Чаму Лукашэнка і Макей сталі дзёрзка паводзіць сябе з Крамлём

Прэса ўжо на аўтамаце дзяўбе, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць праграму паглыблення інтэграцыі да 8 снежня – 20-годдзя Саюзнай дзяржавы. Але гэта далёка не факт. Менск здольны сапсаваць Крамлю свята. На што даволі празрыста намякае ў апошні час.

Прычым інтрыга закручваецца. Учора Масква вуснамі Алега Восіпава, прэс-сакратара кіраўніка ўрада, высмеяла спробы беларускага міністра фінансаў Максіма Ермаловіча падлічыць страты бюджэту Беларусі ад расейскага падатковага манеўру:

«Немагчыма страціць тое, што табе не належыць».

Маўляў, гэтыя нібыта страты «не адносяцца да існуючых абавязацельстваў РФ перад рэспублікай, у тым ліку фінансавых».

Менск атрымлівае пстрычкі па носе

Карацей, беларусаў – і не ўпершыню за апошні час – пстрыкнулі па носе. Тыпу: гэта вашыя праблемы, мы не пры справах. Зразумела, прэс-сакратар Дзмітрыя Мядзведзева (які ў снежні мінулага года і прад’явіў Менску інтэграцыйны ультыматум) не адважыўся б на такі тон, не будзь упэўнены, што адлюстроўвае настроі самага высокага расейскага кіраўніцтва. І дэ-факта гэта пстрыкнулі па носе не чыноўніка Ермаловіча, а самога Аляксандра Лукашэнку.

Так, у ліпені ў Санкт-Пецярбургу беларускі прэзідэнт сам прапанаваў Уладзіміру Пуціну падпісаць новы інтэграцыйны дакумент да 8 снежня. Але не ўсе звярнулі ўвагу на агаворку:

«Ні адной праблемы, я так мяркую, мы не павінны вынесці за межы гэтага тэрміну».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на Форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, 18 Ліпеня 2019 года. Фота – kremlin.ru

Пад «кучай бягучых праблем», якія, маўляў, ляжаць на паверхні, Лукашэнка, як лёгка зразумець, меў на ўвазе нафтагазавыя, фінансавыя і іншыя, рашэнне якіх залежыць ад Масквы, а зацяжка вельмі адчувальная для беларускай эканомікі.

Кіраўніцтва Беларусі відавочна спадзявалася, што пасля таго, як 6 верасня ў Маскве прэм’еры дзвюх краін парафіравалі дакумент аб далейшай інтэграцыі, скрануцца з мёртвай кропкі важныя перамовы. Перш за ўсё – аб кампенсацыі за той самы падатковы манеўр (які б’е па даходнасці беларускага экспарту нафтапрадуктаў), кошце газу для Беларусі з 2020 года (Менск хацеў бы ў ідэале мець цэннік Смаленскай вобласці), выдачы абяцаных крэдытаў.

Інтэграцыйнае свята можа быць сапсавана

Але не тут-то было. Масква, як бачым, развязваць гэтыя вузлы не спяшаецца ды яшчэ і насміхаецца. І Менску гэта відавочна не падабаецца. У верасні Лукашэнка ўжо звярнуўся да лёгкага шантажу:

«…Калі мы праз Польшчу пачнем пастаўляць нафту, то мы забярэм дзве ніткі нафтаправода «Дружба», па якім на экспарт ідзе расейская нафта. Гэта трэба расейцам?»

Затым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у канцы верасня даў дзёрзкае інтэрв’ю расейскаму агенцтву РБК.

Hавiны
Макей: З боку Расеі гучалі абсалютна непрымальныя прапановы па інтэграцыі
2019.10.01 09:38

Па-першае, ён пацвердзіў падазрэнні беларускіх алармістаў з нагоды «паглыбленай інтэграцыі», заявіўшы, што Масква спрабавала навязаць прапановы, «якія былі абсалютна непрымальныя» (напрыклад, стварыць наднацыянальныя структуры). Па-другое, сказаў як бы няўзнак, што «калі мы не вырашым сённяшнія праблемы, то казаць аб паглыбленай інтэграцыі не даводзіцца». Чытай: калі не атрымаем сваё, то падпісваць праграму да прыгожай даты не станем.

Затым у кулуарах форуму «Менскага дыялогу» Макей абсалютна недыпламатычна пракаментаваў публікацыі прарасейскіх телеграм-каналаў, якія абвінавачваюць Менск у актыўнай беларусізацыі на шкоду расейскай мове:

«Абсалютна неабгрунтаваныя, нейкія вар’яты, дурныя выпады супраць Беларусі».

А Лукашэнка на тым жа форуме падсыпаў Крамлю перцу, заявіўшы з нагоды Данбаса:

«І не трэба толькі пасля мяне казаць, што гэта не канфлікт Расеі і Украіны».

Абноўлена
Лукашэнка: Не трэба казаць, што на Данбасе не канфлікт Расеі ды Украіны
2019.10.08 11:31

На што быў вымушаны адразу адрэагаваць рытуальным адмаўленнем прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

У дадатак беларускі прэзідэнт на форуме выразна ўпісаўся за маладога ўкраінскага калегу Уладзіміра Зяленскага, з якім некалькімі днямі раней дэманстратыўна братаўся на сустрэчы ў Жытоміры. Таксама дэманстратыўна Лукашэнка там агітаваў Зяленскага за кааперацыю ў ракетабудаванні. Тым самым дэ-факта паказваючы кукіш у кішэні Крамлю, які не вельмі-то шчодры ў плане забеспячэння беларускага саюзніка сучасным узбраеннем.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі на Форуме рэгіёнаў у Жытоміры, 4 кастрычніка 2019 года. Фота – president.gov.ua

Троліць, але з арбіты не сарвецца

Як бачым, што датычыць палітычнага тролінгу Лукашэнка і сам мастак. Больш за тое, ён здольны не толькі на вербальныя шпількі, але і на рэальныя крокі ў піку Маскве, калі зачэплены за жывое.

У чэрвені 2009 года праз малочную вайну беларускі кіраўнік байкатаваў важны саміт АДКБ у Маскве, на якім ад яго чакалі подпісу пад пагадненнем аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання. У 2014 годзе, дамагаючыся пералічэння экспартных пошлін на нафтапрадукты ў беларускі бюджэт, Лукашэнка пагражаў не падпісаць дамову аб стварэнні ЕАЭС. У снежні 2016 года, калі быў чарговы разлад з нагоды нафты і газу, праігнараваў саміты ЕАЭС і АДКБ у Санкт-Пецярбургу, адсунуўшы падпісанне Мытнага кодэксу ЕАЭС.

Так што і гэтым разам скандал з падпісаннем важнага для Масквы дакументу не выключаны. Беларускі кіраўнік навучыўся біць па адчувальных месцах Крамля, для якога важныя поспехі яго інтэграцыйных праектаў.

Аднак дэмаршы дэмаршамі, а сарвацца з калямаскоўскай арбіты Лукашэнка не можа. У выніку і па пытанні «паглыблення інтэграцыі» бакі пасля пікіроўкі, верагодна, прыйдуць да кампрамісу, які можа апынуцца бомбай запаволенага дзеяння для беларускага суверэнітэту.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў