Аляксандр Класкоўскі Беларускае – толькі па адмашцы. Каб стрымліваць «свядомых» і не раззлаваць Маскву

палітычны аглядальнік, публіцыст

День открытия Европейских игр-2019 в Минске. Фото – Ирина Ареховская, belsat.eu

Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Менску, мяркуючы па сацыяльных сетках, спадабалася нават той частцы беларусаў, якія не любяць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Фішка ў тым, што ў шоу было маляўніча, крэатыўна прадстаўлены нацыянальны пачатак.

Гісторыю беларускіх зямель паказалі не ў саўкова-урэзаным варыянце, а з сівых часоў: Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, рыцары з гербам «Пагоня» на сцягах, магнаты, асветнікі… Гучалі вершы класікаў на беларускай мове.

Мова тытульнай нацыі – у маргінальнай нішы

Неазнаёмлены спытае: а што ў гэтым дзіўнага? Справа, аднак, у тым, што беларускія ўлады традыцыйна насцярожана ставяцца да праблематыкі нацыянальнага.

У савецкі час тутэйшыя камуністычныя босы, імкнучыся выглядаць перадавікамі ў вачах Крамля, працягвалі русіфікацыю, якую распачаў царызм. Нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х аказалася нядоўгім. Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, абвясціў курс на «братняе яднанне» з Расеяй, правёў рэферэндум з пытаннем аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, што яшчэ мацней маргіналізавала спрадвечны мову тытульнай нацыі.

Дзеля маскоўскіх субсідыяў, танных газу і нафты была, па сутнасці, працягнутая тая ж забойная для нацыянальнага духу русіфікацыя. Рэзка зменшылася доля школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, вышэйшая адукацыя амаль паўсюль рускамоўная. Эфір запоўнены кантэнтам расейскіх тэлеканалаў.

Але «братэрская інтэграцыя» вылезла бокам. Зараз Масква ўжо ня хоча даваць танна газ і нафту. А ў дадатак пад маркай выканання саюзнай дамовы 1999 году спрабуе навязаць сцэнар ціхай інкарпарацыі.

Трыкалоры і гусь-дыназаўр. Фотарэпартаж з фан-зоны Еўрапейскіх гульняў

У «свядомых» бачаць ворагаў

Па ідэі, у гэты крытычны момант уладам трэба было б рабіць стаўку на ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці. Аднак яны ў пастцы.

Нават нясмелыя спробы так званай мяккай беларусізацыі (вышыванкі на святах, шыльды на беларускай) выклікаюць абурэнне ў расейскіх медыях. Маўляў, Беларусь становіцца на слізкі шлях Украіны, Лукашэнка патурае мясцовым бандэраўцамі, русафобіі.

На самой справе нязменны беларускі прэзідэнт сілкуе даўнюю непрыязнасць да тых, каго называе «свядомыя» («свядомымі»). Гэта для Лукашэнкі – палітычныя ворагі, «пятая калона».

Амаль уся апазіцыя прынцыпова гаворыць па-беларуску і выступае за еўрапейскі шлях краіны, жорстка крытыкуе небяспечныя для суверэнітэту палітычныя гульні з Масквой.

Аўтарытарны беларускі кіраўнік разумее: калі запусціць сапраўдную беларусізацыю з апорай на грамадзянскую супольнасць, а не на бутафорскія праўладныя арганізацыі накшталт БРСМ (нешта накшталт камсамола 2.0), то падымуць галаву, узмоцняць свой уплыў менавіта тыя, у кім кіраўнік дзяржавы бачыць пагрозу асновам. І гэтая пагроза для Лукашэнкі, мабыць, страшней, чым вокрыкі з Масквы.

II Еўрапейскія гульні: Менск – у чаканні галоўнай спартовай падзеі 2019 года

Улады працягваюць капаць яму суверэнітэту

Паказальна, што мінулай вясной Лукашэнка адмовіў нацыянальна свядомай публіцы ў правядзенні Дня Волі на стадыёне «Дынама» – тым самым, на якім цяпер адкрыліся Еўрапейскія гульні. І адмовіў менавіта пад падставай падрыхтоўкі да гэтых спаборніцтваў. Тыпу газон патопчуць. Але справа была, вядома, не ў газоне. Проста палітыка такая: шмат волі «свядомым» не даваць.

Бо ў тых – свае сцэнары на розуме. Вось артысты, апранутыя рыцарамі і асветнікамі, – іншая справа, тут усё па сцэнары, зацверджаным наверсе. Нічога страшнага, можна паказаць як кавалачак мясцовай экзотыкі нават прыбыламу на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў прэм’еру Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву.

Аляксандр Лукашэнка, прэм’еры Расеі і Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас на цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў-2019. Фота – Forum / Dmitry Astakhov / Russian Government Press Ofiice / TASS

Але пры гэтым, сустракаючыся ў той жа дзень з Мядзведзевым асабіста, беларускі афіцыйны лідар прамовіў:

«Як Пуцін кажа, мы – адзін народ. Таму мы радыя вас бачыць тут».

Так-так, вось і прыхільнікі імперскага рэваншу кажуць: няма ніякіх беларусаў, гэта тыя ж рускія, так навошта гэта непаразуменне ў выглядзе асобнай дзяржавы?

Зразумела, што Лукашэнка не хоча аддаваць уладу над краінай. Але занадта далёка зайшлі гульні ў інтэграцыю. І дэ-факта ўлады сваімі рукамі працягваюць капаць яму суверэнітэту Беларусі.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Лукашэнка ў пастцы, або Не гуляйце з імперыяй

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu /ІР

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары