«А як інакш?» Лукашэнка пракаментаваў вызваленне Багачовай


Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю вакол грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай, якую затрымалі ў Менску на запыт Інтэрполу, але хутка адпусцілі на волю. Нагадаем, Багачову ЗША вінавацяць ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары.

«Трэба разумець, што мы практычна дзейнічаем як на тэрыторыі адной дзяржавы ў падобных выпадках. Што Расея ў адносінах да нашых грамадзянаў, што мы ў адносінах да расейскіх. І тут не можа быць ніякіх іншых варыянтаў, як абарона інтарэсаў Расеі і грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Таму накручваць там чагосьці, што ў Беларусі затрымалі і гэтак далей… », – адзначыў Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці РФ Андрэем Нікіціным, паведамляе БелТА.

«А як інакш? Вось у нас адзіная сістэма. Чалавека, які прыбывае ў Беларусь, засяляецца, – мы ж IT-краіна – у камп’ютары высвечваецца прозвішча чырвоным шрыфтам. Гэта значыць ён знаходзіцца пад нейкай увагай. Я вобразна кажу: чырвоны колер – паглядзелі, такі-такі чалавек… што трэба зрабіць? Разабрацца. Можа быць, чалавек здзейсніў забойства, яшчэ нешта. Мы ж не ведаем, мы бачым толькі прозвішча. Вось мы і ўдакладнялі, што да чаго. Калі мы ўбачылі, што нібыта нехта ўмешваўся ў амерыканскія выбары, то пасля гэтай размовы не было», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка адзначыў, што вакол сітуацыі з затрыманнем Багачовай «цэлая рэвалюцыя паднялася», пайшлі абвінавачванні ледзь не на адрас яго самога.

У сувязі з гэтым Лукашэнка заявіў, што ў свой час, больш за 10 гадоў таму, амерыканскі амбасадар у Беларусі разам з шэрагам іншых дыпламатаў пакінулі краіну па патрабаванні беларускага боку нібыта за ўмяшанне ў выбары. «Адкрытае ўмяшанне. Удзел у дэманстрацыях і іншае, – адзначыў ён. – Скажыце, як я пасля гэтага павінен ставіцца да ўмяшання ў амерыканскія выбары, калі нават было».

  • 15 кастрычніка медыі паведамілі пра затрыманне ў Менску грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай, якую вінавацяць ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары. Амбасада РФ цягам адной гадзіны спачатку пацвердзіла затрыманне (якое адбылося яшчэ 13 кастрычніка), а потым адразу заявіла, што Багачова ўжо на волі.
  • 16 кастрычніка намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што беларускія праваахоўныя органы не ўжывалі захады працэсуальнага прымусу да Ганны Багачовай. «Яна [Багачова. – Рэд. Belsat.eu] заставалася на волі», – падкрэсліў Стук. Паводле яго, інфармацыя пра затрыманне стала вынікам таго, што прадстаўнікі медыяў не ведаюць тонкасцяў і значэння праваахоўных фармулёвак, а «прэс-сакратары не зусім даходліва данеслі гэтую інфармацыю».
Hавiны
Кароткае затрыманне Багачовай: галоўныя пытанні і адказы
2019.10.16 11:05

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў