Лукашэнка не паехаў у Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях»


На форум «Адзін пояс – адзін шлях» Кітай склікаў кіраўнікоў 23 дзяржаваў, у тым ліку Уладзіміра Пуціна. У гэтым клубе не знайшлося месца Аляксандру Лукашэнку.

Аляксандр Лукашэнка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе ў пытаннях уборачнай кампаніі. Менск, Беларусь. 21 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка прыняў у Менску віцэ-прэзідэнта Ірану, піша БелТА. Лукашэнка расказваў госцю, што Злучаныя Штаты «пастаянна скіроўваюць вастрыё канфлікту на Блізкім Усходзе супраць Ірану», хоць Іран не хавае падтрымання тэрарыстаў «Хамасу», якія атакавалі Ізраіль.

Тым часам кіраўнікі краінаў-партнёраў Кітаю збіраюцца на саміт у Пекіне. У ноч на 17 кастрычніка ў Пекін прыляцеў Уладзімір Пуцін, які сярод іншага плануе сустрэчы з кіраўнікамі В’етнаму, Тайланду, Манголіі і Лаосу.

Лукашэнкі на тым саміце, відавочна, не будзе. Afn.by піша, што Кітай адмовіў ва ўдзеле ў форуме Лукашэнку, які стаў persona non grata нават для такога сходу. Ды афіцыйнай адмовы або афіцыйнага запрашэння з боку Кітаю ў публічнай прасторы не было.

Між Беларуссю і Кітаем трывае супраца ў шматлікіх сферах: летась Кітай абвесціў, што з Беларуссю мае «ўсепагоднае і ўсёабдымнае стратэгічнае партнёрства». У жніўні ў Беларусь прыязджаў міністр абароны Кітаю (праўда, неўзабаве пасля гэтага знік і дагэтуль не з’яўляўся ў навінах). Ды партнёрства запавольваецца: беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці.

Раней у BRICS – клуб з Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёвай Афрыкі – запрасілі шэсць новых краінаў, але не Беларусь, якая таксама прэтэндавала на далучэнне.

Аб’ектыў
Чаму ў Лукашэнкі прыгадалі пра Венесуэлу?
2023.10.16 22:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў