BEROC: Беларуская эканоміка пачала расці, але ўсё яшчэ не дацягвае да ўзроўню 2019 года


У красавіку 2023 года беларуская эканоміка вырасла прыкладна на 4% у параўнанні з красавіком 2022 года. У сакавіку 2023 года ВУП вырас на 0,8 – 0,9%. Эканоміка адаптуецца да санкцыяў, але ўсцяж не дацягвае да сярэднемесячнага ўзроўню 2019 года, сцвярджаюць эксперты даследчага цэнтру BEROC у сваім экспрэс-аналізе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У красавіку 2023 года ў рост ВУП найбольшы ўнёсак належаў гандлю. Аптовы сегмент атрымаў падтрымку за кошт нарошчвання экспарту калію, транспартных сродкаў і, магчыма, дзеяння схемаў рээкспарту тавараў у Расею праз Беларусь.

Рознічны гандаль заўважны вырас, дзякуючы ўзмацненню спажывецкага попыту на фоне працяглай рэалізацыі мяккай манетарнай палітыкі.

Адначасова ў красавіку запаволілася дынаміка прамысловай вытворчасці. Таксама слабасць ІТ-сектару і скарачэнне генерацыі энергіі стрымлівалі рост ВУП. Аднак тым не менш, на думку экспертаў, у траўні прырост ВУП павялічыцца, а тэмп прыросту выйдзе ў станоўчую вобласць, хоць рызыкі для ўстойлівасці застаюцца высокімі, найперш праз пагрозу лагістычных збояў і залішняе стымуляванне ўнутранага попыту манетарнымі інструментамі.

Каментар
Запавольванне інфляцыі не азначае, што тавары стануць дзешавець, рост коштаў працягваецца
2023.05.19 23:09

Паводле BEROC, маштаб спаду ў ІТ працягне зніжацца ў бліжэйшыя месяцы і можа заставацца значным аж да ІІІ кварталу 2023 года, пасля чаго, верагодна, будзе стабілізацыя выпуску на паніжаным узроўні адносна піку І кварталу 2022 года ці нават невялікае аднаўленне.

Выпрацоўка энергіі ў красавіку магла знізіцца праз цёплае надвор’е, лічаць эксперты, бо сярэдняя тэмпература паветра была на 1℃ вышэйшая за кліматычную норму, у той час як летась яна была ніжэйшай.

Негатыўны ўплыў на рост ВУП унесла транспартная галіна праз скарачэнне транзітных перавозак. Аднак разам з тым тэмпы спаду тут скарачаюцца, у тым ліку дзякуючы наладжванню ланцужкоў збыту беларускіх тавараў.

Агляд
ПВТ пахваліўся дзіўнымі кампаніямі, у тым ліку з каранямі ў «KGB». Як там з рэзідэнтамі?
2023.05.23 07:00

На думку даследчыкаў BEROC, дзіўна выглядаюць паказчыкі ў сельскай гаспадарцы – дададзеная вартасць з пачатку 2023 года вырасла на 0,9% г/г, а вытворчасць – на 3,7% г/г, а асобна ў красавіку вытворчасць вырасла на 6% г/г, у той час як дададзеная вартасць упала на 3,5% г/г. Такія разыходжанні ў паказчыках могуць указваць ці на павелічэнне глыбіні перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны (гэта будзе весці да росту выпуску ў сельскай гаспадарцы, аднак дададзеная вартасць пяройдзе ў харчовую прамысловасць), ці на рэтраспектыўны перагляд Белстатам дадзеных па дададзенай вартасці, рэзюмуюць эксперты.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў