Украінская выведка: Ракетнымі ўдарамі Расея хоча ўцягнуць Беларусь у вайну


Сёння ранкам войскі РФ ізноў здзейснілі некалькі дзясяткаў ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах. Пасля невялікага перапынку расейцы зноў скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўчынення агрэсіі. Украінская выведка на сваёй старонцы ў Facebook паведамляе, што такім чынам Расея намагаецца ўцягнуць Беларусь у ваенныя дзеянні.

Корпус расейскай ракеты, усталяваны як помнік каля будынку Харкаўскай адміністрацыі. 2022 год.
Фота: Белсат

Галоўнае ўпраўленне ўкраінскай выведкі заявіла, што ў ноч на 25 чэрвеня па тэрыторыі Украіны быў нанесены масаваны ракетна-бомбавы ўдар. Расейскія бамбавікі працавалі ў тым ліку і наўпрост з тэрыторыі Беларусі.

Украінскі бок паведамляе, што для атакі задзейнічалі 6 самалётаў Ту-22, што запусцілі 12 крылатых ракетаў Х-22. Пункт пуску – зона гораду Петрыкаў, што месціцца каля Мазыра, прыкладна за 50-60 км ад дзяржаўнай мяжы Украіны.

Выведка Украіны заяўляе, што бамбавікі ўзляталі з аэрапорту «Шайкоўка» Калужскай вобласці Расеі, праляталі праз Смаленскую вобласць, каб зайсці ў паветраную прастору Беларусі. Так пускалі ракеты і вярталіся ў «Шайкоўку».

Расейцы наносілі ўдары па Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай вобласцях. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны адзначыла, што гэта першы выпадак нанясення авіяцыйных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

«Сённяшні абстрэл наўпрост звязаны з высілкамі крамлёўскіх уладаў уцягнуць Беларусь у вайну ва Украіне ў якасці беспасярэдняга ўдзельніка», – перакананыя ў выведцы.

Hавiны
З тэрыторыі Беларусі абстралялі Чарнігаўскую і Жытомірскую вобласці
2022.06.25 10:48

Нагадаем, што ў выніку абстрэлу адзін вайсковец загінуў, яшчэ адзін быў паранены. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Жытоміру Віталь Бунэчка. Паводле падлікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з Беларусі па Украіне з лютага да траўня запусцілі больш за 630 ракетаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў