Масква ўпэўненая, што Лукашэнку няма куды падзецца з падводнай лодкі

Менск можа адмовіцца ад Саюзнай дзяржавы з Расеяй. Такі мэсідж можна пры жаданні прачытаць у вялікім інтэрв’ю міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея пяці незалежным медыям.

Гэты нібыта востры момант іншыя рэсурсы адразу выхапілі з расцягнутых разважанняў міністра ды вынеслі ў загалоўкі. Але хайп хайпам, а паклаўшы руку на сэрца – вожыку ясна, што на такі дзёрзкі крок цяперашняе беларускае кіраўніцтва ніколі не пойдзе.

Беларускі прэзідэнт не падобны на камікадзэ

Так, Макей заявіў, што грамадства мае права паставіць пытанне, ці патрэбная беларусам Саюзная дзяржава, і што ёсць «заканадаўчыя моманты, якія дазваляюць падрыхтаваць адпаведныя петыцыі, звароту, вынесці пытанне на рэферэндум і гэтак далей». Але вось наконт «і гэтак далей» як раз усё вельмі сумнеўна.

Петыцыі, вядома, можна пісаць да пасінення. Аднак сістэма заканадаўчых і адміністрацыйных рэдутаў у Беларусі такая, што любыя спробы апазіцыі, грамадзянскай супольнасці прабіць свой парадак дня, а тым больш ініцыяваць плебісцыт асуджаныя на правал.

Меркаванні
Беларускае – толькі па адмашцы. Каб стрымліваць «свядомых» і не раззлаваць Маскву
2019.06.24 16:18

Вядома, улады ўмеюць праводзіць патрэбныя ім рашэнні «на просьбы працоўных» (маладыя не ведаюць: пад такой маркай у Савецкім Саюзе нават падымалі кошты). Але Аляксандр Лукашэнка не падобны на камікадзэ.

Расея не аддасць стратэгічны балкон

Беларускі кіраўнік, што адчувае нутром найменшыя пагрозы, адразу прымераў на падуладную яму тэрыторыю крымскі сцэнар 2014 года. Бо Крэмль адхапіў Крым перш за ўсё таму, што спалохаўся амерыканскіх эсмінцаў у Севастопалі. Спрацавалі фобіі, што Украіна пасля звяржэння Віктара Януковіча наўпрост пойдзе ў NATO і праклятыя супастаты падбяруцца яшчэ бліжэй.

Беларусь для Масквы – перш за ўсё стратэгічны плацдарм, балкон, які навісае над еўрапейскім тэатрам ваенных дзеянняў (пакуль гіпатэтычных). Капрызнаму беларускаму правадыру дазваляецца франдзіраваць, але разрыву інтэграцыйных путаў, адмовы ад саюзніцкіх абавязкаў (асабліва ў ваенна-палітычнай сферы) Крэмль не пацярпіць.

Меркаванні
Чаму Лукашэнка і Макей сталі дзёрзка паводзіць сябе з Крамлём
2019.10.11 19:57

Крэмль сочыць за вернасцю саюзніка

Міністр Макей па-усялякаму бадзёрыўся ў сваім інтэрв’ю: маўляў, мы адбіліся ад палітычных надбудоваў, якія Масква хацела прадушыць у рамках паглыбленай інтэграцыі, і зараз засталася чыста эканамічная гарманізацыя, а гэта для суверэнітэту не мае пагрозы.

Па-першае, усё роўна небяспечна, таму што беларуская эканоміка слабая і намёртва прылепленая да расейскай. Далейшае збліжэнне багата банальным паглынаннем.

Па-другое, Масква працягвае ціснуць адмовай ад ранейшых эканамічных прэферэнцыяў (нафта, газ, крэдыты і інш.)

Да таго ж у Расеі сталі прыдзірліва адсочваць прыкметы беларускай «здрады»: вось глядзіце, патураюць «мясцовым бандэраўцамі», вось падлашчваюцца з амерыканцамі, якія часта наведваюць Менск з візітамі, а вось – жах-жах-жах – нашую грамадзянку гатовыя здаць праклятым заакіянскім супастатам.

Што паказаў скандал з Багачовай

У апошнім выпадку я маю на ўвазе скандал з затрыманнем у Беларусі на запыт Інтэрпола расянкі Ганны Багачовай, якую звязваюць з «фабрыкай троляў» Яўгена Прыгожына і якую амерыканцы абвінавачваюць ва ўмяшанні ў іх выбары.

Спалох беларускага начальства, якое міжволі падставіў невядомы службіст, прабіў Багачову па базе, апынуўся настолькі вялікім, што ўлады сталі нязграбна адмаўляць нават сам факт затрымання.

Больш за тое, сёння Лукашэнка асабіста апраўдваўся за гэтую гісторыю на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным. І наракаў, што з гэтай нагоды пагналі хвалю «розныя« Незыгары» вашыя і іншыя».

ВІДЭА
«А як інакш?» Лукашэнка пракаментаваў вызваленне Багачовай
2019.10.17 11:51

Гэта значыць, у Менску сёння пабойваюцца нават куслівых расейскіх тэлеграм-каналаў. Пры тым, што нагода, калі разабрацца, выедзенага яйка не вартая: ну праверылі, ну адпусцілі з богам.

А вы кажаце – рэферэндум аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы. Ды тут толькі заікніся ў практычным плане – пёры паляцяць.

Да таго ж Лукашэнка сам быў у 90-я палымяным інтэгратарам, прыспешваў у гэтым плане Маскву, спяшаўся каваць гэтую самую Саюзную дзяржаву. Іншая справа, што тады былі віды на Крэмль, а цяпер думка – як хоць бы ацалець, застацца пры сваіх.

Але адмовіцца ад саюзнай дамовы, за якую сам выступаў, для беларускага лідара неймаверна, акрамя ўсяго іншага, і таму, што гэта азначала б прызнаць тупік, заганнасць усёй сваёй шматгадовай палітыкі «братэрскай інтэграцыі».

Гэта і шантажом назваць нельга

Вы спытаеце, навошта ж тады дасведчаны Макей дазволіў сабе пасаж, хай і туманна-тэарэтычны, на гэтую тэму.

Я б не стаў тут гарадзіць канспіралогіі, шукаць складаных задумак. Проста чортавыя журналюгі прыліплі як банны ліст. Ну не мог жа міністр сказаць: не вашая сабачая гэта работа лезці ў нашыя паміжсабойчыкі з Масквой. Таму падаў сітуацыю так, быццам у краіне ёсць дэмакратыя (ага, трымайце кішэнь шырэй).

Гэты пасаж аб магчымым рэферэндуме нават завуаляваным шантажом Масквы назваць нельга. Роўна як і заявы самога Лукашэнкі, што гучаць час ад часу, маўляў, вось станем пампаваць нафту праз Польшчу і зоймем трубу, якая вам патрэбная для экспарту.

Рэальны шантаж – гэта калі пагроза мацнейшая за выкананне. А пра беларускага партнёра Масква даўно зразумела: ну куды ён дзенецца з падводнай лодкі! Лукашэнка сам прызнаецца, што ў Еўропе яго (праўда, абагульнена гаворыцца «нас») не асабліва чакаюць. Дык куды – з саўковай эканомікай і паўфеадальным рэжымам абсалютнай улады.

І таму Крэмль будзе даціскаць.

Меркаванні
Вайсковы саюз з Расеяй стаў для Беларусі пагрозай
2019.09.13 14:40

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік/МВ – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў