Працяг аблаваў і новыя палітвязні. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 24 сакавіка


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 24 сакавіка.

У Гомлі быў брутальна затрыманы былы іераманах Аляксандр Тарасенка – у падкантрольных спецслужбам тэлеграм-каналах з’явілася ягонае «пакаяннае відэа». «Хрысціянская візія» паведамляе, што Тарасенка арыштавалі на 14 содняў.

Затрыманага 23 сакавіка ў Бабруйску журналіста выдання «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава асудзілі на 15 содняў адміністратыўнага арышту.

Сілавікі апублікавалі «пакаянныя» відэа з затрыманым рэдактарам газеты «Інфа-Курʼер» Сяргеем Станкевічам і ягоным намеснікам Алегам Рубчэнем. Іх абвінавачваюць у «аднабокай падачы інфармацыі», а таксама ў перадузятым асвятленні падзеяў 2020 года.

Праваабаронцы даведаліся пра аблавы ў Берасці 17 сакавіка: тады былі затрыманыя мінімум 6 чалавек. Да людзей, якія раней былі недзе заўважанымі, сілавікі прыходзілі дамоў, правяралі тэлефоны і перапіскі. Пасля гэтага арыштоўвалі. У панядзелак 20 сакавіка адбываліся суды па ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Hавiны
Памочніка Мясніковіча Дзмітрыя Шадко адпусцілі з СІЗА КДБ
2023.03.24 20:45

Распачаўся судовы працэс па справе дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых. Палітвязня абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт.130 (Распальванне варожасці), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). Суд зрабілі закрытым.

Аб’ектыў
Маштабы новай хвалі масавых затрыманняў павялічваюцца
2023.03.21 21:48

Суд Ленінскага раёна Менска агучыў прысуд палітзняволенаму Глебу Юр’еву па «народным» артыкуле (ч.1 арт. 342): яму прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну затрымалі за за адміністраванне чата «Типичная Серебрянка».

Жыхарку Жлобіна Марыну Ляхновіч асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе (ч. 1 арт. 342).

Адвакатку Інэсу Аленскую, якую затрымалі 20 сакавіка, пазбавілі ліцэнзіі і судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вынікі суду пакуль невядомыя. Акрамя таго, былі пазбаўлены ліцэнзіі адвакаты Дзяніс Шарстнёў,  Сяргей Вапручкоў і Таццяна Кавалевіч.

Праваабаронцам стала вядома, што 16 сакавіка з СІЗА № 1 шпіталізавалі палітзняволеную Аксану Зарэцкую. Прычыны і стан здароўя зняволенай пакуль не вядомыя. Таксама няма інфармацыі, дзе цяпер жанчына.

У Віцебску масава звальняюць людзей, якія ў 2020-м падпісваліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі. Абсалютна розныя і пасады, якія займалі ўжо звольненыя – ад прыбіральшчыцы да начальніка цэха. Ад людзей не хаваюць, што «паступіў загад разабрацца».

Палітзняволенай Яне Пінчук выставілі абвінавачанні, не прадугледжаныя пастановай аб экстрадыцыі. У канчатковай рэдакцыі абвінаваўчага заключэння дзяўчыне ставяцца ў віну ч. 1 арт. 290-4 і ч. 3 арт. 293 КК РБ, якія не згадваліся ў матэрыялах крымінальнай справы да выдачы і не разглядаліся падчас экстрадыцыйнай праверкі ў РФ. Такім чынам, Беларусь парушыла свае ўласныя пісьмовыя гарантыі і Канвенцыю аб прававой дапамозе, канстатуюць у ПЦ «Вясна».

Кніга гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца «Адысея капітана БНР» была ўключаная ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Акрамя гэтага, пад забарону трапілі тэлеграм-канал Дзмітрыя Навошы, TikTok маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», супольнасць «УКантакце» маладзечанскага выдання «Рэгіянальная газета», а таксама шэраг акаўнтаў, чатаў і тэлеграм-каналаў.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі 34 прозвішчы — цяпер у ім 2596 чалавек.

Прысуды лідарам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім), а таксама завочны прысуд Аляксандра Апейкіну і Аляксандры Герасімені пакінулі без зменаў.

Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 12 асобаў. Цяпер у Беларусі 1466 палітычных зняволеных.

Каментар
Аляксандр Апейкін пра завочную апеляцыю: Гэта прававы абсурд
2023.03.24 19:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў