ІТ-кансультанту Глебу Рубанаву далі штраф за рэпост чатырох літараў


Сёння, 13 траўня, у судзе Савецкага раёну Менску разглядзелі справу ІТ-кансультанта Глеба Рубанава, якога раней міліцыянты падманам выманілі на двор, затрымалі паводле абвінавачання ў экстрэмізме і на 30 гадзінаў змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Суд пакараў Рубанава штрафам 40 базавых велічыняў. Але сваёй віны ён не прызнаў і будзе абскарджваць рашэнне суда.

Рубанава абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП Беларусі «Распаўсюд, выраб, захоўванне і перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Максімальнае пакаранне па ім для фізічнай асобы прадугледжвае адміністратыўны арышт або штраф памерам да ста базавых велічыняў (да 2550 руб.).

ІТ-кансультанту Глебу Рубанаву інкрымінуюць, што 5 сакавіка гэтага году ён нібыта змясціў у каментарах пад пастом у «Facebook» абрэвіятуру з чатырох літар, якая занесена ў дзяржаўны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Аднак каментар ад імя акаўнту «Hleb Rubanau» утрымліваў не саму абрэвіятуру, а толькі спасылку на пост іншага карыстальніка сацсеткі.

Hавiны
Ноччу ў Менску затрымалі IT-кансультанта Глеба Рубанава
2019.05.07 10:02

Працэс распачаўся а 10.00 13 траўня. Паседжанне вяла суддзя Вера Галаўкова, якая раней судзіла грамадскіх актывістаў, а таксама журналістаў «Белсату». Яна пастанавіла спачатку заслухаць паказанні абвінавачанага, потым перайсці да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы, а потым заслухаць паказанні сведкаў-міліцыянтаў. Рубанаў папярэдзіў, што прыехаў у суд з ціскам пад 170, на мяжы гіпертанічнага крызу.

Каментар у сацсетцы заўважылі ў ГУБАЗіК і 13 сакавіка накіравалі ў РУУС Савецкага раёну паведамленне аб магчымым правапарушэнні, здзейсненым з акаўнту «Hleb Rubanau». Міліцыя, у сваю чаргу, склала пратакол і без подпісу самога Рубанава накіравала яго ў суд. Там некарэктна аформлены дакумент не прынялі і вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку. Пасля гэтага ўчастковыя пачалі турбаваць Глеба тэлефанаваннямі з просьбай з’явіцца ў аддзяленне на гутарку, але той запатрабаваў, каб яго выклікалі належным чынам – праз афіцыйную позву. 16 красавіка з невядомага нумару праз «Вайбер» яму даслалі фота пратакола. Глеб настойваў на нелегітымнасці такой камунікацыі з праваахоўнікамі.

7 траўня а 4.30 ранку Рубанаву на хатні нумар патэлефанаваў чалавек, які назваўся старэйшым участковым і папрасіў выйсці на вуліцу, бо ягоны аўтамабіль нібыта нехта разграміў.

«Калі я спусціўся на двор, да мяне з цывільнай машыны накіраваліся двое міліцыянтаў, яны не назваліся. Мы разам агледзелі мае аўто, але пашкоджанні там былі і раней, бо яно ўжо старое і патрабавала рамонту і тэхагляду. Меркаваны вандал, паводле іх слоў, ужо быў дастаўлены ў РУУС. А потым мне заявілі, што мяне як раз шукае ўчастковы, таму я мушу праехаць у пастарунак. На пытанне, ці я затрыманы, сказалі: «Не, але калі паспрабуеце сысці – будзеце затрыманыя», – распавёў Глеб Рубанаў.

Затым Рубанава адвезлі ў Савецкі РУУС, дзе склалі новы пратакол, але Глеб з ім не пагадзіўся. «Фабула была некансістэнтная», – тлумачыць ён.

«У аддзяленне я паехаў добраахвотна, час, калі я сеў у іхную машыну, пазначаны як фактычны час затрымання – але затрымання на той момант яшчэ не было», – кажа ІТ-кансультант.

Пад вартай айцішніка пратрымалі 30 гадзінаў, нягледзячы на кепскі стан здароўя. На наступныя содні яго збіраліся адпусціць, але пратакол усё ж патрабаваў дапрацоўкі. У мінулую суботу міліцыя ў трэці раз склала пратакол, у выніку суд прызначылі на 13 траўня.

Аб’ектыў
Падманам затрыманага за рэпост Глеба Рубанава адпусцілі з-пад варты, а суд перанеслі
2019.05.08 22:23

Падчас паседжання Рубанаў хадайнічаў узяць пад увагу той факт, што ён даглядае за маці-інвалідам I групы і 4-гадовым дзіцём, а гэта не дазваляе прымяняць да яго адміністратыўны арышт. Таксама ён папрасіў суд даць прававую ацэнку законнасці такога адвольнага затрымання. Акрамя таго, паводле Рубанава, матэрыялы справы (і змест некаторых дакументаў) сёння адрозніваліся ад тых, што яны з адвакатам бачылі ў суботу. Яшчэ адно хадайніцтва абвінавачанага – права на кампенсацыю маральнай шкоды ад дзеянняў міліцыі. Гэтыя хадайніцтвы суддзя задаволіла.

Затрымлівалі Рубанава маёр Дзяніс Варанішча і капітан Аляксандр Белы – участковыя РУУС Савецкага раёну. Яны былі запрошаныя ў якасці сведкаў. Як засведчыў Варанішча, раніцай 7 траўня ён быў задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку на вуліцы, дзе жыве Рубанаў, і раптам заўважыў машыну са спушчаным колам. Ён паведаміў участковаму і той патэлефанаваў Рубанаву.

Мяркуючы па словах міліцыянта, уся сітуацыя была супадзеннем. Але тыя самыя Варанішча і Белы раней займаліся «экстрэмісцкай справай» Рубанава. У пратаколе Варанішча напісаў, што затрымаў Рубанава па падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння, але на судзе ён сказаў, што зрабіў гэта дзеля «забеспячэння ўдзелу ў адміністратыўнай справе», бо Рубанаў нібыта раней хаваўся ад міліцыі. Адвакат Аляксандр Галееў указаў на несупадзенні ў сцверджаннях Варанішча.

Глеб Рубанаў.
Фота: «Белсат»

Рубанаў падкрэслівае: устанавіць асобу па акаўнце ў «Facebook», калі гаворка ідзе пра звычайную «адміністратыўку», а не міжнародную спецаперацыю, амаль немагчыма. Нават высветліўшы ІР-адрас, з якога чалавек зайшоў у сацсетку, ідэнтыфікаваць, што гэта менавіта ён (а не блізкія, суседзі і г.д.) нельга.

Працаўніка ГУБАЗіК, які першапачаткова ініцыяваў пераслед, «спусціўшы» справу на ўзровень участковых, у судзе не дапытвалі.

«Збор матэрыялаў супраць Рубанава абярнуўся зборам матэрыялаў супраць саміх працаўнікоў праваахоўных органаў, што пацвердзіла іх прававы нігілізм», – заявіў адвакат Галееў. У гэтай сувязі ён папрасіў суд вынесці прыватнае вызначэнне на адрас ГУБАЗіК.

***

Сёлета анархіст і журналіст Мікола Дзядок распачаў флэш-моб #экстрэміст. Удзельнікі флэш-мобу публікуюць у сацсетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з анархісцкіх рэсурсаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і гэштагамі #яэкстрэміст і #яэкстремист. Такім чынам яны выказваюць сваю нязгоду з існаваннем падобных спісаў у краіне і адстойваюць права на свабоду слова і думкі.

Мікола Дзядок і Глеб Рубанаў.
Фота: «Новы час»

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў