Паўгода з расейскага ўварвання ва Украіну. Як за гэты час змяніліся бакі канфлікту і навакольны свет


Вайна – не толькі ахвяры на полі бою. Гэта мільёны зламаных лёсаў, загінулыя і параненыя мірныя жыхары, уцекачы, эканамічны заняпад і разбурэнні. Вайна – з’ява, якая б’е па абодвух баках канфлікту, а таксама нішчыць свет вакол іх. Разбіраемся, да якіх наступстваў прывяла расейская агрэсія – ва Украіне, у самой Расеі, як адгукнуўся Беларусі саўдзел у вайне, і колькі каштавала Захаду падтрыманне Кіева.

Рыхтаванне да 24 жніўня, Дня Незалежнасці Украіны. Кіеў, Украіна. 20 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Украіна

Відавочна, што паўгода вайны наймацней паўплывалі на Украіну.

Да 24 лютага 2022 года ў краіне жылі (звесткі на 1 студзеня 2022 года) 41 167 336 чалавек (без уліку анексаванага Крыму). Распачатая Расеяй поўнамаштабная вайна ва Украіне выклікала вялізныя міграцыйныя хвалі сярод мірнага насельніцтва. Паводле звестак на 16 жніўня 2022 года, больш як 11,2 мільёна ўкраінскіх бежанцаў былі вымушаныя пакінуць дзяржаву, яшчэ каля 8 мільёнаў чалавек аказаліся часова перамешчанымі ўнутры краіны (звесткі на 3 траўня 2022 года).

Адзначаецца, што праз абмежаванні на выезд за мяжу для мужчынскага насельніцтва прызыўнога веку больш за 90 % уцекачоў складаюць украінскія жанчыны і дзеці. Пры гэтым, паводле ЮНІСЭФ, ужо ў красавіку 2 мільёны дзяцей апынуліся за мяжою, яшчэ недзе 2,5 мільёна былі перамешчаныя ўнутры краіны, што ўжо на той час склала 60 % усіх дзяцей Украіны.

Разам з тым, паводле Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, за час вайны ва Украіне (стан на 4 ліпеня 2022 года) пацярпелі 11 152 мірныя жыхары: 4889 былі забітыя, яшчэ 6263 атрымалі раненні. Адзначаецца, што сярод забітых 1862 мужчыны, 1264 жанчыны, 137 дзяўчатак і 157 хлопчыкаў, а таксама 41 дзіця і 1428 дарослых, чый пол пакуль не вядомы.

Пры гэтым заяўляецца, што фактычныя лічбы пацярпелых і загінулых могуць быць значна большыя, бо атрымаць дакладныя звесткі з раёнаў, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, складана.

Распачатая Расеяй вайна прывяла і да рэзкага эканамічнага спаду ва Украіне. Паводле віцэ прэм’ер-міністра эканомікі краіны Юліі Свірыдэнкі, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Украіны да канца года можа знізіцца на 35–40 %.

Натуральна, што ваенныя дзеянні прывялі да маштабных разбурэнняў інфраструктуры, прамысловасці і ўвогуле ўкраінскіх гарадоў. На пачатак жніўня агульныя страты, якія Расея нанесла ваеннымі дзеяннямі ва Украіне, складаюць каля 108 мільярдаў долараў. Пры гэтым асобныя гарады былі практычна знішчаныя. Як прыклад – горад Валнаваха, аднаўленне якога акупацыйныя ўлады не лічаць мэтазгодным.

Эвакуацыйны аўтобус з украінскімі ўцекачамі са Львова. Жэшаў, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Між тым, напад Расеі паскорыў асобныя інтэграцыйныя працэсы, у бок якіх схіляўся афіцыйны Кіеў цягам апошніх гадоў.

Так, больш верагодным стала ўступленне краіны ў Еўразвяз. Яшчэ 28 лютага 2022 года Украіна падала заяўку на чалецтва ў Еўразвязе, і ўжо 23 чэрвеня краіне надалі статус кандыдата на ўступленне ў ЕЗ.

У гэты ж час атрымалі развіццё дачыненні Кіева з NATO. Улічваючы актыўны ваенны канфлікт, краіна найбліжэйшым часам не можа прэтэндаваць на ўступленне ў альянс, але пры гэтым назіраецца збліжэнне яе ў вайсковым плане з асобнымі краінамі – чальцамі арганізацыі. Таксама паскорыўся пераход Украіны на ўзбраенне заходняга стандарту.

Расея

Для Расеі поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў першую чаргу вылілася ў накладанне на краіну шматлікіх санкцыяў. Ужо 7 сакавіка 2022 года Расея стала першай краінай у свеце ў гэтым паказніку.

Агулам на РФ былі накладзеныя сем пакетаў заходніх санкцыяў, якія ўключаюць вялізныя абмежаванні – фінансавай сістэмы, дзейнасці расейскіх кампаніяў і асобных галінаў эканомікі, дыпламатычную ізаляцыю, а таксама персанальныя санкцыі ўвялі супраць кіраўніцтва Расеі і найбуйнейшых прадпрымальнікаў.

Агулам заходнія санкцыі заблакавалі каля паловы золатавалютных рэзерваў РФ – каля 300 мільярдаў долараў.

Пасля 24 лютага 2022 года пачаўся паступовы сыход з расейскага рынку шматлікіх заходніх кампаніяў. Гэты працэс ахапіў прамысловы сектар, энергетыку, сувязь, фінансы, страхаванне, будаўніцтва, архітэктуру, аўтабудаванне, авіяцыю, транспарт, перавозкі, дастаўку, інтэрнэт, сферу ІТ, паслугі і іншыя.

Пры гэтым назіраецца адмаўленне ад расейскіх энергарэсурсаў і сыравіны. Асобныя заходнія краіны забаранілі імпарт нафты, газу і вугалю з РФ, іншыя – стварылі планы паступовай адмовы ад іх.

Сусветны банк прагназуе падзенне расейскага ВУП у 2022 годзе на 11,2 %, а Міжнародны валютны фонд мяркуе, што ўжо ў 2024 годзе РФ апусціцца з шостага на сёмае месца ў свеце ў памеры ВУП.

Між тым санкцыі могуць істотна павялічыць маштабы беспрацоўя ў Расеі. Прагназуецца, што да канца года праз шматлікія абмежаванні застацца без працы могуць да 600 тысяч чалавек.

Баец ЗСУ фатаграфуе разбураны жылы дом, пасля таго як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. Барадзянка, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Эдуард Крыжаноўскі / Вот Так

На гэты момант Чэхія, Латвія, Літва, Эстонія, Нарвегія, Японія, Грэцыя, Балгарыя і Данія перасталі выдаваць візы расейскім грамадзянам (асобныя краіны пакінулі выняткі, праз канкрэтныя прычыны). Увялі істотныя абмежаванні на атрыманне візаў Бельгія, Кіпр, Славенія, Новая Зеландыя і Італія. Асобныя краіны – Украіна і Паўночная Македонія – увялі візавы рэжым з Расеяй.

Акрамя гэтага Чэхія, Латвія, Эстонія і Данія спынілі выдачу расейцам відаў на жыхарства, а Партугалія, Грэцыя і Ірландыя забаранілі іх выдаваць праз інвестыцыі. Адначасова гучаць прапановы цалкам забараніць расейцам уезд у краіны Захаду.

Разам з тым 27 краінаў Еўразвязу, а таксама Албанія, Азербайджан, Боснія і Герцагавіна, Вялікая Брытанія, Ісландыя, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Швейцарыя, Косава, Чарнагорыя, ЗША і Канада закрылі для Расеі сваю паветраную прастору.

Таксама былі ўведзеныя абмежаванні ў сферы культуры і спорту: у прыватнасці, прадстаўнікі расейскай культуры не дапускаюцца да ўдзелу ў міжнародных конкурсах, а расейскія спартоўцы і спартовыя саюзы былі выключаныя з міжнародных спаборніцтваў.

Фактычна, з моманту ўварвання ва Украіну Расея зрабілася краінай-ізгоем.

Пры гэтым у РФ пачаліся ганенні на незалежныя медыі і людзей, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне. Адмыслова дзеля гэтага быў прыняты «Закон аб фэйках», які прадугледжвае крымінальную адказнасць за «распаўсюд непраўдзівай інфармацыі пра выкарыстанне УС РФ, а таксама за публічныя дзеянні, скіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання УС РФ».

Беларусь

Пасіўны ўдзел нашай краіны ў агрэсіі супраць Украіны – прадстаўленне сваёй тэрыторыі для расейскіх войскаў, – адгукнуўся Беларусі заходнімі санкцыямі. Яны фактычна нагадваюць санкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні Расеі, а часцяком і прымаліся разам з імі, але маюць крыху іншы маштаб.

Украінскі вайсковец ідзе па абстраляным прыватным участку ў адной з вёсак Мікалаеўскай вобласці, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У фінансавым сектары яны закранулі асобныя беларускія банкі і ўвялі забарону на прадстаўленне Беларусі банкнотаў еўра; візавыя абмежаванні таксама распаўсюдзіліся на беларускіх грамадзянаў, але пры гэтым яны аказаліся не такія шырокія, як для расейцаў; транспартныя абмежаванні закранулі перавозку грузаў аўтамабільным транспартам праз тэрыторыю ЕЗ, у тым ліку і транзітам; сыход заходніх кампаніяў моцна ўдарыў па сферы інфармацыйных тэхналогіяў, але аказаўся не такі маштабны, як у Расеі. Таксама заходнія санкцыі ўдарылі па асобных галінах прамысловасці, кампаніях, фізічных асобах і высокапастаўленых вайскоўцах. Для звычайных грамадзянаў гэта абярнулася ростам цэнаў і, адпаведна, інфляцыяй, якая павялічылася да 18,1%.

Расейскае ўварванне ва Украіну паставіла рэжым Беларусі ў яшчэ большую залежнасць ад Масквы, што спрыяе шчыльнейшай інтэграцыі краіны ў расейскую эканоміку і паступоваму паглынанню яе Расеяй. Пры гэтым асобныя палітыкі мяркуюць, што Беларусь ужо акупаваная Расеяй, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі – марыянеткавы.

Краіны Захаду

У першую чаргу вайна, акрамя саміх Украіны і Расеі, закранула краіны, якія ўвялі санкцыі супраць Масквы. І галоўнай балючай кропкай для краінаў Захаду тут сталі энерганосьбіты з РФ. Яшчэ летась Расея экспартавала ў Еўропу каля 155 мільярдаў кубаметраў газу, што складае каля 40 % ад неабходнага аб’ёму. Адмова асобных краінаў ад расейскага газу, планы іншых краінаў паступова скараціць яго імпарт, а таксама гульні Расеі з аб’ёмамі паставак у Еўропу рэзка адгукнуліся на росце цэнаў на энергарэсурс.

Калі ў лютым сярэдняя цана за тысячу кубаметраў на газавым хабе TTF (Title Transfer Facility – віртуальны гандлёвы пункт для прыроднага газу ў Нідэрландах) вагалася ў раёне 935 долараў, то з пачаткам вайны яна вырасла ў разы, дасягнуўшы піку 7 сакавіка 2022 года – 3898 долараў за 1 тысячу кубаметраў. Надалей цана знізілася, але і цяпер яна захоўваецца на даволі высокім узроўні – больш за 2000 долараў за тысячу кубаметраў.

Цана на газ знізілася шмат у чым дзякуючы дамове паміж ЕЗ і ЗША, паводле якой амерыканцы павялічаць экспарт звадкаванага прыроднага газу. Плануецца, што да канца года ЕЗ скароціць імпарт газу з РФ на дзве траціны ад звыклага аб’ёму. Аналагічна Еўразвяз збіраецца скараціць залежнасць ад расейскай нафты.

Стыхійная акцыя пратэсту пад амбасадай Расеі ў польскай сталіцы. Сотні чалавек выказваюць падтрыманне Украіне. Варшава, Польшча. 24 лютага 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Разам з тым на фоне энергетычнага крызісу аб’яднаная Еўропа вырашыла да 2050 года перайсці на зялёную энергетыку. Аднак да зялёнай энергетыкі цяпер аднеслі газ і энергію, якая вырабляецца на АЭС. Апошнія на фоне паліўнага крызісу зноў зрабіліся перспектыўнымі для ЕЗ: урад Францыі перадумаў скарачаць колькасць дзейных энергаблокаў, а Нямеччына вырашыла аднавіць дзейнасць АЭС, адмовы ад якіх цягам апошніх дзесяці гадоў дабіваліся ўсё тыя ж «зялёныя».

Але і гэтыя захады не ўратавалі эканоміку Еўропы ад падзення. У ліпені інфляцыя ў 19 краінах еўразоны дасягнула рэкорднага значэння – 8,9 %, што стала самым высокім паказнікам з пачатку вядзення адпаведнай статыстыкі ў 1997 годзе. Значэнні адрозніваюцца ў залежнасці ад канкрэтнай краіны, але эксперты мяркуюць, што і далей сітуацыя ў Еўропе будзе развівацца не ў лепшы бок. Адзначаецца, што на фоне вайны ва Украіне і залежнасці ад расейскіх энерганосьбітаў у Еўразвязе расце рызыка рэцэсіі.

Разам з тым расейская агрэсія паскорыла інтэграцыйныя працэсы сярод краінаў Захаду. Швецыя і Фінляндыя, якія працяглы час захоўвалі нейтралітэт у вайсковым плане, вырашылі далучыцца да NATO. 5 ліпеня міністры замежных справаў абедзвюх краінаў, а таксама і 30 краінаў – удзельніцаў альянсу падпісалі пратаколы пра ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў NATO.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў