У новай Беларусі нават не прыйдзецца змяняць назваў вуліцаў імя Аляксандра Пушкіна


11 ліпеня не стала мастака Алеся Пушкіна.

Узгадваем ягоны жыццёвы шлях і найбольш яскравыя перформансы.

Алесь Пушкін падчас свайго першага перформансу. 25 сакавіка 1989 года. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

Ужо ў сваім з’яўленні на свет Алесь Пушкін бачыў пэўнае наканаванне: «усё жыццё будзе супрацьстаянне дзяржаўнага чалавека і мяне». Ён нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёну, у якой да таго ўжо пражылі пяць пакаленняў ягонага роду. А праз некалькі дзён, якраз напярэдадні першага купання немаўляці, у хаце Пушкіных з’явіўся неспадзяваны госць. Ім быў міліцыянер, які займаўся высвятленнем абставінаў нейкага злачынства ў ваколіцах: «Я даволі часта думаю пра гэты Знак. Шмат хто перакананы: пры першым купанні трэба ўважліва сачыць за ўсім, што адбываецца, бо нешта можа сведчыць пра далейшы лёс немаўляці».

Яшчэ адзін знак – імя ў гонар брата, які памёр за чатыры гады да ягонага нараджэння. Таму Алесь імкнуўся жыць быццам за дваіх, а пакінуў пасля сябе як за дзесяцярых. А мог жа і больш… Колькі ягоных твораў было панішчана за кратамі падчас шматлікіх затрыманняў, асабліва падчас апошняга, у Горадні? Ці спаленыя яны, ці падшытыя дзесьці ў тэчцы да ягонай асабовай справы? Ці адчуваюць за тое адказнасць ягоныя наглядчыкі?

Жыў толькі мастацтвам

Ужо ў 6 гадоў у Алеся Пушкіна выявіўся талент будучага мастака, які разглядзеў настаўнік Пётр Шарыпа. Пасля паспяхова здадзеных іспытаў 13-гадовы хлапчук паступіў у 1978 годзе ў Менск, у мастацкую школу-інтэрнат, дзе быў выдатнікам і атрымліваў Скарынаўскую стыпендыю. І нават тут ён выявіў характар, які паказваў цягам усяго жыцця. Пётр Шарыпа ўзгадваў: «Алесь вельмі многа працаваў самастойна. Цяпер дзяцей у майстэрню не загнаць, а тады яны самі імкнуліся. Алесь пачаў настойваць, каб уваход у клас дазваляўся да 21-й гадзіны, зладзіў забастоўку і перамог. Такі дазвол быў дадзены». І, як казаў сам Алесь, час навучання ў мастацкай школе быў перыядам, калі ён «думаў толькі пра мастацтва». Ягоная першая жывапісная праца называлася «Вясковыя ганчары» і з’явілася пасля паездкі ў Івянец Валожынскага раёну – вядомы на Беларусі цэнтр ганчарства.

У 1983 годзе Алесь Пушкін паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Навучанне перапыніў праз вайну ў Афганістане, дзе ён знаходзіўся ў 1984–1986 гадах. Пасля аднавіўся ва ўніверсітэце і ў 1990 годзе скончыў яго з адначасным прыёмам у Саюз мастакоў СССР. Усё дзякуючы дыпломнай працы «Гісторыя сваёй школы». Над ёю мастак працаваў паўгода, ён распісаў 215 квадратных метраў і ўвасобіў на сценах і столі партрэты Францыска Скарыны, Міхаіла Агінскага, Адама Міцкевіча, Андрэя Таркоўскага, Уладзіміра Высоцкага.

Алесь Пушкін напоўніцу адчуў тое абуджэнне, што перажывалі паняволеныя народы СССР у канцы існавання імперыі. Яшчэ студэнт 4-га курсу, ён удзельнічаў у стварэнні першай суполкі Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе, а ў наступным годзе браў удзел у рыхтаванні першага шматтысячнага шэсця ў Курапаты на Дзяды. Але сам у ім не ўдзельнічаў, бо атрымаў 15 содняў за расклейванне ўлётак з нагоды акцыі. Гэта была ягоная першая «адседка» ў бясконцым шэрагу, апошняя з якіх пазначаная датай 30 сакавіка 2021-га.

Першы перформанс

25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін правёў свой першы перформанс, з нагоды 71-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Да гэтага дня мастак прымеркаваў стварэнне 12 плакатаў, што неслі больш чым сотня асобаў – усе былі затрыманыя, а самому Алесю прысудзілі 4 гады ўмоўнага зняволення і 5 гадоў пазбаўлення ў правах. Але з інстытуту яго не выключылі, а пасля заканчэння навучання ў кастрычніку 1990 года Алесь Пушкін апынуўся ў Віцебску.

Першая ягоная персанальная выстава была зноў жа прымеркаваная да Дня Волі. Называлася яна «Пушкін у Віцебску. Першая выстава артэфактаў, інсталяцыяў і аб’ектаў» была размешчаная на адрасе Леніна 35А. Месца правядзення было ўпрыгожанае гербам «Леў і сонца» і расцяжкай «Vivat Albarussia». Пасля адкрыцця Алесь Пушкін вярхом на асле і з голубам у руцэ пад гукі духавога аркестру і ў суправаджэнні дзвюх дзяўчын, адной з якіх была Света Бень, праехаў па Віцебску да Успенскай горкі, віншуючы людзей са святам – Днём абвяшчэння БНР (і гэта яшчэ пры «жывым» СССР)! Голуба ён адпусціў пад словы: «Ён прынясе нам свабоду!»

Перформанс Алеся Пушкіна 21 ліпеня 1999 года. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

У Віцебску Алесь Пушкін заснаваў галерэю «У Пушкіна» (вул. Суворава, 2), што працавала да 1997 года і месцілася каля музею Марка Шагала. Будынак пад галерэю меў кепскі стан і на яго рэстаўрацыю сабралі сродкі беларусы ЗША. Тут ладзіліся шматлікія імпрэзы, вядомыя на ўсю Беларусь, але з прыходам Лукашэнкі ўсё змянілася. Пачаўся ціск, што скончыўся закрыццём галерэі і 15 соднямі арышту для Алеся Пушкіна. На пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі мастак зладзіў свой найвядомейшы перформанс – падарыў Лукашэнку вазок гною з расцяжкай «За пяцігадовую плённую працу» ды партрэтам, што праткнуў віламі. Пры гэтым сам Алесь Пушкін падкрэсліваў, што ягоная акцыя мела не столькі зневажальны, колькі аптымістычны змест: «Гэта тое, што ўгноіць парасткі дэмакратыі ў народзе, з гэтага вырасце новая Беларусь». За гэткі перформанс яму прысудзілі 2 гады ўмоўна і амніставалі праз год.

Што такое шчасце

Алесь Пушкін з 1992 года і да апошняга арышту займаўся аднаўленнем цэркваў і касцёлаў ва ўсёй Беларусі. Так, пасля развалу СССР Алесь Пушкін узяўся разам з Феліксам Янушкевічам за рэстаўрацыю Кафедральнага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве. Тут Алесь Пушкін піша ў стылі барока шэраг фрэсак, сярод якіх, напрыклад, «Святая Цэцылія, патронка музыкі і спеваў», правобразам для якой стала ўдзельніца першага фестывалю «Магутны Божа», спявачка Таццяна Цыбульская. Далей былі вітраж алтарнай часткі і мазаіка на фасадзе рыма-каталіцкай капліцы Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, аднаўленне абразоў у Карэвічах Свіслацкага раёну Гарадзенскай вобласці, у Міхалішках і Талачыне Віцебскай вобласці, рэстаўрацыя каплічкі ў Геруцеве Свіслацкага раёну Гарадзенскай вобласці, Вішневе Валожынскага раёну Менскай вобласці, сынцкавіцкай царквы Арханёла Міхаіла і гэтак далей. Ці спамянуць добрым словам Алеся Пушкіна ў гэтых храмах? Ці нагадаюць пра яго ў тых палацах, у рэстаўрацыі якіх ён удзельнічаў, напрыклад, у жыліцкім палацы Булгакаў ці ў косаўскім палацы Пуслоўскіх?

Святая Еўфрасіння Полацкая (2007). Алесь Пушкін. Крыніца: Пушкін: мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і нарысы, інтэрв’ю з мастакамі, рэпартажы з выстаў жывапісу. Віцебск, 2013

Сам Алесь Пушкін лічыў найважнейшай працай у сваім жыцці роспіс адроджанай царквы ў роднай вёсцы Бобр, што выклікала гонар у ягонага бацькі і аднавяскоўцаў. Гэта была па-сапраўднаму тытанічная праца на плошчы дзве тысячы квадратных метраў. Царква згарэла праз 15 гадоў пасля свайго аднаўлення. Магчыма, прычынаю таму стала фрэска «Судны дзень», на якой Аляксандр Лукашэнка быў намаляваны ў атачэнні нячысцікаў і сілавікоў з дручкамі. Сёння ў гэтым відаць прадказанне таго, што надышло ў Беларусі на хвалі контррэвалюцыі, сімвалам якога зрабіўся губазікавец Карпянкоў з дручком.

Фрагмент фрэскі ў царкве в. Бобр. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

Алесь Пушкін шмат тварыў і прызнаваўся: «Я бываю найбольш шчаслівы і задаволены сабою і жыццём, калі малюю свае карціны. Вось дзеля гэтага і жыву». Ягоныя партрэты захоўваюцца ў шматлікіх музеях і прыватных калекцыях. Ёсць у яго партрэт Васіля Быкава. Твор гэты ў 2005 годзе знялі з выставы ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Віцебску, а на знак пратэсту супраць цэнзуры ўсе 26 мастакоў забралі тады з выставы свае працы. Беларускія мастакі маглі так пастаяць адно за аднаго.

Яўген Жыхар. Карціна Алеся Пушкіна. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

Беларусацэнтрычнасць

Алесь Пушкін імкнуўся ў сваіх творах да беларусацэнтрычнасці, таму твары ягоных герояў на карцінах такія родныя. А выбар постацяў далёкі ад ідэалагічна вызначанага. Напрыклад, ён маляваў дзеячаў беларускага незалежнага партызанскага руху, што змагаліся за Беларусь супраць Саветаў. Мастак казаў: «Гісторыя дасць належную ацэнку дзеям гэтых асобаў, але памяць пра іх павінная захоўвацца». Адной з такіх асобаў стаў Яўген Жыхар, нарадзінец Парыжу (сёння – аграгарадок у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці). У час вайны той вучыўся ў Паставах у настаўніцкай гімназіі, прайшоў дыверсійна-выведную школу «Дальвіц», што падпарадкоўвалася нямецкаму Абвэру. Але пасля заняцця Беларусі Чырвонай Арміяй далучыўся да яе і змагаўся супраць нацыстаў. Па заканчэнні вайны вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам. У 1946 годзе Жыхара паспрабавалі арыштаваць, але ён здолеў збегчы і вырашыў помсціць сваім крыўдавальнікам і тым, хто пачаў праводзіць карную дзейнасць супраць беларускіх вяскоўцаў, якіх вінавацілі ў тым, што яны засталіся на акупаванай тэрыторыі. Жыхар арганізаваў партызанскі атрад, які да снежня 1954 года змагаўся супраць Саветаў. Жыхар на чале партызанаў здзейсніў «23 тэракты, 42 рабаванні і 9 нападаў на сельсаветы», знішчаючы савецкіх сілавікоў і камуністычных актывістаў. Абложаны ў студзені 1955 года ў ваколіцах Паставаў, ён не даў узяць сябе ў палон, а апошняй куляй застрэліўся.

19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні адкрылася выстава Алеся Пушкіна, дзе быў выстаўлены і партрэт Яўгена Жыхара. На гэта звярнула ўвагу сумнавядомая Вольга Бондарава (ці, хутчэй за ўсё, ёй звярнулі), яна напісала на Пушкіна данос. 30 сакавіка 2021 года мастак, які да таго ўжо затрымліваўся ў жніўні 2020 года і быў моцна збіты, трапіў за краты – з Жылічаў Гомельскай вобласці, дзе ён займаўся рэстаўрацыяй. Алесь быў асуджаны за быццам бы «рэабілітацыю нацызму» на 5 гадоў. Прысуд вынесла «суддзя» Алена Шылько, пракурорам выступіў Аляксандр Кароль, якія ўжо да таго неаднойчы запляміліся ў расправах рэжыму Лукашэнкі над палітычнымі апанентамі. Алесь Пушкін на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у выглядзе крыжа, за што быў змешчаны ў карцар. У турме Алесь Пушкін працягваў маляваць, ён занатоўваў вобразы сукамернікаў, а ў лістападзе 2022 года суддзя Аляксандр Кірыловіч замяніў яму рэжым на турэмны, на 1,5 года. Гэты тэрмін мастак так і не адбыў, бо памёр у турме № 1 у Горадні.

Малюнак Алеся Пушкіна падчас зняволення. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

Пра Алеся Пушкіна шмат было сказана (і яшчэ будзе), але найлепш, на маю думку, тое зрабіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: «Я думаў, што Пушкін – гэта скандаліст, піжон, хуліган. Дзе Пушкін – там нешта забараняюць. Аказваецца, ён выдатны мастак, які піша добрыя карціны, роспісы, абразы. Так бывае ў жыцці, што некаторыя асобы звонку дэманструюць і бравуюць, а ўнутры іх – спакой і гарманічны свет».

І гэты «гарманічны свет» ваяра за Беларусь Алеся Пушкіна – ягоны падарунак нам, тым, хто мусіць, нарэшце, даць рады… Мастак верыў у тое, што мы зможам. Ягоныя творы – пра гэтую веру.

Малюнак Алеся Пушкіна падчас зняволення. Крыніца: Алесь Пушкін / Facebook

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў