Непланаваныя ваенныя гульні Лукашэнкі з Пуціным. Ці пачалася расейская акупацыя Беларусі?


Расейскія войскі пачынаюць прыбываць у Беларусь, паводле крыніцаў «Conflict Intelligence Team», хаця да пачатку расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць» яшчэ тры тыдні. Гэта дае падставы думаць, што вучэнні – толькі прыкрыццё для ўводу ў нашую краіну войскаў Расеі. Ці не планаваныя раней вайсковыя манеўры азначаюць акупацыю Беларусі?

Лукашэнка анансаваў пазапланавыя расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022». Быццам у адказ на сцягванне сілаў украінскай Нацыянальнай гвардыі каля беларускай мяжы ды перабыванне 30-тысячнага вайсковага кантынгенту NATO ў краінах Балтыі ды Польшчы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Украіна працягвае нарошчваць сілы, засяроджвае падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі з нацыяналістаў-радыкалаў, гэта яшчэ горш за натаўскіх вайскоўцаў».

Баланс сілаў паміж балтыйскімі краінамі і Беларуссю з Расеяй – не на карысць балтыйскіх краінаў, заўважае старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны літоўскага Сейму Лаўрынас Касчунас:

«Мы разумеем, што адбываецца: гэтыя вучэнні могуць быць платформай яшчэ большага ўваходу ў Беларусь, каб пакінуць сваю тэхніку, а можа, нават і жаўнераў, каб ствараць новыя базы ды ўлучыць Беларусь у прастору Расейскай Федэрацыі. Паглынуць і зрабіць з Беларусі фарпост».

Аб’ектыў
Расейскія вайскоўцы дабраліся да Рэчыцы
2022.01.19 21:59

Калі дасюль Беларусь была буфернаю зонаю, то цяпер ідзе гандаль, і Лукашэнка прадае гэтым разам не беларускую эканоміку, а беларускую тэрыторыю.

«Лукашэнка – пешка на геапалітычнай дошцы. Не самая моцная фігура, бо гэта пытанне ўжо тэрыторыі Беларусі. Сам Лукашэнка ўжо ідзе на другі план. Ён дзесяцігоддзямі прадаваў суверэннасць дзяржавы. Прадаваў дорага, умеў гандлявацца, мы гэта ведаем, у яго няма іншага выйсця, як гандляваць. Ён гэта робіць. Расейская Федэрацыя ад гэтага выйграе», – мяркуе Лаўрынас Касчунас.

Пры новых геапалітычных выкліках балтыйскія краіны апынуцца ў расейскай аблозе з усіх бакоў, акрамя сувальскага калідору, які спалучае іх з Польшчаю. Пакуль на словах, каб дагадзіць Крамлю, Лукашэнка гатовы адкрыць некалькі франтоў: паўднёвы – з Украінаю, паўночны – з краінамі Балтыі, заходні – з Польшчаю.

Марэк Будзіш, адмыслоўца ў справах постсавецкай прасторы, Варшава:

«Што датычаць палігонаў падчас вучэнняў, то гэта элемент ціску Расеі на Украіну. Пра гэта сведчыць і рыторыка Лукашэнкі, які казаў пра групы дыверсантаў і радыкалаў украінскіх, якія хацелі б прыйсці на тэрыторыю Беларусі. Але адначасова трэба звярнуць увагу, што частка гэтых манеўраў будзе адбывацца ў раёне Горадні, што кажа пра сігнал усходняму флангу NATO».

Лукашэнка кажа, што яго непакояць польскія вайсковыя сілы на мяжы з Беларуссю. Але акурат яны месцяцца на польска-беларускім памежжы праз міграцыйны крызіс, зарганізавана дыктатарам. Акрамя традыцыйнага вайсковага кантынгенту і сілаў паліцыі, польскую мяжу цяпер ахоўваюць Войскі тэрытарыяльнай абароны.

Лукаш Вільчэўскі, капітан 1-й падляскай брыгады Войскаў тэрытарыяльнай абароны:

«Войскі тэрытарыяльнай абароны – гэта пяты від войскаў. Гэта наймаладзейшы від узброеных сілаў: мы функцыянуем з 2017 года. Першая брыгада Падляскай тэрытарыяльнай абароны – адна з 15 брыгадаў. Актуальна тэрытарыяльная абарона налічвае 30 тысяч жаўнераў».

Аперацыя Лукашэнкі ў перакідванні мігрантаў на Захад правалілася. У лютым ён рыхтуецца правесці новую авантуру – канстытуцыйны рэферэндум. Ці не збіраецца дыктатар прыкрыцца расейскімі войскамі падчас правядзення рэферэндуму?

Марэк Будзіш, адмыслоўца ў справах постсавецкай прасторы, Варшава:

«Але ў гэтым усім трэба памятаць, што мы маем справу з унутранаю матывацыяй беларускага рэжыму. Трэба памятаць, што ў лютым анансаванае правядзенне канстытуцыйнага рэферэндуму, які, з аднаго боку, ёсць элементам змены сістэмы, а таксама прапісанне ў Канстытуцыі зменаў у геастратэгічнай арыентацыі Беларусі. Напрыклад, знікае запіс пра нейтральны статус і шматвектарнасць беларускай палітыкі».

Аналітыка
Супольныя расейска-беларускія вучэнні завершацца, але войскі РФ гэтым разам застануцца
2021.09.10 10:19

Адна з галоўных прыкметаў таго, што Расея ўваходзіць са сваім войскам у Беларусь сур’ёзна і надоўга, – прызначэнне новага амбасадара ў Беларусь, Барыса Грызлова, прадстаўніка вайсковага сектару. Фігура не менш адыёзная за перадапошняга амбасадара Расеі, Міхаіла Бабіча.

Марэк Будзіш, адмыслоўца ў справах постсавецкай прасторы, Варшава:

«Расейскія амбасадары ў Беларусі змяняюцца даволі часта. Нядаўна быў амбасадар Лук’янаў, які раней працаваў у Рызе. Яго замянілі на Грызлова, які ў свой час быў важнаю постаццю, што кантралявала вайскова-прамысловы сектар у расейскім урадзе. Пра Лук’янава казалі, што ён, як і ў Рызе, даследаваў фінансавыя плыні алігархічнай эліты, а Грызлоў у сваю чаргу мае заданне зрэалізаваць вайсковую інтэграцыю Расеі ды Беларусі».

Пытанне нумар адзін: калі Расея пачне бліжэйшым часам поўнамаштабную вайсковую аперацыю супраць Украіны, ці не ўцягне Лукашэнка ў вайсковы канфлікт і Беларусь?

Міхаіл Самусь, дырэктар «New Geopolitics Reserch Network», Кіеў:

«Ва Украіне расцэньваюць тэрыторыю Беларусі ўжо як арганічную тэрыторыю, якую Расея выкарыстоўвае як вайсковую інфраструктуру. Бо геаграфічныя ўмовы не вельмі камфортныя для сухаземных войскаў. Між тым для авіяцыі, ракетных войскаў, сілаў спецыяльных аперацыяў, выведкі, сістэмаў радыёэлектроннай барацьбы тэрыторыя Беларусі ідэальная, каб наносіць удары па ўсёй глыбіні, украінскай тэрыторыі».

У адкрытых крыніцах гавораць, што да 10 лютага будуць рыхтавацца да размяшчэння вайсковага кантынгенту. А з 10 да 20 лютага пачнецца актыўная фаза вучэнняў «Саюзнай рашучасці». За гэты час можна размясціць розныя вайсковыя кампаненты, але ў любым выпадку, падкрэслівае адмыслоўца, ва Украіне вучэнні разглядаюць як простую пагрозу з тэрыторыі Беларусі.

Міхаіл Самусь, дырэктар «New Geopolitics Reserch Network», Кіеў:

«Расея паказвае, што яны дастаўляюць і да межаў Украіны гэтыя кампаненты, і на тэрыторыі Беларусі, я думаю, будзе авіяцыя перасоўвацца. Трэба будзе ўважліва глядзець, ці будуць перакідвацца «Іскандэры» на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь падчас гэтых вучэнняў… Калі вы пачняце даведвацца, то ў Кіеве цяпер актыўным чынам рыхтуюцца бамбасховішчы… Калі самалёты з Вялікай Брытаніі прывозяць супрацьтанкавыя сродкі раптоўна, то значыць, праца актыўна вядзецца, войскі гатовыя да вайны».

Стварэнне міграцыйнага крызісу на межах з Еўразвязам, актыўны ўдзел ва ўводзе войскаў АДКБ у Казахстан, уцягненне Беларусі ў вайсковы канфлікт з Украінай і стварэнне з Беларусі расейскага вайсковага палігону – гэта няпоўны спіс міжнародных дасягненняў Аляксандра Лукашэнкі за апошні год.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў