У Ізраілі адбылася адна з найбуйнейшых акцыяў пратэсту ў гісторыі краіны


Дэманстрацыі супраць судовай рэформы ладзяць у Ізраілі дзясяты тыдзень запар. У суботу ў акцыях, паводле ацэнак арганізатараў, паўдзельнічалі каля 500 тысячаў грамадзянаў, і газета Haaretz назвала гэта «найбуйнейшай дэманстрацыяй у гісторыі краіны».

Дэманстрацыя ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 11 сакавіка 2023 года.
Фота: Ilan Rosenberg / Reuters / Forum

Жыхары Ізраілю выступаюць супраць судовай рэформы, якую прасоўваюць улады. Агульнанацыянальныя дэманстрацыі трываюць дзясяты тыдзень, і напярэдадні, 11 сакавіка, на мапе пратэстаў з’явіліся новыя кропкі: акцыі адбыліся ў ста месцах. Агулам на мітынгі выйшлі каля 500 тысячаў грамадзянаў. Напрыклад, у Тэль-Авіве – 200 тысячаў, у Хайфе – 50 тысячаў.

Агенцтва Reuters адзначае, што пратэсты былі ў асноўным мірнымі, хаця без сутыкненняў з паліцыяй не абышлося, калі праваахоўнікі супрацьстаялі перакрыццю дарог.

Падзеі ў краіне лідар апазіцыі Яір Лапід назваў «найвялікшым крызісам у гісторыі Ізраілю». «Адзінае, пра што клапоціцца гэты ўрад, – гэта знішчэнне ізраільскай дэмакратыі», – заявіў палітык.

Пратэстоўцы мяркуюць, што судовая рэформа ўладаў – шлях да дыктатуры. Рэзервісты, якія складаюць аснову ізраільскай арміі, пагражаюць адмовай ад службы.

Пры гэтым прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу сцвярджае, што імкнецца «спыніць перавышэнне судамі сваіх паўнамоцтваў», а дэманстрацыі накіраваныя на ягонае адхіленне ад улады.

Рэформа прадугледжвае ўплыў урада на выбар суддзяў і абмежаванне магчымасцяў Вярхоўнага суда выносіць пастановы супраць выканаўчай улады або скасоўваць законы.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў