Псіхолагі і валанцёры прапанавалі тры бясплатныя гадзіны онлайн-кансультацыяў беларусам і ўсім ахвотным


У праекце WEMAYHELP 2.0 бяруць удзел больш за 40 экспертаў у псіхалогіі, коўчынгу і цялесна-арыентаваных практыках, а яшчэ больш за тры дзясяткі валанцёраў з 12 краінаў. Яны гатовыя бясплатна пракансультаваць любога чалавека з псіхалагічнай траўмай ад вайны, з трывогай за сябе і блізкіх, з пачуццем віны ці з іншымі праблемамі.

Праект «WEMAYHELP 2.0». Выява: healthmeupby / Facebook

Дапамогу прапаноўваюць у трох кірунках: псіхалогія (для выпадкаў трывогі, панікі, страху, пачуцця віны, крыўды, злосці…), коўчынг (для тых, хто не ведае, як жыць далей або згубіў мэты і сэнс жыцця…) і цялеснасць (для выпадкаў панічных атак, трэмару, напружання ў целе…).

Скарыстацца дапамогай можна бясплатна, для гэтага трэба толькі камп’ютар ці тэлефон, на якім запусціцца сэрвіс «Google Meet» (а гэта практычна любы камп’ютар ці смартфон). Трэба звярнуцца ў Telegram-акаўнт @wemayhelpsupport, апісаць свае адчуванні і выбраць дату. Падрабязная інструкцыя тут. Бясплатна правядуць максімум тры сеансы, кожны з якіх – па адной гадзіне.

Гэта не адзіны праект псіхалагічнай дапамогі: дзейнічаюць розныя дасяжныя беларусам платныя і бясплатныя кансультацыі псіхолагаў, онлайн і офлайн. Напрыклад, псіхалагічную падтрымку за ахвяраванні любой сумы ў Фонд медычнай салідарнасці прапаноўвае «еЗдароўе».

Інтэрв’ю
Як працуе медыцына праз Skype? «еЗдароўе» мае ўжо псіхатэрапію, марыць пра пульт кіравання здароўем
2022.02.19 08:00

Каму можна звяртацца ў «WEMAYHELP 2.0»?

Праект прапануе дапамогу ўсім – незалежна ад грамадзянства і месца жыхарства, незалежна ад таго, што «камусьці дапамога можа быць больш патрэбная».

«Белсат» спытаў у кіраўніцы аддзелу маркетынгу «WEMAYHELP 2.0» Елізаветы Дземкі, ці можа звярнуцца ў праект, напрыклад, беларус, які проста адчувае сябе некамфортна з прычыны рэпрэсіяў у Беларусі і вайны ва Украіне, айцішнік-эмігрант з Аўстраліі, мірны жыхар украінскага Закарпацця або ўкраінскі баец тэрытарыяльнай абароны. Яна запэўнівае: так, дапамагаюць «усім, хто гатовы прыняць дапамогу».

«Стварылі праект у онлайне і на даступных тэхнічных сродках менавіта дзеля таго, каб быць даступнымі з любога пункту свету, – тлумачыць Елізавета Дземка. – Атрымаць нашую дапамогу можна абсалютна бяспечна і канфідэнцыйна для кліентаў. Мы не падзяляем прычыны, з якімі да нас прыходзяць, паводле тыпу важнасці і тэрміновасці. Мы ведаем, што калі б ва ўсіх апісаных вамі вышэй сітуацыях у людзей была магчымасць быць пачутымі і атрымаць дапамогу, то ў свеце панавалі б мір і паразуменне».

Яна раіць не ацэньваць свае цяжкасці «паводле ўзроўню важнасці» перад зваротам па дапамогу. Абяцаюць дапамагчы і з уласнымі перажываннямі, і з тым, каб наладзіць стасункі з блізкімі, з кім не супадаюць погляды.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

Ці кожнаму варта звяртацца па такую дапамогу?

У адказ на гэтае пытанне Елізавета Дземка разважае пра тое, ці гатовыя людзі прымаць дапамогу. Беларусы, лічыць яна, ужо гатовыя, а ўкраінцам цяпер складана клапаціцца пра псіхалагічнае здароўе, бо трэба фізічна ратавацца і бараніцца (хаця і ім дапамогуць, калі яны самі гатовыя).

«Беларусы ж, гледзячы збоку на тое, што адбываецца, толькі зараз бачаць свае траўмы, прызнаюць боль і звяртаюцца па дапамогу, – кажа яна. – Ці пакора гэта? Не. Хутчэй здаровы падыход да праблемы. Калі баліць зуб, мы не спрабуем пакрычаць ці паскакаць, каб дапамагло, а ідзем да стаматолага. Тут таксама – пра прыняцце дапамогі, а не пакору перад праблемай».

Інтэрв’ю
Ці адаптаваліся беларусы да вайны ў суседзяў? Размова з псіхолагам пра тое, як захаваць псіхіку ў крызісных сітуацыях
2022.03.25 14:28

Ці трэба рыхтавацца да размовы з псіхолагам, «разабрацца ў сабе»?

Разабрацца ў сабе не заўсёды магчыма без дапамогі спецыяліста, кажа Елізавета Дземка:

«Вядома, можна начытацца ў інтэрнэце парадаў, разумных кніжак, прайсці марафоны, інтэнсівы, знайсці хобі і займацца спортам, але ці дапамагаюць гэтыя дзеянні разабрацца ў сабе? Гэта ўсё можа прывесці да хаджэння па коле, да дакучлівых думак і пазбягання праблемы».

Яна прыводзіць прыклад: у будоўлі можна звярнуцца да спецыяліста-будаўніка, а можна паспрабаваць збудаваць штосьці самастойна, змарнаваць час і матэрыялы, дорага заплаціць. І згадвае, што пра гэта ўжо пісалі ў інстаграме праекту: «парадак у галаве» мусіць наводзіць спецыяліст, бо ён не нашкодзіць, палегчыць стан і дапаможа з цяжкасцямі, папярэдзіць магчымыя праблемы і дасць парады толькі тады, калі вы гэтага хочаце.

Калі майму знаёмаму трэба дапамога, а ён не хоча звяртацца да псіхолагаў, што рабіць?

Дапамогу можна прапанаваць «экалагічна», кажа Елізавета Дземка: расказаць чалавеку пра свае перажыванні і пачуцці за яго (напрыклад, «я непакоюся, што ты часта плачаш» або «хвалююся, што ты не можаш сканцэнтравацца»).

«Угаварыць прыняць дапамогу іншага чалавека практычна немагчыма, гэта будзе гвалтам над ім, што таксама можа прывесці да траўматычнага досведу, – засцерагае яна. – Тое, што ў вашай адказнасці, – падзеліцца сваімі пачуццямі і казаць ад сваёй асобы праз Я-выказванне».

Hавiны
Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта
2022.03.01 13:00

Што можна паспець за тры гадзіны размоваў? Далей трэба будзе плаціць?

Елізавета Дземка сцвярджае, што гэта не выпадковая лічба гадзінаў, а меркаванне прафесійных псіхолагаў: «Тры гадзіны дастаткова для дасягнення мінімальнага выніку: зняць першыя вострыя станы стрэсу/віны/панікі і намеціць мінімальны план дзеянняў». Яна ўпэўненая, што за трохгадзінныя сесіі можна паспець зрабіць вельмі шмат і атрымаць адчувальную карысць.

Калі пасля трох гадзінаў будзе патрэба ў працягу тэрапіі, гэта можна зрабіць у індывідуальным парадку. Праект «WEMAYHELP 2.0» цяпер працуе над «сістэмай лаяльнасці»: напрыклад, каб даць яшчэ адну бясплатную сесію за рэкамендацыю знаёмым.

Навошта спецыялістам гэты бясплатны праект?



«Мы за мір» – так праект называе сваю місію. Гэта «здаровы эгаізм», кажа Елізавета Дземка: з ростам свядомасці ў свеце гарантавана стане менш канфліктаў і пакутаў.

«Мы праз онлайн-платформу аднаўляем мір у душы, каб вы – нашыя кліенты – распаўсюдзілі яго на Зямлі. У чым эгаізм? У тым, што калі кожны з нас навучыцца разумець сябе і іншых, то любыя канфлікты можна будзе вырашыць мірна, падзяліўшыся сваімі пачуццямі. Мы ў тым ліку будзем адчуваць менш болі.

Кожны з нас таксама так ці інакш пацярпеў, мы заўважылі патрэбу дапамогі для сябе і глабалізавалі яе на ўсіх. Мы адчуваем у сабе сілы быць карыснымі для іншых і робім усё магчымае для гэтага. Гэта наш спосаб барацьбы з хаосам, спосаб ствараць».

Заснавальніца праекту Надзея Дамкоўская адзначала, што праект за два месяцы вырас у «платформу атрымання досведу дапамогі людзям», якая «выхоўвае культуру дапамогі іншым незалежна ад грамадзянства і сацыяльных адрозненняў». Праект прымае новых удзельнікаў і валанцёраў – ахвотным далучыцца можна звяртацца сюды.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў