Telegram-канал «Беларусь за МКАДам» напісаў пра тры выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах


На аэрадроме Мачулішчы пад Менскам сёння прагрымелі тры выбухі, піша «Беларусь за МКАДам» са спасылкаю на відавочцаў. Паведамляецца пра актыўнасць у гэтым раёне міліцыянтаў і вайскоўцаў. Telegram-канал «МотолькоПомоги» пацвярджае інфармацыю пра два выбухі. Ініцыятыва «ByPol» паведамляе пра пашкоджанне расейскага вайскова-транспартнага самалёта.

Аэрадром Мачулішчы.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Паводле неафіцыйных звестак, першы выбух, які быў моцны, адбыўся ўначы і яшчэ два меншай магутнасці – раніцай.

«У бок аэрадрому паехалі Следчы камітэт, стаяць вайскоўцы, аўтаматчыкі і хуткая», – кажуць відавочцы.

Пры гэтым Telegram-канал «МотолькоПомоги» піша, што атрымаў інфармацыю пра два выбухі.

Паведамляецца таксама, што ў некаторых месцах вакол аэрадрому інспектары ДАІ спыняюць аўтамабілі і правяраюць дакументы ў кіроўцаў і багажнікі, быў заўважаны рух МАЗаў унутраных войскаў да аэрадрому.

«Палова Мачулішчаў ачэпленыя. Усюды куча вайскоўцаў. Мы бачылі 5 машын вайскоўцаў з аўтаматамі. Усе машыны і маршруткі спыняюць, правяраюць торбы і багажнікі», – пішуць мясцовыя жыхары.

Ініцыятыва «ByPol», спасылаючыся на ўдзельнікаў плана «Перамога», паведамляе пра два выбухі, у выніку якіх быў пашкоджаны расейскі вайскова-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка.

На аэрадроме ў Мачулішчах знаходзіцца расейская авіяцыя, пасля кожнага ўзлёту адтуль знішчальнікаў ва Украіне абвяшчаюць паветраную трывогу.

Hавiны
«Беларускі Гаюн»: У Мачулішчах гарэў расейскі знішчальнік МіГ-31К
2022.12.25 19:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў