Контрнаступ ударыў па маралі расейцаў. Што адбываецца ва Украіне 13 верасня


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 202-і дзень, наступ украінскіх сілаў працягваецца на паўночным усходзе. Расказваем, што вядома гэтаю раніцаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы страцілі ўжо 53,3 тысячы чалавек, 2175 танкаў і 4662 баявыя машыны, 1279 артылерыйскіх сістэмаў і 311 сістэмаў залпавага агню, 165 сістэмаў супрацьпаветранай абароны, 244 самалёты і 213 верталётаў, 15 караблёў.

Як піша Генштаб ЗСУ, цяпер Расея працягвае засяроджваць высілкі на ўсталяванні кантролю над тэрыторыяй Данецкай вобласці, утрыманні захопленых тэрыторыяў і супрацьстаянні ўкраінскаму наступу, а таксама працягвае ўжываць у вайне тактыку тэрору і застрашвання мірнага насельніцтва.

За мінулы дзень украінцы налічылі два ракетныя і пяць авіяцыйных удараў, 11 абстрэлаў сістэмамі залпавага агню па вайсковых і цывільных аб’ектах. Абстрэлы былі на сівэрскім, харкаўскім, краматорскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім і паўднёвабужскім напрамках. Атакі адбілі каля Хайцава, Бахмуту і Бахмуцкага, Краснагораўкі, Вадзянога, Базіменнага і Новагрыгораўкі. Паведамляюць пра абстрэл Нікапалю (Днепрапятроўская вобласць) касетнымі боепрыпасамі.

«У звязку з вялікімі стратамі падчас баявых дзеянняў значна знізіўся ўзровень маральна-псіхалагічнага стану ў падраздзяленнях, сфармаваных на часова акупаваных тэрыторыях, – сцвярджае Генштаб ЗСУ. – Паводле наяўных звестак, дзеля павышэння баявой гатовасці 2-й асобнай мотастралковай брыгады 2-га армейскага корпусу камандаванне брыгады выдала загад не выплочваць грашовага забеспячэння часова адсутным вайскоўцам, у прыватнасці тым, якія праходзяць лячэнне. Аднаўленне выплатаў адбываецца толькі пасля выдачы апраўдальных дакументаў і з асабістага дазволу камандзіра».

Украінскія вайскоўцы не хваляцца новымі поспехамі ў контрнаступе, трымаюць рэжым «інфармацыйнай цішы» прынамсі дзень пасля падзеяў. Але замежныя назіральнікі бачаць «патэнцыйна значныя змены» каля Херсону, дзе першапачаткова чакалі ўкраінскі контрнаступ.

Аналітыка
Як вызваляюць Украіну. Контрнаступ у датах і мапах
2022.09.12 19:28

Амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) таксама піша пра «сур’ёзны ўдар» па расейскай маралі ад украінскага контрнаступу, адзначае адступленне расейскіх войскаў у Кысэліўцы, што за 15 км ад Херсону. Эксперты сумняюцца, што адступленне на поўдні звязанае толькі з псіхалагічным эфектам ад контрнаступу на паўночным усходзе – імаверна, украінцы маюць поспехі і на Херсоншчыне. А на поўначы, мяркуюць у ISW, расейцы не ў стане ўмацаваць новую лінію фронту.

«Поспех апошніх украінскіх контрнаступальных аперацыяў можа паўплываць на жаданне або здольнасць расейскага вайсковага камандавання своечасова задзеяць наваствораныя добраахвотніцкія атрады ва Украіне», – піша ISW, згадаўшы заяву ўкраінскага боку, што расейцы прыпынілі адпраўленне новых падраздзяленняў ва Украіну. Пацверджанняў гэтаму пакуль няма, але «нізкі баявы дух можа аказацца разбуральным», адзначаюць ва ўстанове.

Брытанская выведка звяртае ўвагу на тое, што з Харкаўшчыны адступалі вайскоўцы 1-й гвардзейскай танкавай арміі, якія зазналі цяжкія страты яшчэ ў пачатковай фазе ўварвання – гэтыя страты так і не скампенсаваліся за дзвесце дзён. Некалі гэтая армія была адною з самых прэстыжных у Расеі, мела бараніць Маскву і контратакаваць у выпадку вайны з NATO. Цяпер спатрэбяцца гады, каб аднавіць гэтыя сілы.

Нямецкае выданне «Die Welt» адзначае, падчас дэзарганізаванага адступлення на поўначы расейцы кідалі шмат тэхнікі і боепрыпасаў, «тысячы» расейскіх вайскоўцаў трапілі ў палон, у тым ліку сярод палонных ёсць высокапастаўленыя афіцэры.

На вызваленых тэрыторыях украінцы фіксуюць ваенныя злачынствы Расеі. Як перадае радыё «Свабода», у Ізюме за паўгода загінулі не менш за тысячу чалавек (рэальная колькасць забітых, імаверна, значна большая), знішчана каля 80 % інфраструктуры гораду. Шмат хто пацярпеў праз немагчымасць атрымаць належную медычную дапамогу, бо расейцы знішчылі ўсе медычныя ўстановы Ізюму яшчэ ў сакавіку.

Hавiны
На Харкаўшчыне адным з вызваленых паселішчаў знайшлі целы закатаваных мясцовых жыхароў
2022.09.12 21:57

Амерыканскі «The Wall Street Journal» сцвярджае, што Украіна будзе прасіць у ЗША ды іншых саюзнікаў дальнабойную зброю для працягу контрнаступу ў 2023 годзе – у тым ліку тую, якую раней ЗША адмаўляліся даваць, у тым ліку сістэмы ATACMS.

Паводле звестак Управы вярхоўнага камісара ААН у справах правоў чалавека, з 24 лютага да 11 верасня ва Украіне загінулі не менш за 5827 мірных жыхароў, а не менш за 8421 быў паранены. Сярод забітых мірных жыхароў – 1623 дарослыя і 35 дзяцей, полу якіх не ўдалося вызначыць.

Абноўлена
Азербайджан пачаў абстрэльваць Арменію, заявіў пра «дыверсію»
2022.09.13 08:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў