Сяброўка затрыманага рэйкавага партызана: Буду сустракаць яго як сапраўднага героя


Паводле дадзеных МУС, не менш за 60 рэйкавых партызанаў былі затрыманыя з пачатку вайны ва Украіне. Мы паразмаўлялі з сяброўкай аднаго з затрыманых (з меркаванняў бяспекі мы не можам назваць ні ейнага імя, ні імя затрыманага).

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Дзяўчына кажа, не была ў курсе, што ейны хлопец удзельнічае ў плане «Перамога». Пару разоў ён вярнуўся позна – казаў, што затрымаўся на працы. Аднойчы кудысьці пайшоў уначы.

«На мае пытанні нічога не адказваў. Казаў, што распавядзе мне потым, калі мы будзем піць шампанскае ў Дзень перамогі над лукашызмам. Гэта мяне вельмі пужала. Лепш бы ён мне распавёў, што плануе рабіць – я была б хоць неяк псіхалагічна гатовая да такога (затрымання – заўв. рэд.). А так мяне быццам токам працяла, калі я даведалася, што яго схапілі. Я плакала цэлы дзень ад страху. Ведаю, як з рэйкавымі партызанамі абыходзяцца гэтыя нелюдзі ў форме, яны ж могуць забіць. Адвакат нічога не расказвае, у яго падпіска. Сказаў толькі, што ён жывы і ў цярпімым стане. А што за «цярпімы» стан – не ведаю. Абы быў жывы, потым усё вылекуем».

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

На думку нашай суразмоўцы, выбар хлопца ўдзельнічаць у рэйкавай вайне быў даволі прадказальным. Ён браў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Хадзіў на маршы, але яго цудам не схапілі.

«Ён вельмі перажываў, што цяпер супрацьстаянне лукашызму стала такім… нябачным. Ён хацеў дзеяць, рабіць хоць нешта», – кажа сяброўка.

Са словаў дзяўчыны, да чыгункі ён дачынення ніякага раней не меў: хіба на цягніку кудысьці ездзіў.

«Але ён часта казаў, што Беларусь уратуюць партызаны. Яму вельмі падабалася гэтая ідэя і гісторыі аб тым, як падчас Другой сусветнай вайны людзі самі арганізоўвалі таемныя атрады і супрацьстаялі захопнікам. Таму тое, што ён прыняў удзел у «Перамозе», мяне не здзівіла. Калі шчыра, я вельмі ім ганаруся. Не ўяўляю, праз што ён цяпер праходзіць, праз якія пакуты, але ён герой і сустракаць яго я буду як сапраўднага героя».

Блізкія спадарыні падтрымліваюць яе, хаця некаторыя кажуць, што такая ахвяра была занадта высокай:

«Людзі прапаноўваюць грошы на адваката і на яшчэ нейкія патрэбы. На словах шмат салідарнасці. Але ж адзін наш знаёмец сказаў, што не трэба было яму ва ўсё гэта лезці. Крыўдна такое чуць. Чалавек зрабіў выбар, зрабіў смелы ўчынак – як можна гэта абясцэньваць? Але гэта адзінкавы выпадак – падтрымання ў шмат разоў больш, і гэта вельмі натхняе. Бо не зразумела, колькі ўсё працягнецца. Я рыхтуюся да таго, што чакаць давядзецца доўга. Але ў мяне перад вачыма прыклады трываласці іншых людзей, чые блізкія атрымалі тэрміны паводле палітычных матываў. Ніколі не думала, што буду сярод іх, але разуменне, што я ў такой сітуацыі не адна, дапамагае трымацца».

Аналітыка
«Механізмы рэпрэсіяў за думкі». Што стаіць за праўкамі ў закон аб смяротным пакаранні за спробу тэрарызму
2022.04.28 20:13

2 сакавіка МУС паведаміў, што будзе расцэньваць дзеянні рэйкавых партызанаў як тэрарызм. Паводле беларускага заканадаўства, за акт тэрарызму чалавеку пагражае да 15 гадоў турмы, здзейснены акт паўторна, або групай асобаў з папярэдняй змовы – да 20 гадоў, а за акт, здзейснены арганізаванай групай – да 25 гадоў, ці пажыццёвае пазбаўленне волі, ці смяротнае пакаранне.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў