Валерый Залужны прызнаў, што контрнаступ ЗСУ зайшоў у пазіцыйны тупік


Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны даў інтэрв’ю «The Economist», у якім упершыню даў стратэгічную ацэнку цяперашняй сітуацыі на фронце.

Сітуацыю на фронце Залужны параўнаў з баямі часоў Першай сусветнай вайны.

«Гэтак жа, як і ў Першай сусветнай вайне, мы дасягнулі ўзроўню тэхналогіяў, які ставіць нас у тупік… Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, не будзе», – заявіў генерал.

Хада контрнаступу ЗСУ падарвала надзеі Захаду на тое, што Украіна зможа з яго дапамогай прымусіць Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоваў. Гэта таксама падарвала перакананне генерала Залужнага, што ён зможа спыніць Расею, абяскровіўшы яе войскі.

«Гэта была мая памылка. Расея страціла сама меней 150 000 чалавек. У любой іншай краіне такія страты спынілі б вайну», – сказаў Залужны. Але не ў Расеі, дзе жыццё каштуе танна і дзе Пуцін арыентуецца на досвед Першай і Другой сусветных войнаў, у якіх Расея страціла дзясяткі мільёнаў людзей.

Планавалася, што падчас контрнаступу ЗСУ павінны былі б прасоўвацца з хуткасцю 30 км за дзень. Пры такіх тэмпах за чатыры месяцы можна было б дайсці да Крыму і адваяваць яго. Але за пяць месяцаў контрнаступлення Украіна прасунулася ўсяго на 17 кіламетраў. Замест імклівага прарыву Залужны назіраў, як украінскія войскі і тэхніка захрасалі на мінных палях, расстрэльваліся расейскай артылерыяй і беспілотнікамі.

«Спачатку я падумаў, што нешта не так з нашымі камандзірамі, таму змяніў некаторых з іх. Затым я падумаў, што, магчыма, нашыя салдаты непрыдатныя для выканання задачаў, і перавёў салдатаў у некаторых брыгадах», – цытуе словы галоўнакамандуючага «Українська правда».

Калі гэтыя змены не прынеслі выніку, галоўнакамандуючы загадаў сваім падначаленым знайсці кнігу, якую ён некалі бачыў, калі быў студэнтам вайсковай акадэміі ва Украіне. Яна называлася «Прарыў умацаванай паласы» і была апублікаваная ў 1941 годзе савецкім генерал-маёрам П. С. Смірновым, які аналізаваў бітвы Першай сусветнай вайны.

«І яшчэ да таго, як я прачытаў яе напалову, я зразумеў, што гэта менавіта тое месца, дзе мы цяпер, таму што, як і тады, узровень нашага тэхналагічнага развіцця сёння ўводзіць у ступар як нас, так і нашых ворагаў», – падзяліўся Залужны.

Гэты тэзіс, паводле ягоных словаў, пацвердзіўся, калі галоўнакамандуючы пабываў на лініі фронту ў Аўдзееўцы, дзе Расея пры мізэрным прасоўванні нясе вялізныя страты.

Залужны канстатуе, што цяпер на полі бою сучасныя сэнсары могуць выявіць любую канцэнтрацыю сілаў, а сучасная высокадакладная зброя можа яе знішчыць.

«Просты факт заключаецца ў тым, што мы бачым усё, што робіць вораг, а ён бачыць усё, што робім мы. Для таго каб выйсці з гэтага тупіку, нам трэба нешта новае, накшталт пораху, які вынайшлі кітайцы і якім мы да гэтага часу забіваем адно аднаго», – рэзюмаваў ён.

Аналітыка
Вайна на знясіленне трывае. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце ва Украіне
2023.10.26 19:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў