Падманам затрыманага за рэпост Глеба Рубанава адпусцілі з-пад варты, а суд перанеслі


Трымалі некалькі дзён у ізалятары, прызначылі суд на выходны дзень, а ў выніку працэс перанеслі на 16 траўня. Гаворка пра справу ўдзельніка флешмобу ў сацыяльных сетках #яэкстрэміст Глеба Рубанава. Яго вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Глеб Рубанаў, ІТ-кансультант:

«Мяне затрымалі беспадстаўна, бо не было нагоды лічыць, што я буду хавацца ад суда, я заявіў, што абавязуюся з’явіцца, і што ў мяне ёсць нагрузка ў выглядзе маці-інваліда, што ўскладняе наступствы майго затрымання, і мне не могуць прызначыць адміністратыўны арышт».

Пад вартаю Глеб правёў 31 гадзіну. Ён адзначае, што пры гэтым ягоныя правы парушаліся: не было магчымасці спаць і сядзець праз антысанітарныя ўмовы ў камеры, а пісьмовую скаргу да раніцы адмаўляліся прымаць. Затрымалі ж Глеба падманам: уначы міліцыянты выклікалі мужчыну на двор, нібыта нехта пашкодзіў ягонае аўта.

«Ён не хаваўся, да нас ніхто не звяртаўся, не прыносілі ніякай позвы. Калі ў дзяржавы ёсць прэтэнзія да чалавека, зрабіце вы, як трэба паводле вашых законаў, яны гэтага не зрабілі», – кажа Анастасія Рубанава, жонка.

Барыс Гарэцкі, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

«Сітуацыя даведзеная да абсурду. А сітуацыя з Глебам проста выглядала расправаю, дачынення да прававых нормаў не мела, калі б трэба было прыцягнуць да адказнасці, можна б было спакойна выклікаць і скласці неабходныя дакументы».

Флэшмоб #яэкстрэміст у сацыяльных сетках распачаў актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок. Удзельнікі публікуюць свае фотаздымкі з матэрыяламі, якія дзяржава лічыць экстрэмісцкімі, але маладзёны з гэтым не згодныя.

«Зараз ужо ўлады вырашылі збіць гэтую хвалю, бо ў флэшмобе прынялі ўжо ўдзел 36 чалавек, і яны баяцца акцыі грамадскага непадпарадкавання. Яна не стала масавай, але даволі значнай, і вырашылі збіць хваляй такіх подлых падступных учынкаў», – гаворыць актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок.

Галоўная мэта флэшмобу – адмяніць закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, які, паводле актывістаў, канфліктуе з правам чалавека на свабоду выказвання і на бяспеку, бо дае праваахоўнікам легальнае права збіваць, саджаць і штрафаваць, ды на годнасць – бо прымушае жыць у штодзённым страху.

Вольга Чайчыц, belsat.eu