Падзеі года – 2023: што з таго, што адбылося сёлета, беларусы лічаць найважнейшым?


Вось-вось адыдзе 2023 год. Чым ён нам запомніўся і як паўплываў на нашае жыццё? Якія падзеі найбольш значныя? «Белсат» задаў гэтыя пытанні Офісу Святланы Ціханоўскай, знакамітым у сваіх галінах дзеячам, беларусам за мяжой і ў краіне, нашым чытачам і гледачам. Што нам адказалі – чытайце ў матэрыяле. Нас уразіла розніца паміж сказаным суразмоўцамі за мяжой і ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Падзеі года паводле Офісу Святланы Ціханоўскай

Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай:

«З найважнейшага можна вылучыць распрацоўванне праекту Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі, а таксама чатырох праектаў законаў у дапаўненне і развіццё праекту Канстытуцыі Новай Беларусі. Акрамя таго, была распрацаваная і вынесеная на грамадскае абмеркаванне Канцэпцыя кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Лукашэнкі.

Рэпартаж
Стратэгія пераходу да новай Беларусі: чаму гэта не стратэгія змены ўлады
2023.12.13 20:50

Адбылася Другая канферэнцыя беларусаў свету, у якой узялі ўдзел дыяспары з амаль 30 краінаў.

Разам з палком Каліноўскага была праведзеная канферэнцыя «Шлях да Волі» і Беларуска-ўкраінскі форум Астрожскага ў Львове. Супольна з Каардынацыйнаю радаю былі праведзеныя слуханні наконт вызвалення палітычных вязняў.

Мы абаранялі правы беларусаў за мяжою. Літоўскі Сейм адхіліў праўкі, якія ўраўноўваюць абмежаванні супраць беларусаў і расейцаў. Пасля кампаніі дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Латвіі не прынялі абмежаванняў супраць аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. У Эстоніі, Чэхіі, Латвіі, Швецыі часткова аднавіўся прыём беларускіх студэнтаў на навучанне.

У 2023-м адбыўся Стратэгічны дыялог з ЗША, а таксама была створаная Кансультатыўныя група з Еўразвязам.

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Пачалі распрацоўваць новы беларускі пашпарт: гатовы дызайн, пачаліся кансультацыі з замежнымі ўрадамі пра статус пашпарта і яго прызнанне.

Офіс Святланы Ціханоўскай браў удзел у Марафоне салідарнасці, зарганізаваным беларускімі незалежнымі медыямі і дэмакратычнымі сіламі. У яго межах сабралі больш за паўмільёна еўраў дапамогі.

Пры падтрыманні дэмакратычных сілаў Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект, які пашырае правы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне».

Якія падзеі прыгадваюць кіраўнікі дабрачынных фондаў

Андрэй Стрыжак, кіраўнік дабрачыннага фонду «BYSOL»:

«З самых знакавых падзеяў магу вылучыць наступныя:

  • падрыў самалёту ў Мачулішчах,
  • антыбеларуская палітычная кампанія ў Літве,
  • спроба перавароту Прыгожына і пераезд ПВК Вагнэра ў Беларусь,
  • Марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно»,
  • смерць мастака Алеся Пушкіна,
  • пераслед каталіцкіх святароў».
Агляд
Мастак, перформер, акцыяніст, палітвязень. Памёр Алесь Пушкін, які нічога не баяўся, акрамя Бога
2023.07.11 19:06

Аляксей Лявончык, кіраўнік фонду «BY_help»:

«Для мяне найбольшае значэнне мелі зборы для Віталя Тысева і Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», якія паказалі, што нават у сітуацыі глыбокага дна, у якой мы цяпер ёсць, усё адно салідарнасць застаецца, і для мяне гэта вельмі вялікі знак.

З важнага канкрэтна для нас – мы змаглі запусціць і зрэалізаваць самую вялікую праграму дапамогі палітвязням за мяжой і ў краіне. Гэта вельмі крута, гэта паказвае, што замежныя партнёры нас разумеюць, што нельга кідаць Беларусі, трэба працягваць падтрымліваць людзей, якія пацярпелі».

2023 год для беларускіх журналістаў – 89,5 года пазбаўлення волі

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Для мяне падзеі года сёлета наступныя.

  • Паход Прыгожына на Маскву і выхад ПВК з Беларусі. На два дні вайсковая нестабільнасць у Расеі дала пэўную надзею беларусам на перамены. І хоць мяцеж скончыўся хутка і безвынікова, падзея паказала магчымасць узнікнення нечаканых вокнаў магчымасцяў для беларусаў на перамены. Таксама выхад Групы Вагнэра з Беларусі пасля знішчэння Прыгожына істотна зняў ваенную небяспеку для Літвы і Польшчы, што станоўча адбілася на стаўленні да беларусаў і беларусак у гэтых краінах.
  • Смерць за кратамі мастака Алеся Пушкіна і блогера Мікалая Клімовіча. Абодвух фактычна забілі за кратамі, бо ўлады ведалі пра стан іхнага здароўя і працягвалі ўтрымліваць пад вартаю без належнай дапамогі.
  • Судовыя выракі журналістам у Беларусі. Агульны тэрмін пазбаўлення волі, вынесены журналістам у Беларусі, – 89,5 года калоніі. Самыя вялікія тэрміны атрымалі Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Анджэй Пачобут. У адказ на вырак Пачобуту Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю, што стварыла істотныя праблемы на ўсіх іншых пераходах з ЕЗ».
Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

А што адбывалася ў культуры?

Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння:

«Назаву галоўныя падзеі, якія сёлета мелі значэнне для беларускай культуры і нацыянальнага адраджэння. На жаль, не ўсе яны са знакам плюс. І першая з іх – узмацненне рэпрэсіўнай палітыкі і русіфікацыі на тэрыторыі нашай краіны. І як сімвал гэтых працэсаў – выключэнне твору Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы.

Таксама са знакам мінус – замена геаграфічных назваў з беларускай лацінкі на расейскую мову. Гэта тое, што ў публічнай прасторы было важным сімвалам нашай незалежнасці і казала чалавеку, у якой ён прасторы.

Гэты год быў вельмі складаным для беларускай культуры, але і вельмі плённы. Наш народ, нашыя творцы імкнуліся зрабіць пераасэнсаванне таго, што з намі адбылося. Мы сталі сведкамі гістарычных падзеяў у нашай культуры. Напрыклад, выдання кніг Святланы Алексіевіч у аўдыяфармаце на беларускай мове ў рамках ініцыятывы «Кніжны воз». Што тут вельмі важна – гэтыя кнігі даступныя для беларусаў у Беларусі.

Яшчэ адна гістарычная падзея – прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» беларускага Свабоднага тэатру ў Лондане ўвосень. Гэтая падзея апавяла свету пра Беларусь і беларускую культуру, а таксама паказала магчымасць супрацы беларускіх творцаў і зорак украінскай опернай сцэны. Агулам хачу адзначыць працу беларускіх тэатраў у выгнанні. Насуперак усяму адбываюцца прэм’еры, спектаклі. Хачу падзякаваць рэжысёрам і акторам за тое, што беларускі тэатр жыве.

Рэпартаж
У Варшаве прэзентавалі Стратэгію нацыянальнага адраджэння
2023.11.29 10:31

Для майго прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету важнаю падзеяй сталася прэзентацыя Стратэгіі нацыянальнага адраджэння некалькі тыдняў таму. Гэты дакумент – наш компас, які будзе паказваць, куды мы хочам прыйсці як краіна і якім народам хочам быць.

Я спадзяюся, атрыманая навука гэтага і папярэдніх гадоў прывядзе да ўсплёску, да сапраўднага выбуху ў культуры ў 2024 годзе, які АПК абвесціў Годам традыцыі».

Памілаванне Пратасевіча і допуск беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды

Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў:

«Я бачу такія асноўныя падзеі рознага характару:

  • з’яўленне ядравай зброі ў Беларусі;
  • закрыццё межаў з краінамі ЕЗ;
  • памілаванне Пратасевіча;
  • вагнэраўскі мяцеж і развіццё сцэнара ў Беларусі;
  • МАК дапусціў беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды;
  • сустрэчы Ціханоўскай з Маяй Санду, візіт Ціханоўскай у ЗША;
  • дзве краіны назвалі Ціханоўскую прэзідэнткай-электам (Швецыя, Польшча);
  • прэм’ера «Дзікага палявання караля Стаха» ў Лондане;
  • створаная парламенцкая група сяброў Беларусі на еўрапейскім узроўні;
  • Літва ўсё ж будзе выдаваць ВНЖ беларусам;
  • пашпарт Новай Беларусі;
  • запуск новых YouTube-праектаў на фоне закрыцця буйных медыяў».

«Гэта быў досыць добры год для дыктатуры і Лукашэнкі»

Аляксандр Фрыдман, палітолаг:

«Калі казаць пра дэмакратычную супольнасць Беларусі, то я б вылучыў дзве падзеі, і абедзве – дрэнныя. Першая – гэта прысуд Алесю Бяляцкаму. Так, Бяляцкі – адзін са шматлікіх палітвязняў, але гэта гістарычны прысуд у тым сэнсе, што да турэмнага пакарання асудзілі нобэлеўскага лаўрэата, і свет не здолеў з гэтым нічога зрабіць.

Другая падзея – смерць Алеся Пушкіна. Нам нельга забывацца пра гэтую жахлівую гісторыю.

Агулам гэта быў досыць добры год для дыктатуры і Лукашэнкі. Але была і надзвычайная падзея – травеньская гісторыя з ягонаю хваробаю, калі ён знік і распаўсюджваліся розныя чуткі. На мой погляд, гэта важная падзея, бо на маёй памяці людзі першы раз пабачылі такога знямоглага Лукашэнку. Так, ён ачуняў, але гэта ўсё прадэманстравала, што і гэтая дыктатура нейкім чынам калісьці скончыцца. То бок гэта важна з сімвалічнага пункту гледжання.

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Яшчэ трэба, вядома, згадаць падзеі ў Мачулішчах. Хоць гэтая гісторыя пакуль цалкам не высветленая, мы толькі кавалкамі яе ведаем, дый тая інфармацыя супярэчлівая, але ў любым выпадку гэта вельмі важная падзея ў кантэксце вайны.

Калі браць рэгіянальны кантэкст, то тут нічога не змянілася за год: гэта вайна ва Украіне. Яна застаецца галоўнаю падзеяй, якая, безумоўна, уплывае на становішча ў Беларусі.

Калі казаць пра падзеі ў свеце, то я б назваў падзеі 7 кастрычніка і напад «Хамасу» на Ізраіль ды вайну, якая пасля пачалася і працягваецца ды ў якой па-ранейшаму ёсць перспектывы ператварыцца ў сусветную. Паколькі свет у нас сёння глабальны, то любыя падзеі так ці інакш уплываюць на іншыя краіны. Беларусь наўпрост у гэтую вайну не ўцягнутая. Але ўцягнутая Расея, якая стаіць, відавочна, на арабскім баку. І калі будзе сусветная вайна, Беларусь будзе ў яе ўцягнутая».

Што кажуць звычайныя беларусы

За мяжою

«Аб’яднанне беларусаў за мяжой. У краіне, дзе я жыву, я адчуваю гэта».

«Марафон салідарнасці».

«Праблемы з пашпартамі і дакументамі ўвогуле».

«Марафон, збор грошай на аперацыю беларуса ў Нямеччыне, удалыя зборы для людзей у патрэбе, спектаклі купалаўцаў, новыя кнігі. Ну і ўся чэрнь з боку ўладаў Беларусі, што значна пагаршаюць жыццё беларусаў як унутры, так і за мяжою».

«Незапланаваная эміграцыя».

«Негатыўныя падзеі – размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, катавасія з Прыгожыным, з пашпартамі і даверанасцямі. Пазітыўныя – марафон, агулам салідарнасць, у тым ліку ў Беларусі».

«Фінансаванне беларускіх школак выходнага дня не толькі ў Польшчы, але і ў Грузіі, і ў Літве».

Hавiны
«Стварыць і захаваць сваю ідэнтычнасць». У Батумі распачынае працу афіцыйная беларускамоўная школа
2023.10.08 20:04

У Беларусі

«Нічога не адбывалася. Усё стабільна кепска і добрага не чакаю».

«За навінамі даўно не сачу. Усе мае важныя падзеі – у маёй сям’і. Сын пайшоў у 4-ы клас. Атрымалася вырвацца да мора – у Егіпет, за касмічны кошт. Хацелася ў Еўропу, але візы не атрымаць. Летась было страшна, калі самалёты над дахам лёталі. Гэты год, дзякуй Богу, спакайнейшы, усе спадзяёмся, што і наступны будзе такі ж і што ўвогуле ўсё наладзіцца ўрэшце».

«Самая важная падзея, якая моцна паўплывала на мяне, – цяжкасці з атрыманнем візы. Я працую ў Польшчы, прыехаў у Беларусь зрабіць новую візу і захрас, ніяк не магу запісацца на падачу дакументаў нават праз фірму-пасярэдніка».

Каментар
Выехаць складаней. Як працуюць новыя абмежаванні Польшчы і дзе беларусу прасцей атрымаць візу
2023.11.13 22:38

«Выйшла на пенсію, адчула, як усё дорага ў нас стала. Цэны растуць штодня, дый не заўсёды ў крамах ёсць што трэба».

«Самае галоўнае – мы здолелі захаваць і нават развіць нашую справу. Засмучае толькі, што раней бы мы паўсюль апавядалі пра нашыя дасягненні, а цяпер даводзіцца маўчаць і ладзіць захады так, каб не прыцягваць да сябе ўвагі. Праз гэта мы вельмі перажывалі за нашую будучыню, але аказалася, тое, што мы робім, трэба людзям, і яны знаходзяць нас нават без рэкламы – цудоўна працуе сарафаннае радыё».

Што кажуць нашыя чытачы і гледачы

«Самае значнае – гэта вайна. Не недзе, не калісьці, а побач і цяпер, так ці інакш, але церпяць усе».

«Адчуванне, што ўдома мы ўжо не ўдома».

«Агулам нічога не было значнага ў гэтым годзе. Ці сталася з’яўленне ўраду ў выгнанні дзейнаю рэччу, мы даведаемся толькі праз доўгі час. Я б яшчэ сказала, што з’яўленне новых пашпартоў для нацыі ў выгнанні, але яны толькі ў наступным рэальна стануць пашпартамі, а не праектам».

«З мінусаў – гэта мёртвы пункт па палітвязнях, ізаляванне самых папулярных. З плюсаў – праца над новым пашпартам, канферэнцыя ў Кіеве з удзелам «радыкалаў» і «кветачнікаў».

Беларускі свет
Лайфхак: што рабіць з беларускім пратэрмінаваным пашпартам
2023.10.24 17:45

«Закон пра адмену абмену пашпартоў за мяжой. У першую чаргу гэта кажа пра тое, што рэжым баіцца беларусаў, асабліва за мяжой. Але шмат хто з нас проста возьме грамадзянства краіны пражывання і актыўных беларусаў стане менш».

«Саня застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на ўсе прагнозы».

«Збор грошай для палітзняволеных і іхных семʼяў».

«Зачыненыя пераходы на мяжы, смерць Алеся Пушкіна».

«Завоз ядравай зброі»

«Канферэнцыя ў Кіеве – без варыянтаў».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў