«Украіна цяпер – гэта шчыт Еўропы». Абаронцы «Азоўсталі» далі прэс-канферэнцыю


Абаронцы заводу «Азоўсталь» ва ўкраінскім Марыупалі, якія больш як два месяцы трымаюць абарону ад расейскіх агрэсараў, даюць 8 траўня прэс-канферэнцыю для ўкраінскіх і сусветных медыяў.

«Хлопцы, прачніцеся і, калі ласка, забудзьцеся на расейскі газ. Купля расейскага газу – гэта смерць украінцаў і жыхароў іншых краінаў, калі расейская армія туды прыйдзе. Тое, што мы можам зрабіць зараз, – гэта спыніць расейцаў тут, ва Украіне», – заявіў афіцэр аддзела разведкі палка «Азоў» Ілля Самойленка.

Паводле яго, слабая рэакцыя свету на расейскую агрэсію ў 2014 годзе стала адной з прычынаў сённяшніх падзеяў. Але зараз, дадаў ён, людзі па ўсім свеце пачынаюць гэта разумець.

Украінскі ваяр падзякаваў краінам Захаду за вайсковую і эканамічную падтрымку, але заявіў, што Украіне трэба больш дапамогі: як у вайсковай сферы, гэтак і ў эканамічнай.

«Украіна зараз – гэта шчыт Еўропы», – падкрэсліў абаронца «Азоўсталі».

Ілля Самойленка адзначыў, што ён, як і іншыя вайскоўцы, могуць памерці ў любы момант, але хочуць зрабіць гэта з гонарам.

«Не прамарнуйце нашыя намаганні. Не прамарнуйце наш кошт. Не прамарнуйце нашую ахвяру», – заклікаў ён людзей ва ўсім свеце.

«Праўда ў тым, што мы ўнікальныя»

Абаронца адзначыў, што вайскоўцы не могуць выйсці з заводу, а толькі быць эвакуяваныя. Яны выдаткавалі ўсе свае рэсурсы, каб узмацніць абарону.

«Праўда ў тым, што мы ўнікальныя. Ніхто не чакаў, што мы так доўга будзем стаяць на месцы… Многія думаюць, што мы жывыя героі. У асноўным так і ёсць. Побач са мной ідуць жывыя героі. Калі пачалося акружэнне гораду, мы вырашылі ўсё роўна стаяць тут і абараняць яго. У нас быў загад абараняць Марыупаль. У нас не было загаду зняць абарону», – заявіў Самойленка.

Паводле абаронцаў «Азоўсталі», з 24 лютага па 15 красавіка яны забілі 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў і яшчэ 5 тысяч паранілі, што складае больш за 15% вайсковых страт іх арміі. Яны таксама знішчылі больш за 60 танкаў і пашкодзілі 30 – гэта 10% ад іх страт. Пры гэтым расейская армія знішчыла больш за 25 тысяч чалавек падчас блакады Марыупалю, у асноўным мірных жыхароў

«Былі дні, калі на Марыупаль скінулі больш за 150 авіябомбаў. І мы атрымалі нулявую падтрымку. Ні паветранай падтрымкі, ні наземнай падтрымкі, ні артылерыйскай падтрымкі», – распавялі ў «Азове».

«У нас яшчэ ёсць амуніцыя, вада, зброя. І мы будзем змагацца. Змагацца да найлепшага вырашэння сітуацыі», – адзначыў Самойленка.

«Ідзе інтэнсіўны абстрэл»

Намеснік камандзіра палку «Азоў» капітан Святаслаў «Каліна» Паламар распавёў пра сітуацыю на «Азоўсталі» на цяперашні момант.

«Ідзе інтэнсіўны абстрэл. Толькі за адну ноч мы налічылі 25 баявых вылетаў, у тым ліку тры стратэгічныя бамбавікі. Працуюць танкі, мінамёты, снайперы, пяхота спрабуе штурмаваць. За апошнія трое сутак былі эвакуяваныя мірныя жыхары. Усіх эвакуявалі? Сказаць не можам, бо спецыяльнай тэхнікі для дэмантажу завалаў няма», – заявіў ён.

Паводле яго, на тэрыторыі заводу шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і вайскоўцаў.

«Мы тут не за словы, а за народ Украіны. Мы выконваем свой воінскі абавязак, хвалы нам не трэба. Мы заўсёды будзем змагацца, пакуль мы жывыя, за справядлівасць, за вываз мірных жыхароў і параненых салдат», – адзначыў «Каліна».

Здача ў палон непрымальная

Ілля Самойленка назваў непрымальнай здачу ў палон.

«Мы ведалі ўвесь гэты час, што ў палку «Азоў» няма высокага шанец выжыць, калі нас возьмуць у палон. Адмаўляцца ад нас недапушчальна. Кожны зняволены – гэта рэсурс палітычнага і ваеннага ціску. Гэта рэсурс для павышэння ўзроўню перамоў і пазіцый, якія мы можам пакінуць на палітычнай сцэне.

Адзін з нашых салдат трапіў у палон падчас бою ў 20-х гадах красавіка. Ён быў без прытомнасці. Тады расейская прапаганда апублікавала відэа, на якім украінскія вайскоўцы здаюць зброю, а пазней яго маці атрымала вестку пра яго смерць», – заявіў ён.

Ілля Самойленка адзначыў, што расейцам нельга давяраць, яны ўжо пяць разоў парушалі перапыненне агню.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў