Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль


Тэрарысты групоўкі ХАМАС з сектару Газа 7 кастрычніка пачалі маштабны напад на Ізраіль, у выніку той перайшоў у стан вайны. Загінулі не менш за тысячу чалавек, сотні былі цяжка параненыя, але наўрад ці гэта канчатковыя лічбы: Ізраіль абвясціў аб аднаўленні кантролю над усімі паселішчамі каля Газы, аднак баі працягваюцца. Хто дапамагаў баевікам і ці ёсць жадаючыя распачаць вялікую вайну?

Авиация Израиля на параде
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Авіяцыя Ізраіля на парадзе да Дня незалежнасці. 10 мая 2011 года.
Фота: Israel Defense Forces / Flickr, CC BY-NC 2.0 DEED

Гісторыя араба-ізраільскага канфлікту вельмі даўняя, але цяпер Ізраіль вядзе вайну не з усёй Палестынай, а з тэрарыстамі «Ісламскага руху супраціву» (ХАМАС). Часткова прызнаная дзяржава Палестына складаецца з дзвюх тэрыторый: Заходняга берага ракі Іярдан і сектару Газа, паміж якімі Ізраіль. Сектар Газа – паласа ў 40-45 км даўжынёй і 6-12 км шырынёй, плошчай крыху больш за Менск і з нават большай шчыльнасцю насельніцтва.

Менавіта ў сектары Газа ў 2007 годзе пасля сыходу адтуль ізраільскіх войскаў гвалтам захапіла ўладу арганізацыя ХАМАС, якая выгнала ранейшае кіраўніцтва Палестынскай аўтаноміі. ХАМАС прызнана тэрарыстычнай Еўразвязам, Злучанымі Штатамі і шэрагам іншых краін, але не Расеяй і Беларуссю. Арганізацыя проста не прызнае права ізраільцянаў на жыццё, афіцыйна дэкларуе мэту «скінуць Ізраіль у мора».

Правал Ізраіля на ўсіх узроўнях

Падпалкоўнік Генштаба арміі абароны Ізраіля ў запасе, былы камандзір брыгады сувязі Генштаба Ізраіля Марк Бабот распавядае «Белсату», што абарона Ізраіля правалілася на аператыўным, тактычным, тэхнічным і стратэгічным узроўнях. Чаму гэта адбылося, трэба расследаваць, але не цяпер, не падчас поўнамаштабнай вайны, лічыць ён. Размову з «Белсатам» яму давялося адкласці праз буйны залп ракет з Газы.

Канцэпцыя абароны Ізраіля абрынулася, як ахоўная сцяна пад ударамі трактароў і бульдозераў, кажа Бабот. Ізраіль знайшоў рашэнні супраць ракет з Газы (сістэма «Жалезны купал» збівае да 95% ракет, але не ўсе) і супраць тунэляў баевікоў, але ў патрэбных месцах не аказалася ваяроў, гатовых страляць.

Hавiны
Беларусы нясуць кветкі да амбасады Ізраілю. Лукашэнка не каментаваў вайны
2023.10.08 16:53

Атака адбылася ў Шміні Ацэрэс – адно з рэлігійных святаў Ізраіля. Многія падраздзяленні ізраільскай арміі былі ў адпачынку, распавядае Бабот. Надзея была на выведку, ранняе папярэджанне, авіяцыю і пагрозу ўдару ў адказ. Але тэрарысты здолелі асляпіць ізраільскія тэхналагічныя сістэмы, як мінімум тысяча баевікоў у некалькіх месцах перайшлі мяжу і ўварваліся ў паселішчы, дзе людзі спалі. У спісах загінулых часам цэлыя сем’і.

Але краіна мабілізуецца, насельніцтва падтрымлівае армію, многія здаюць кроў, бо ізраільцяне ўспрымаюць гэтую вайну як барацьбу за выжыванне, тлумачыць Бабот. Нягледзячы на палітычны крызіс, нязгодныя з урадам «усё ў самалётах, усё ў танках» – нават рэзервісты, якія пагражалі не зʼяўляцца на службу ў знак палітычнага пратэсту. А расследаваць прычыны павінны хоць бы пасля таго, як пахаваюць загінулых, рэзюмуе ён.

Ці ёсць надзея на мірныя перамовы?

Ізраільскі палітолаг Міхаэль Пэлівэрт у эфіры «Вот так» распавядаў, што ХАМАС патрабуе сярод іншага вызвалення палонных баевікоў і вяртання пэўных тэрыторый. Але ён лічыць, што пасля нападаў – у прыватнасці, разні на музычным фестывалі, дзе былі забітыя сотні чалавек – Ізраіль не пойдзе на прамыя перамовы.

Бабот заўважае, што кадры наступстваў нападаў на Ізраіль нагадваюць расейскую разню ў Бучы, а закладнікаў – нават маленькіх дзяцей і бабулек – баевікі саджалі ў клеткі і вывозілі ў Газу. Суразмоўца перадае словы вайскоўцаў: тыя кажуць, што такога ўзроўню «людаедства» не было нават падчас вайны ва Украіне. Па суадносінах колькасці ахвяр да насельніцтва, дадае Бабот, цяперашнія атакі для Ізраіля горшыя, чым для ЗША атакі 11 верасня 2001 года або напад Японіі на Пэрл-Харбар у 1941-м, ды горш, чым для Украіны першыя дні поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе ці ў тым жа 1941-м.

Каментар
«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы
2023.10.08 21:28

З іншага боку, працягвае Пэлівэрт, Ізраіль дзесяцігоддзямі не трапляў у сітуацыю, калі дзясяткі, не кажучы ўжо пра сотні, яго грамадзян станавіліся закладнікамі баевікоў. Магчыма, менавіта таму Ізраіль пакуль не пачынае маштабную наземную аперацыю ў сектары Газа: застаецца прывідная надзея на перамовы і вызваленне закладнікаў.

У Егіпта, адзначае Пэлівэрт, ёсць падважнік ціску на ХАМАС: сухапутная мяжа з сектарам Газа, якую можна перакрыць. Таксама Егіпет можа папрасіць умяшацца Катар, які з’яўляўся галоўным спонсарам ХАМАСу. Але палітолаг лічыць, што апошнія паведамленні з боку Егіпта значаць наступнае: егіпцяне не бачаць вялікіх шанцаў на нейкае гуманітарнае вырашэнне. У Іярданіі падважнікаў ціску на ХАМАС яшчэ менш. Паводле звестак крыніцы «Reuters», некаторыя поспехі ў арганізацыі перамоў маюцца ў Катара.

Іран адкрыта падтрымлівае ХАМАС, але ці замаўляў дакладна гэтую атаку?

Міністэрства замежных спраў Ізраілю ў сацсетках падзялілася артыкулам амерыканскага «The Wall Street Journal» пра тое, як Іран дапамагаў арганізаваць атаку на Ізраіль: паводле звестак выдання, афіцэры іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі са жніўня распрацоўвалі аперацыі тэрарыстаў, у тым ліку на сустрэчах у ліванскім Бэйруце.

Мэтай, згодна з «WSJ», быў зрыў нармалізацыі адносін Ізраіля з Саудаўскай Аравіяй – той, пра якую ў верасні з трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН распавядаў прэмʼер-міністр Ізраіля. Аднак Бабот не лічыць такую версію рэалістычнай: атаку, відавочна, рыхтавалі цягам некалькіх гадоў і дату прывязвалі, верагодна, да 50-й гадавіны пачатку вайны 1973 года, вядомай як Вайна Суднага дня. Але ва ўдзеле Ірана не сумняваецца.

«Хутчэй за ўсё, галоўным лялькаводам у гэтых страшэнных падзеях зʼяўляецца Іран, – кажа Пэлівэрт. – Пастановы, хутчэй за ўсё, прымаюцца не на ўзроўні сектару Газа, не на ўзроўні лідараў арганізацыі ХАМАС, якія знаходзяцца ў сваёй большасці цяпер у Катары, частка з іх у Ліване».

Іран не хавае сімпатый да цяперашняй атакі тэрарыстаў і сапраўды лічыцца адным з галоўных хаўруснікаў ды спонсараў ХАМАСу. Да таго ж паміж шыіцкім Іранам і суніцкай Саудаўскай Аравіяй ідзе даўняя канфрантацыя за гегемонію ў ісламскім свеце. Іран жадае стварыць у рэгіёне «шыіцкі паўмесяц» пад сваім кантролем і адвесці ўвагу ад сваёй ядравай праграмы.

Бабот адзначае, што нават калі Іран не быў наўпрост звязаны з арганізацыяй атакі, няма сумневаў у каардынацыі дзеянняў ХАМАСу з іншымі баевікамі. Вайскоўцы Ірана падтрымліваюць ХАМАС і «Палестынскі ісламскі джыхад» у сектары Газа, «Хезбалу» у Ліване, міліцыю ў Сірыі; Іран фінансуе іх і падтрымлівае кантрабанду зброі. На думку нашага суразмоўцы, калі б Іран не падтрымліваў араба-ізраільскі канфлікт і радыкальныя рухі, Ізраіль дамовіўся б з палестынцамі нават аб мірным суіснаванні, modus vivendi.

Расея зацікаўлена, але ці ўдзельнічала? А Беларусь?

Палестынская адміністрацыя 9 кастрычніка запрасіла тэрміновае паседжанне Лігі арабскіх дзяржаў, а Генеральны сакратар гэтай лігі прыляцеў у Маскву па запрашэнні міністра замежных спраў Расеі. Цяпер Расея заклікае да міру ў Ізраілі, ды і сама занятая ў вайне ва Украіне, але ці не датычная яна да атакі тэрарыстаў?

Пэлівэрт заўважае, што Расея дагэтуль не асудзіла тэракты ХАМАСу, нягледзячы на тое, што часам называе сябе «сябрам Ізраіля», ды і прадстаўнікоў ХАМАСу і «Хезбалы» перыядычна прымаюць на найвышэйшым узроўні ў Маскве, а найбліжэйшы хаўруснік Ірана – Расея. Але пра тое, як менавіта Расея звязаная з нападам на Ізраіль, маецца мноства тэорый – часткова канспіралагічных, падкрэслівае суразмоўца.

Расея зацікаўленая ў тым, каб адцягнуць свет ад вайны ва Украіне, але дакументальных пацверджанняў сувязі Крамля з атакай няшмат. Хіба што ёсць падазрэнні, што за кібератакай на Ізраіль падчас пачатку абстрэлаў стаіць не толькі Іран – расейскія хакеры «Killnet» ужо ўзялі на сябе адказнасць. Бабот упэўнены, што спецслужбы Расеі не маглі не быць паінфармаваныя аб планах тэрарыстаў: у Сірыі баевікі знаходзяцца пад «парасонам» супрацьпаветранай абароны Расеі.

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

Тым часам польскае выданне «Polityka» дапускае не толькі расейскі ўдзел, але і беларускі: нядаўна на вучэннях у Беларусі паказвалі ўжыванне мотапарапланаў, а падобныя прылады выкарыстоўвалі пры нападзе на Ізраіль (яны, сярод іншага, трапілі на відэа з расстралянага фестывалю), ды і ў Беларусь у межах штучна створанага міграцыйнага крызісу прыязджае шмат людзей з Блізкага Усходу. Да таго ж тэрарысты выкарыстоўвалі камерцыйныя дроны так, як быццам іх гэтаму хтосьці вучыў.

Ці будзе вялікая вайна шматлікіх краін?

Ізраіль цяпер праводзіць поўную мабілізацыю і сцягвае войскі да мяжы з Газай, але пакуль не распачынае наземнай аперацыі ў самым сектары, толькі абвяшчае пра поўную блакаду сектару Газа.

Пэлівэрт не выключае, што Ізраіль будзе ваяваць на два фронты: не толькі з тэрарыстамі ХАМАСу, але і на поўначы з тэрарыстамі ліванскай «Хезбалы». Пра гэта сведчаць і дзеянні Злучаных Штатаў, якія перасцерагаюць іншыя краіны ад умяшання ў вайну і пераводзяць бліжэй да Ізраіля ўдарную групоўку караблёў.

Але Ізраілю не патрэбная дапамога караблёў і самалётаў ЗША, лічыць Бабот: дастаткова «палітычнага парасона», каб зрабіць неабходнае на тэрыторыі сектару Газа і ў Ліване, дзе «Хезбала» дзейнічае не толькі як тэрарыстычная арганізацыя, але і як палітычная партыя. А «Хезбала» – значны фактар, бо мае больш за 100 000 ракет, якія могуць быць выпушчаныя па Ізраілю.

Егіпет і Іярданія маюць дамовы аб сяброўстве і ненападзе з Ізраілем, нагадвае Бабот. І гэта краіны, арыентаваныя на захад – хіба што са зменай улады ў нейкай з гэтых краін адтуль можа зыходзіць пагроза Ізраілю. Акрамя таго, Іярданія залежыць ад паставак вады з Ізраілю.

Кітай можа быць зацікаўлены ў зрыве нармалізацыі адносін Ізраіля з Саудаўскай Аравіяй і перакрэсліванні той лініі ад Аравійскага да Міжземнага мора, што маляваў ізраільскі прэмʼер. Але Кітай, як кажа Бабот, «кіруецца гандлем і бізнесам», таму не захоча «перагнуць палку».

Hавiны
«Не будзе ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва». Ізраіль заявіў пра поўную блакаду сектару Газа
2023.10.09 18:17

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў