У Ізраілі зноў масавыя пратэсты. Чаму судовая рэформа выклікае столькі абурэння?


Кнесет – парламент Ізраілю – ухваліў 24 ліпеня закон, што абмяжоўвае права Вярхоўнага суда скасоўваць пастановы ўраду. Гэта абумовіла аднаўленне пратэстаў, што сціхлі пасля вясны. У шырэйшым сэнсе працягваецца палітычны крызіс, што трывае ў Ізраілі з 2019 года. «Белсат» тлумачыць, што адбываецца.

Акцыя пратэсту перад Кнесетам у Ерусаліме, Ізраіль. 24 ліпеня 2023 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Што за закон і што за рэформа?

У панядзелак Кнесет ратыфікаваў першы закон з судовай рэформы: пазбавіў Вярхоўны суд права прызнаваць пастановы ўраду «неразумнымі» або «неабгрунтаванымі» (אי־סבירות) і скасоўваць іх на гэтай падставе. Крытэры «разумнасці» нідзе не прапісаныя, а Вярхоўны суд мог фактычна скасоўваць любую пастанову ўраду, якую палічыць «неразумнаю».

Закон прыняты 64 галасамі «за» пры ніводным «супраць». Апазіцыйная частка 120-мясцовага парламенту байкатавала галасаванне, яна пайшла з залы, некаторыя пры сыходзе крычалі «ганьба», перадае «Reuters». Вечарам на вуліцы выйшлі тысячы пратэстоўцаў, вядома пра прынамсі 19 затрыманых.

Міністр юстыцыі Ізраілю Ярыў Левін абяцаў, што гэта толькі першы крок у распрацаванай ім судовай рэформе, якую падтрымлівае кіраўнік дзяржавы – прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу. Са словаў міністра фінансаў Бэцалеля Смотрыча, у Ізраілі пачынаюць «рэфармаваць сістэму правасуддзя і вяртаць баланс між галінамі ўлады, парушаны 30 гадоў таму». Гэтую рэформу анансавалі яшчэ ў студзені 2023 года: яна прадугледжвае маштабныя змены сістэмы.

У ліку прапанаваных зменаў – рэгламентацыя судовага скасавання законаў і магчымасць пераадольваць пастанову Вярхоўнага суда аб законах простай большасцю ў Кнесеце; зніжэнне ролі юрыдычных дарадцаў ураду да кансультацыйнай (а іхныя фактычныя паўнамоцтвы цяпер унікальна шырокія паводле сусветных мерак, парады ж – абавязковыя да выканання); прызначэнне і звальненне гэтых дарадцаў міністрамі ды іхная падсправаздачнасць міністрам (цяпер яны пад эгідай генеральнага пракурора); павелічэнне кантролю ўраду над прызначэннем камітэту выбару суддзяў Вярхоўнага суда.

Гэтай рэформы не падтрымлівае большасць ізраільцянаў. Паводле аднаго з апытанняў, супраць яе выступае 43 %, за яе – толькі 31 % апытаных.

Як зладжаная палітычная сістэма Ізраілю?

Ізраіль – парламенцкая рэспубліка. Заканадаўчую ўладу там мае аднапалатны парламент, Кнесет, які выбіраюць паводле партыйных спісаў (не наўпрост са спісу кандыдатаў, як у Беларусі) раз на чатыры гады. Урад, што мае выканаўчую ўладу, звычайна прызначаецца лідарам фракцыі, што мае бальшыню ў Кнесеце.

Фармальна кіраўніком дзяржавы ёсць прэзідэнт, якога выбірае Кнесет на 7 гадоў, але фактычна прэзідэнт выконвае прадстаўнічыя функцыі, а першай асобай у дзяржаве фактычна ёсць прэм’ер-міністр (як, напрыклад, у Нямеччыне). Пасаду прэм’ера з канца 2022 года зноў займае Бэньямін Нэтаньягу, які агулам прабыў на пасадзе больш за 15 гадоў (1996–1999 і 2009–2021), больш за ўсіх у гісторыі Ізраілю.

Вярхоўны суд у Ізраілі выконвае функцыі як суда першай інстанцыі, так і Канстытуцыйнага суда, і менавіта ён стрымлівае Кнесет і прызначаны Кнесетам урад. Адметна, што Ізраіль не мае кадыфікаванай Канстытуцыі (ёсць толькі так званыя асноўныя законы – у нечым падобная сітуацыя, напрыклад, у Злучаным Каралеўстве), таму тое, што ў іншай краіне было б «неканстытуцыйным» законам або пастановаю, у Ізраілі прызнаюць «неразумным».

Для крытэру «разумнасці» ў юрыдычную мову Ізраілю нават давялося ўвесці новае слова (סביר), бо ў іўрыце не было азначэння, падобнага да англійскага «reasonable», якое любяць брытанскія юрысты, а юрыдычная сістэма незалежнага Ізраілю выбудоўвалася пасля брытанскага мандату над ізраільскімі землямі.

Спрэчка вакол судовай рэформы – далёка не адзіная тэма, што раз’ядноўвае ізраільцянаў. На палітычную атмасферу Ізраілю ўплываюць і арабска-ізраільскі канфлікт, і спрэчкі пра незаконныя паселішчы ізраільцянаў на палестынскіх тэрыторыях, і вялікі ўплыў артадаксальных юдэяў у ізраільскім грамадстве. Выйсця з крызісаў пакуль не прыдумалі.

Як пратэстуюць ізраільцяне?

Калі юрыдычная рэформа толькі была анансаваная, у Ізраілі пачаліся надзвычай масавыя пратэсты, былі страйкі. Да змагання супраць рэформы заклікала ў тым ліку ізраільская асацыяцыя юрыстаў і найбуйнейшыя юрыдычныя кампаніі. Многія крытыкі рэформы казалі, што яна прывядзе да дыктатуры: у партыі, што будзе мець бальшыню ў Кнесеце, не будзе ніякіх супрацьвагаў.

Акцыя пратэсту ў Тэль-Авіве
Акцыя пратэсту ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 4 сакавіка 2023 года.
Фота: עמיר טרקל / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

На найбуйнейшай акцыі 11 сакавіка ў Тэль-Авіве сабраліся паўмільёна асобаў – гэта быў ці не самы масавы пратэст у гісторыі краіны з колькасцю насельніцтва, як у Беларусі, і ці не большы за насельніцтва самога Тэль-Авіву.

Пратэсты не сціхлі нават тады, калі Нэтаньягу пагадзіўся адкласці рэформу, на вуліцы зноў і зноў выходзілі дзясяткі, а часам і сотні тысяч, асобаў у дзясятках гарадоў. За час пратэстаў былі арыштаваныя больш за восемсот асобаў, траўмаваныя пад сотню. Сутыкненні з паліцыяй былі надзвычай жорсткімі паводле ізраільскіх мерак.

Калі стала вядома, што спробы рэформы адновяць, пратэсты сталі толькі мацнейшымі, дэманстранты пачалі перакрываць дарогі.

Пратэстоўцы блакуюць шашу ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 25 ліпеня 2023 года.
Фота: Corinna Kern/ Reuters / Forum

Супраць рэформы выступілі шматлікія бізнесоўцы і буйныя кампаніі (а некаторыя гай-тэкавыя кампаніі нават прапаноўвалі працаўнікам выходны на дзень пратэсту), якія пабачылі пагрозы эканоміцы ад юрыдычнай рэформы – а бізнес-форум са 150 буйных кампаніяў анансаваў вялікі страйк, эканамісты і фінансавыя эксперты, медыкі (якія таксама анансавалі страйк), навукоўцы, а таксама рэзервісты арміі (да 10 тысяч якіх, у тым ліку лётчыкі, пагражалі не з’яўляцца на службу праз позвы), былыя сілавікі і вайсковыя дарадцы ды іншыя. Супраць рэформы раней выступаў нават міністр абароны Ёаў Галянт – праз раскол як у грамадстве, так і ў войску.

Наконт рэформы выказваліся і з-за межаў Ізраілю, у тым ліку выказваўся прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, які прасіў Нэтаньягу «не спяшацца» з рэформай і шукаць кансэнсус, а Белы дом выказваў шкадаванне з прычыны прыняцця першага рэформы закону. А рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» засцерагае наконт шкоды эканоміцы і бяспецы ад сацыяльнай і палітычнай напружанасці.

Hавiны
У Ізраілі газеты выйшлі з першымі палосамі чорнага колеру на знак пратэсту супраць судовай рэформы
2023.07.25 13:56

Гэта калі-небудзь скончыцца?

Перад тым, як стане лепей, будзе яшчэ горш, прагназуе канал «TLDR News». Поспех з ухваленнем цяперашняга закону аб Вярхоўным судзе, імаверна, падштурхне Нэтаньягу да прыняцця яшчэ больш спрэчных элементаў судовай рэформы, што створыць яшчэ больш напружання. Поспех з усёй рэформай пазбавіць палітычную сістэму Ізраілю вагаў і супрацьвагаў. Тым часам скрайне правыя, у кааліцыі з якімі мусіць быць Нэтаньягу, змогуць прасоўваць яшчэ больш спрэчных ідэяў – як піша BBC, прэм’ер фактычна залежны ад скрайне правых, без якіх кааліцыя разваліцца, а яны настойваюць на завяршэнні рэформы.

Рэч у тым, што цяперашні крызіс мае доўгую перадгісторыю. У канцы 2018 года Кнесет, у якім тады бальшыню мела правацэнтрысцкая кааліцыя на чале з партыяй «Лікуд» (якой кіруе Нэтаньягу), быў распушчаны. На пазачарговых выбарах у красавіку 2019 года ніводная партыя не сфармавала ўраду – паўторныя выбары адбываліся ў верасні-2019, сакавіку-2020 і сакавіку-2021.

Палітычны крызіс удалося часова прыпыніць, калі пасля выбараў 2021 года ўдалося сфармаваць першы за тузін гадоў урад без Нэтаньягу. Ягоная партыя «Лікуд» набрала на тых выбарах найбольш мандатаў, але супраць яе аб’ядналіся вельмі розныя сілы: правыя, левыя, цэнтрысты і нават арабская партыя (упершыню як незалежны чалец кіраўнічай кааліцыі). Аб’яднанне фармавалі фактычна паводле прынцыпу «што заўгодна, абы не Нэтаньягу». Ды такое аб’яднанне пратрывала крыху больш за год.

На «чарговых пазачарговых» выбарах у лістападзе-2022 «Лікуд» вярнуўся да ўлады ў кааліцыі з больш правымі і ультраартадаксальнымі партыямі – гэты ўрад апісвалі як самы правы і самы рэлігійны. Кааліцыя пакуль не развальваецца – і нават калі разваліцца, не гарантавана, што непрыяцелі Нэтаньягу атрымаюць дастаткова галасоў на наступных выбарах, хоць пакуль у апытаннях лідаруе апазіцыя.

Нэтаньягу, які цяпер пад следствам паводле трох крымінальных справаў аб хабарніцтве, махлярстве і злоўжыванні даверам, пакуль не паказваў намераў змякчаць пазіцыі адносна рэформы. Больш за тое, ён настаяў на галасаванні наконт першага закону рэформы, нягледзячы на праблемы са сваім здароўем і на скасаванне запланаваных на гэты тыдзень замежных візітаў.

Агляд
Дзе «бабахне» ў 2023 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя войны і гвалтоўныя пратэсты
2022.12.13 07:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў