news
Аналітыка

Вайна на знясіленне трывае. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце ва Украіне

У каго першага скончацца рэзервы?
26.10.202319:38

Расейская армія, нягледзячы на вялізарныя страты працягвае штурмаваць украінскія пазіцыі вакол Аўдзееўкі. ЗСУ ў сваю чаргу не спыняюць наступальную аперацыю на мелітопальскім кірунку і актывізуюць дзеянні на левабярэжжы Херсоншчыны. Значнымі поспехамі пакуль не можа пахваліцца ні Украіна, ні Расея. Далейшае развіццё падзеяў на фронце будзе залежыць ад таго, у каго першага скончацца рэзервы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы стаяць ля ўваходу ў бліндаж пад Аўдзееўкай, Данецкая вобласць, Украіна. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

«Мурадаўшчына» пад Аўдзееўкай

Расейскае наступленне пад Аўдзееўкай распачалося 10 кастрычніка. Атакі вядуцца з двух кірункаў, на паўночным і паўднёвым флангах. Мэта Расеі відавочная: зрэзаць выступ, якія ўтвараюць сабой украінскія пазіцыі ў гэтым раёне, і ўзяць Аўдзееўку ў абцугі.

Імаверна, на гэтым участку расейцы яшчэ ніколі не выкарыстоўвалі настолькі масіравана бранятэхніку, артылерыю і авіяцыю. Аднак перамогу гэта ім не забяспечыла. У першыя два тыдні баёў пры мізэрным прасоўванні расейцы панеслі каласальныя страты.

«УС РФ працягваюць пасылаць у бой на гэтым кірунку батальён за батальёнам – з’ява, названая «мурадаўшчынай» па прозвішчы генерала Мурадава, які дзейнічаў падобнай чынам пры наступе на Вуглядар узімку 2023 года», – канстатуе даследчая суполка Conflict Intelligence Team (CIT).

Суполка Frontelligence Insight, заснаваная ўкраінскім афіцэрам пад нікам Tatarigami, на падставе дакументальна пацверджаных дадзеных толькі з 10 па 20 кастрычніку налічыла пад Аўдзееўкай больш за 109 адзінак страчанай Расеяй тэхнікі. А па непацверджаных дадзеных, украінцы за гэты час выбілі каля 200 адзінак варожай тэхнікі.

Вайсковы аглядальнік газеты «Bild» Юльян Рэпке (Julian Röpcke) мяркуе, што чалавечыя страты ў расейцаў склалі 2-3 тысячы чалавек.

Нават Z-супольнасць не хавае сваёй занепакоенасці вялізарнымі стратамі. Аўтар мілітарысцкага каналу «Говорит ТопаZ» яшчэ 19 кастрычніка адзначаў, «што гэты кірунак ужо зацямніў Бахмут па ўзроўні бардака, а неўзабаве зацямніць і па маштабах кровапраліцця». Telegram-канал «Мертвые головы» наракае, што ёсць пагроза марна выдаткаваць назапашаныя з зімы рэзервы, пры тым, што ў ЗСУ, упэўнены аўтар Z-каналу, аператыўныя рэзервы застаюцца.

«Мяркуючы па відэазапісах праціўніка, мы УЖО страцілі тэхнікі не менш, чым яны за ўсю летнюю кампанію пад Работына (месца галоўнага ўдару ЗСУ падчас контрнаступу – заўв. belsat.eu)», – рэзюмуюць «Мертвые головы».

Вайсковыя Z-блогеры наракаюць на неэфектыўнасць расейскай артылерыі і кепскую разведку. Некаторыя задаюцца пытаннем, а навошта ўвогуле было пераходзіць у наступленне пры такой кепскай падрыхтоўцы?

Сітуацыя абвастраецца

Нягледзячы на вялізарныя страты, расейцы на пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку. Для ЗСУ сітуацыя застаецца складанай.

Сітуацыя вакол Аўдзееўкі, Украіна. 25 кастрычніка 2023 года. Мапа: DeepStateUA / Telegram

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што расейцы, імаверна, прасунуліся на паўночны захад ад Краснагораўкі. Вайсковы аглядальнік Юльян Рэпке кажа, што становішча ўкраінцаў ускладнілася, а шырыня кантраляванага калідора забеспячэння Аўдзееўкі скарацілася.

Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец адзначае, што на паўночным фасе Аўдзееўскага раёна абароны праціўнік прарваўся да чыгункі і ўзяў пад кантроль пазіцыю «Тэрыкон». Да сяла Арлоўка (праз якое праходзіць лінія забеспячэння Аўдзееўкі) яму застаецца крыху менш за 5 км. Баі ўжо едуць на Аўдзееўскім каксіхіме.

«Сітуацыя на поўнач ад Аўдзееўкі сурʼёзна абвастрылася, – піша 26 кастрычніка галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.НЕТ» Юрый Бутусаў, – Нягледзячы на ​​вялікія страты, расейскія штурмавыя падраздзяленні паўночней Аўдзееўкі прасунуліся ўздоўж чыгункі, занялі раён шырынёй да 1 км, спрабуючы пашырыць кантраляваны калідор і стварыць умовы для канцэнтрацыі сіл і далейшага наступу ў напрамку Стэпава – Бэрдычы, і ў напрамку прамысловай зоны Аўдзееўскага коксахімічнага завода».

«Гэта вельмі сурʼёзная пагроза, якая патрабуе максімальнай увагі. Праціўнік разлічвае замацавацца ў будынку завода і заваяваць плацдарм для выхаду ў горад», – рэзюмуе ён.

Паводле Бутусава, Аўдзееўка мае для значна большае стратэгічнае значэнне, чым Бахмут, і расейскае камандаванне мае намер дасягнуць тут поспеху любой цаной.

Прыярытэт, які адышоў у цень

Падобна на тое, што для Расеі задача мінімум пад Аўдзееўкай – адцягнуць рэзервы ЗСУ з мелітопальскага і бахмуцкага кірункаў, каб прымусіць Украіну «замарозіць» контрнаступ і прызнаць няўдачу кампаніі 2023 году. Задача максімум – захапіць Аўдзееку, што стане не толькі важным ваенным поспехам, але і значнай перамогай на палітычным і прапагандысцкім узроўні.

Складана сказаць, у якой ступені расейскае наступленне пад Аўдзееўкай паўплывала на шанцы ЗСУ прарвацца да Такмаку ў Запарожскай вобласці. Аднак, хутчэй за ўсё, агрэсар усё-ткі прымусіў украінскае камандаванне перакінуць прынамсі некаторыя рэзервы з мелітопальскага кірунку на Усход. На гэта, паводле CIT, указвае апошні допіс украінскага рэжысёра Алега Сянцова, які ваюе ў складзе 47-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ. Раней ягонае падраздзяленне дзейнічала на мелітопальскім кірунку, а пяць дзён таму ён у сацсетках распавядаў ужо пра надзвычай цяжкія баі пад Аўдзееўкай.

Пры гэтым ЗСУ не згарнулі наступальную аперацыю на поўдні. 25 кастрычніка камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» генерал Аляксандр Тарнаўскі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы мелі частковы поспех на захад ад Вэрбовага. Украінцам трэба вызваліць гэта сяло, каб забяспечыць свае флангі падчас наступлення на Такмак – ключавы лагістычны вузел, кантроль за якім дазволіць крытычна ўскладніць забеспячэнне паўднёвай групоўкі РФ. Таксама ёсць непацверджаныя звесткі, што расейцы страцілі кантроль над паўночна-заходнімі ваколіцамі сяла Навапрокапаўку – гэта адно з трох паселішчаў на шляху да Такмаку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковыя медыкі адпачываюць у бліндажы пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласці, Украіна. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Аднак пакуль ні ў кірунку Такмаку, ні на флангу каля Вэрбавага істотна прасунуцца ў ЗСУ не атрымліваецца. ISW характарызуе апошнія поспехі ўкраінцаў на гэтым участку фронту як «нязначныя». Пры гэтым праціўнік рэгулярна контраатакуе.

Херсонская інтрыга

Цягам апошняга тыдня павышаная ўвага была прыцягнутая да херсонскага фронту. 17-18 кастрычніка ў сеціве сталі распаўсюджвацца паведамленні пра тое, што невялікія атрады ЗСУ прарваліся на левы бераг Дняпра і прасунуліся ўглыб акупаванай тэрыторыі на адлегласць да 4 км. Завязаліся баі ў раёне населеных пунктаў Пойма, Пясчанаўка і Крынкі Херсонскай вобласці.

Расейскія Z-каналы з яўнай занепакоенасцю каментавалі гэтыя падзеі: яны баяцца, што цяперашні абмежаваны прарыў можа быць прадвеснікам вялікай аперацыі ЗСУ. Іх занепакоенасць зразумець не цяжка. Расейцы лічылі гэты ўчастак фронту адносна «спакойным» і ў папярэднія месяцы паступова аслаблялі тут свае сілы, перакідваючы рэзервы на мэлітопальскі кірунак. Пры гэтым расейцы не маюць на Херсоншчыне такой магутнай эшаланаванай абароны, як у Запарожскай вобласці. Таму ў выпадку паспяховага стварэння плацдарму на левым беразе Дняпра і канцэнтрацыі значных сілаў, украінцы сапраўды могуць стварыць крытычную пагрозу для ўсёй расейскай абароны на Поўдні.

Аднак ці магчыма ў цяперашніх умовах правесці поўнамаштабную пераправу праз Днепр і разгарнуць на гэтым кірунку вялікае наступленне? Невядома. Паведамляецца, што ў апошнія дні значна павялічыла колькасць авіяўдараў на Херсоншчыне. «Як і ў большасці сектараў, вырашальным фактарам амаль напэўна зʼяўляецца здольнасць удзельнікаў баявых дзеянняў весці дакладны, інтэнсіўны артылерыйскі агонь. Першапачатковыя дадзеныя сведчаць аб тым, што Расея захавала значны артылерыйскі патэнцыял», – адзначаецца ў аглядзе брытанскай выведкі наконт сітуацыі на левым беразе Дняпра. Таму нельга выключаць, што Украіна проста хоча адцягнуць на гэты кірунак расейскія рэзервы з іншых участкаў фронту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады ўкраінскай арміі страляюць па расейскіх пазіцыях з РСЗА «Град» у Данецкай вобласці, Украіна. 20 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Факт аперацыі на левым беразе Дняпра ўкраінскае камандаванне пацвярджае, але ніякіх дадатковых звестак на гэты конт прынцыпова не агучвала. «У нас працягваецца баявая праца, якая не падлягае разгалашэнню», – заявіла 23 кастрычніка прадстаўніца ўкраінскага аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.

У апошняй зводцы Генштабу ЗСУ адзначаецца, што на херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы «вядуць контрбатарэйную барацьбу».

Расхістванне статус-кво

Такім чынам, характар баявых дзеянняў застаецца нязменным: ні ў расейскага войска, ні ў ЗСУ пакуль не атрымліваецца ўзламаць фронт. Прасоўванне бакоў вылічваецца сотнямі метраў, максімум – некалькімі кіламетрамі. У гэтай сітуацыі вынік супрацьстаяння па-ранейшаму залежыць ад таго, у каго застанецца больш рэзерваў і хто рэалізуе найлепшую стратэгію кіравання гэтымі сіламі.

Паколькі ЗСУ завязлі ў эшаланаванай сістэме абароны акупантаў на мелітопальскім кірунку, Расея вырашыла перахапіць ініцыятыву і распачала аперацыю па акружэнню Аўдзееўкі. Задума расейскага камандавання выглядае цалкам лагічна і перамога агрэсара пад Аўдзееўкай не выключана. Аднак пакуль дасягнуць сваіх мэтаў у іх не атрымліваецца.

Расейцы нясуць пад Аўдзееўкай ашаламляльныя страты пры мізэрных дасягненнях, што ва ўмовах вайны на знясіленне выглядае непраўдана рызыкоўным крокам, які можа змяніць сітуцыю на карысць Украіны (на гэта ўказваюць і некаторыя Z-каналы). Калі ўкраінцы здолеюць «перамалоць» пад Аўдзееўкай расейскія рэзервы, то ў перспектыве шанцы ЗСУ дамагчыся прарыву на Поўдні наадварот узрастуць.

Глеб Нержын belsat.eu