Бацька Ксеніі Луцкіной паведаміў, што яна збіраецца падаваць прашэнне аб памілаванні


Палітзняволеная Ксенія Луцкіна, якую прызналі вінаватай у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і пакаралі 8-мю гадамі зняволення, моцна хварэе ў турме. Бацька жанчыны Алег Луцкін расказаў «Народнай волі», што ягоная дачка збіраецца падаваць прашэнне аб памілаванні.

Ксенія Луцкіна.
Фота: sb.by

«Тым часам я збіраю неабходныя дакументы, бо дачка будзе падаваць прашэнне аб памілаванні. Па вялікім рахунку, усе паперы я сабраў за два дні, а вось даведку з міліцыі трэба чакаць аж дзесяць рабочых дзён. У гэтым уся затрымка», – распавёў Алег Луцкін.

Пасля затрымання ў былой журналісткі Белтэлерадыёкампаніі дыягнаставалі анкалагічную хваробу, а на пачатку года яна перанесла двухбаковую пнеўманію. Ксенія Луцкіна па-ранейшаму чакае сваёй чаргі на абследаванне МРТ. Стан яе здароўя не паляпшаецца, аднак лекі ад родных для палітзняволенай прымаюць.

«Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж, у яе такая цяжкая хвароба. Таму, як толькі з’явілася магчымасць у калоніі напісаць прашэнне – адразу запусцілі гэтую працэдуру. Калі збяру ўвесь пакет дакументаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калонію. А там ужо сама дачка падасць прашэнне, якое затым павінна быць разгледжана ў адмысловай камісіі аб памілаванні. Разумею, што працэдура няпростая, магчыма, працяглы час давядзецца чакаць, але ўжо будзе нейкая надзея», – кажа бацька Ксеніі.

Раней Ксенія адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Па словах Алега Луцкіна, лісты да дачкі даходзяць. Таксама яна тэлефануе па графіку – чатыры разы ў месяц. Ёй дазваляецца відэасувязь, таму Ксенія перыядычна бачыць свайго сына і размаўляе з ім.

У верасні 2022 года Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў зняволення за «змову або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК РБ). Яна адпрацавала на БТ 15 гадоў, дзе здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы – пра Другую сусветную вайну, чарнобыльскую катастрофу. У жніўні 2020 года журналістка звольнілася з БТ і хацела запусціць альтэрнатыўны канал. Яна далучылася да Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Супраца з КР і была падставаю для завядзення крымінальнай справы.

Hавiны
«Здараюцца прыступы, траціць прытомнасць». Бацька палітзняволенай Ксеніі Луцкіной распавёў пра ейны стан здароўя
2023.06.06 14:23

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў