Расейцы страляюць па зямлі карабельнымі ракетамі, бо іншыя сканчаюцца. Што пішуць пра вайну 2 ліпеня


Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць украінскія гарады на большасці напрамкаў. Але калі ў Расеі трапная сучасная зброя сканчаецца, то Украіна паспяхова засвойвае новую ад заходніх краінаў.

На 129-ы дзень поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны расейскія войскі страцілі каля 35,9 тыс. асабовага складу, піша Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны.

Паводле штодзённай зводкі ЗСУ, расейскія войскі працягваюць абстрэльваць з артылерыі населеныя пункты ў большасці напрамкаў атакі. Кіраўнік Данецкай вобласці сцвярджае, што за мінулы дзень у Славянску ад расейскіх удараў загінулі чатыры мірныя жыхары, яшчэ адзін чалавек загінуў у Бахмуце на Луганшчыне (адміністрацыя Славянску заяўляе, што расейцы выкарыстоўвалі касетныя боепрыпасы).

Кіраўнік Луганскай вобласці піша, што ўчора ўкраінскія войскі адбілі дзве масаваныя атакі расейцаў у розных напрамках. Паведамляюць пра выбухі ў занятай расейцамі Чарнабаеўцы пад Херсонам, а таксама пра знішчэнне расейскага складу боепрыпасаў на ўсходзе Украіны.

Генштаб ЗСУ адзначае, што ў Беларусі працягнулі тэрміны мабілізацыйнага навучання: яно мела скончыцца 1 ліпеня, а было працягнутае да 9-га. Беларускім лекарам, сцвярджае ЗСУ, забаранілі выезд за мяжу.

Hавiны
Арэстовіч: Пагроза ўварвання з Беларусі – папсовы мэм
2022.07.02 08:43

Брытанская выведка ў штодзённай зводцы звяртае ўвагу на выкарыстанне Расеяй састарэлых карабельных ракетаў для ўдараў па наземных цэлях. Такой ракетай білі па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу. На думку брытанскіх выведнікаў, менавіта там была выкарыстаная не старая ракета Х-22, а ейная мадэрнізаваная версія Х-32, але і тая не прызначаная для дакладнага трапляння ў наземныя цэлі, асабліва ў гарадскіх умовах. А ракетамі Х-22, падобна, былі нанесеныя ўдары па Адэскай вобласці 30 чэрвеня.

Выкарыстанне ракетаў, відавочна небяспечных для мірных жыхароў, брытанская выведка тлумачыць тым, што ў Расеі, відаць, сканчаюцца запасы больш дакладнай і сучаснай зброі.

Украіна тым часам атрымлівае ўсё больш сучасную зброю ад заходніх супольнікаў. У Міністэрстве абароны Злучаных Штатаў кажуць, што Украіна паспяхова атакуе расейскія камандныя пункты амерыканскімі сістэмамі залпавага агню HIMARS і зрабіла вельмі цяжкім працяг расейскіх аперацыяў на востраве Змяіны з дапамогай ракетаў «Гарпун».

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Крэмль праводзіць прыхаваную мабілізацыю эканомікі, каб падрыхтавацца да зацяжной вайны, а таксама збіраецца інтэграваць Запарожскую АЭС у расейскую энергасістэму. Асноўныя вайсковыя высілкі Расеі цяпер скіраваныя на Лісічанск.

Hавiны
ЗША далі Украіне дапамогу яшчэ на $ 820 млн, у тым ліку дзве сістэмы супрацьпаветранай абароны
2022.07.02 09:08

У Данецку, што застаецца пад кантролем самаабвешчанай ДНР ужо восем гадоў, маці юнакоў-курсантаў пачалі пратэставаць, калі стала вядома, што баевікі лічаць іхных дзяцей «мясам» – так было запісана ў працоўным сшытку камандзіра. 1 чэрвеня жанчыны сабраліся на спантанны мітынг перад Акадэміяй МУС у Данецку супраць адпраўкі юнакоў на фронт.

Пры тым у так званых ДНР і ЛНР не было абвяшчэння ваеннага становішча, таму фармальна мабілізацыя мусіць быць добраахвотнай і паводле кантракту, але на мужчынаў адпаведнага ўзросту ўвесь час учыняюць аблавы, што раздражняе мясцовых жыхароў.

Hавiны
Беларусам Польшчы зрабілі асобны збор на «Байрактар» для Украіны
2022.07.02 11:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў