумачыць загады аб здзіранні налепак пра масачны рэжым, таксама просяць пракуратуру правесці праверку «злачыннай нядбайнасці», а Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі – забяспечыць належнае інфармаванне пра масачны рэжым.

Hавiны
Насіце маскі, не балаклавы. 10 пытанняў пра маскі ў пандэмію
2021.10.26 08:30

За дзень петыцыю падпісалі звыш 1300 чалавек. Сайт Petitions.by блакавалі ў Беларусі, аднак ён працягвае высылаць чыноўнікам звароты, на якія яны абавязаныя даць адказ – і адказы даюць (але нярэдка – адпіскі не па сутнасці звароту).

Лукашэнка пачаў апраўдвацца

Лукашэнка 26 кастрычніка наведаў Лідскі цэнтральны раённы шпіталь. Там ён заявіў, што нібыта «ніколі не быў супраць нашэння масак», але выказаў «жалезнае патрабаванне: нікога не прымушаць», перадае БелТА.

Hавiны
Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні
2021.10.22 18:08

Пры тым ён казаў, што «культура выкарыстання ахоўных сродкаў ёсць толькі ў медыкаў, а грамадзяне, як правіла, не выконваюць усіх захадаў засцярогі і рэкамендацыяў пры нашэнні масак, таму іх выкарыстанне такім чынам неэфектыўнае».

Гэта казаў той самы Аляксандр Лукашэнка, які неаднаразова з’яўляўся без маскі ў тым ліку ў шпіталях, а часам нават, маючы маску, спускаў яе на падбароддзе.

Аляксандр Лукашэнка наведвае Маладзечанскі цэнтральны раённы шпіталь, няправільна носіць маску. 12 сакавіка 2021 года.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка таксама заявіў, што выступае за тое, каб вакцынаваць людзей. Але дадаў:

«Не трэба чалавеку на грудзі каленам і калоць вакцыну. Я супраць гвалту».

Ён таксама заявіў, што не бачыць сэнсу купляць заходнія вакцыны, бо «расейская і кітайская зарэкамендавалі сябе значна лепш за заходнія аналагі».

Гэта няпраўда: кітайскія вакцыны, якія прапаноўваюць у Беларусі, менш эфектыўныя за вакцыны «Pfizer» і «Moderna», а эфектыўнасць расейскага «Спутніка» ў даследаваннях параўнальная з «Pfizer» і «Moderna», ды Сусветная арганізацыя здароўя пакуль не рэгіструе яго, бо ўсё яшчэ мае пытанні да даследаванняў і вытворчасці.

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

АА belsat.eu

Стужка навінаў