На выходных у Беларусі ўжо можа выпасці першы снег


Беларускія сіноптыкі зрабілі прагноз на найбліжэйшыя выходныя. Паводле яго, ужо гэтым тыднем у Беларусі можа выпасці першы снег, піша Белгідрамет.

Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, велосипед, деревня, машина, дорога
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

6 кастрычніка будзе воблачна з праясненнямі. Уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер парывісты, ноччу і раніцай у многіх раёнах, днём на ўсходзе – моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +3–9 °, максімальная ўдзень +9–15 °, на паўднёвым захадзе Беларусі да +17 °.

7 кастрычніка таксама будзе воблачна з праясненнямі. Часам пройдуць дажджы, ноччу на поўначы краіны месцамі чакаюцца моцныя дажджы. Вецер парывісты, на большай частцы тэрыторыі – моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад +3 ° на ўсходзе да +12 ° на захадзе краіны, максімальная ўдзень будзе +10–17 °.

8 кастрычніка будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, на паўночна-ўсходняй палове магчымы мокры снег. Вецер парывісты, на большай частцы тэрыторыі – моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +1–8 °, максімальная ўдзень будзе ад +4 ° на паўночным усходзе да +12 ° на паўднёвым захадзе Беларусі.

А калі ўлучаць ацяпленне?

Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка, кажучы пра ўлучэнне ацяплення ў Беларусі, нагадаў пра чарговасць гэтых дзеянняў. Першая чарга – сацыяльныя аб’екты (установы аховы здароўя і адукацыі), другая – жытло, трэцяя – вытворчыя будынкі ды аб’екты.

Ацяпленне ў дзіцячых садах, школах, аб’ектах аховы здароўя і большасці абʼектаў сацыяльнага забеспячэння ўлучаецца пры сярэднядзённай тэмпературы за пяць дзён  +10 ° і ніжэйшай. У жылых дамах, інтэрнатах, іншых установах адукацыі, тэатрах ды іншых будынках улучэнне ажыццяўляецца пры сярэдняй за дзень тэмпературы цягам пяці дзён +8 ° і ніжэйшай. Астатнія адміністрацыйныя, прамысловыя ды іншыя арганізацыі далучацца пасля поўнага ўлучэння ацяплення ва ўсіх жылых дамах.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў