Пад Бахмутам загінуў беларус Данііл Ляшук з пазыўным Маджахед


Шэраг украінскіх крыніцаў паведаміў 1 красавіка аб гібелі грамадзяніна Беларусі Данііла Лешука ў баях пад Бахмутам. Ляшук быў асуджаны ва Украіне за марадзёрства, выкраданні і катаванні ў час вайны на Данбасе, але адбыў тэрмін і вярнуўся на вайну.

Данііл Ляшук з пазыўным Маджахед ва Украіне. 13 лістапада 2022 года.
Фота: denivendettiofficial / Telegram

Аб гібелі Данііла Лешука паведамляюць на Telegram-каналі загінулага, пра гэта таксама кажуць капелам Хаджымурад Пуцілін, былы дэпутат Андрэй Лазавы, ваяр Дмытро Лінько і іншыя. Ягоныя паплечнікі просяць надаць яму званне Героя Украіны пасмяротна. Сцвярджаецца, што цела загінулага забралі і збіраюцца адправіць для пахавання ў Беларусь.

Яшчэ 31 сакавіка ён публікаваў відэа ў TikTok, у якім скардзіўся на надвор’е ў Бахмуце, за дзень да таго паказваў, як байцы спакойна і нават з гумарам рэагуюць на абстрэлы.

Данііл Ляшук – грамадзянін Беларусі, родам з Берасця, яму было 27 гадоў. Прыехаў ва Украіну ў 2014 годзе, у самым пачатку вайны на Данбасе далучыўся да ўкраінскага батальёну «Тарнада». У 2015 годзе Генеральная пракуратура Украіны высветліла, што байцы батальёну ў Луганскай вобласці выкрадалі людзей, гвалтавалі і забівалі, марадзёрствавалі. Адпаведную роту расфармавалі, 12 байцоў асудзілі. Ляшук тады схаваўся, але пазней яго затрымалі ў гатэлі пад Кіевам – яго апісвалі як «самага небяспечнага ды жорсткага з усіх падазраваных».

У 2017 годзе Лешука асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі, збіраліся экстрадаваць у Беларусь. Ён выйшаў на волю ў 2021 годзе праз закон, які залічвае дзень папярэдняга зняволення за два ў няволі. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне Ляшук зноў пайшоў на фронт, стаў камандзірам групы «Vendetta», перажыў раненне і зноў вярнуўся на фронт.

Ляшук не ўтойваў неанацысцкіх і радыкальна-ісламісцкіх поглядаў: так, у час зняволення ён вывесіў сцяг са свастыкай з вакна СІЗА.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў