Толькі пачатак? Як вайна ва Украіне б’е па беларускіх прадпрыемствах


Вайна ва Украіне і заходнія санкцыі балюча ўдарылі па беларускіх прадпрыемствах і адрыкашэцілі на бізнесе. Найперш пад удар трапілі прадпрыемствы нафтаапрацоўвання, хімічнай вытворчасці, а таксама прадпрыемствы з замежным капіталам.

Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што на беларускім філіяле заводу «Stadler» вытворчасць цягнікоў фактычна спынілася. На прастой адправілі каля 70 зваршчыкаў, а прадукцыю (цягнікі) – кудысьці вывозяць.

Кампанія «Stadler Rail AG» са штаб-кватэрай у Швейцарыі – адзін з сусветных лідараў у вытворчасці транспарту для рэйкавых дарог: трамваяў, цягнікоў, лакаматываў, а таксама пасажырскіх вагонаў. Холдынгавая кампанія кантралюе дзевяць даччыных прадпрыемстваў, адно з якіх размяшчаецца ў Беларусі.

Інфармацыя пра спыненне вытворчасці прыходзіць таксама з «Нафтану» і «Паліміру».

З пятніцы 25 лютага падраздзяленні нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «Нафтан» працуюць толькі часткова. Узніклі праблемы з сыравінай і збытам – прадпрыемства працуе толькі з тым, што засталося на складзе. Калі цягам месяца сітуацыя не развяжацца, вытворчасць можа цалкам спыніцца.

Праблемы на «Нафтане» пацягнулі за сабой спыненне «Паліміру», які ўваходзіць у яго склад. Гэта адно з буйнейшых хімічных прадпрыемстваў Еўропы.

ААТ «Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы i нафтахiмiчны комплекс, якi выпускае розныя вiды палiва, масла змазачнае i бiтумы, араматычныя вуглевадароды i прадукты нафтахiмii. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Белсат

Нашыя чытачы паведамляюць, што праблемы ўзніклі і на Мазырскім НПЗ. На прадпрыемстве адмянілі ўсе выплаты, прадугледжаныя калектыўнаю дамоваю. З 1 сакавіка частку сістэмаў спынілі на рамонт, але рамонт звычайна праводзяць увосень. Усе работнікі разумеюць, што прычына – у адсутнасці збыту прадукцыі: Украіна была асноўным партнёрам. Сёння зʼявілася навіна пра тое, што заробак працаўнікам выдадуць загадзя, «пакуль ёсць грошы на рахунках».

На гарадзенскім хімічным гіганце «Азот» таксама разглядаюць магчымасць спыніць вытворчасць. Вайна ва Украіне і санкцыі прывялі да таго, што цяпер на прадпрыемства вяртаюцца цягнікі з ужо адгружанай прадукцыяй. Ёсць праблема з рэалізацыяй новай прадукцыі. Кіраўніцтва шукае выйсце з сітуацыі, адно з іх – часовае спыненне вытворчасці.

Цягам 2021 года «Горадня Азот» неаднаразова трапляла ў спісы еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыяў. Гэтак, ЗША аднавілі свае санкцыі супраць прадпрыемства ў красавіку 2021 года, асобна трапіў пад амерыканскія абмежаванні дырэктар «Азоту» Ігар Ляшэнка. З прычыны санкцыяў прадпрыемства губляе буйныя інвестыцыйныя праекты: напрыклад, ад супрацы з «Азотам» адмовіўся нямецкі дыстрыб’ютар хімічнай прадукцыі «Helm AG», практычна сарваны праект будаўніцтва новага азотнага комплексу коштам 1,2 млрд долараў, у якім падрадчыкам выступае італьянская фірма.

Быў замарожаны буйны інвестыцыйны праект аўстрыйскай «HS Timber Group» у Свіслацкім раёне.

Рэпартаж
Інвестыцыяў больш за $ 80 млн. Што з праектам аўстрыйскага «HS Timber Group» у Свіслацкім раёне?
2021.10.08 08:30

З праблемамі сутыкнуліся і беларускія вытворцы мэблі. Як стала вядома «Белсату», цяпер яны масава адмаўляюцца браць новыя замовы. Адна з прычынаў – прыпыненне імпарту сыравіны праз баявыя дзеянні ва Украіне. Вытворцы збіраюцца працаваць з тым, што засталося на складах, і шукаць замену. Абсалютная большасць фабрык патрабуе адразу 100-адсоткавай аплаты за прадукцыю – да стабілізацыі валютных курсаў. Гэта ставіць пад пагрозу мэблевы бізнес у Беларусі.

Фота: чытачы / Белсат
Фота: чытачы / Белсат

СП belsat.eu

Стужка навінаў