Якія дакументы былі прынятыя на канферэнцыі нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі «Шлях да волі»?


На сайце Палка ім. Кастуся Каліноўскага з’явіўся пералік дакументаў, якія прынялі ўдзельнікі канферэнцыі нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі «Шлях да волі», якая праходзіла ў Кіеве 29-30 лістапада.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага з пазыўнымі Дзядзька і Дэн пад гімн «Пагоні» выносяць палкавое знамя на сцэну памяшкання, дзе праходзіць канферэнцыя «Шлях да волі». У цэнтры кадра – камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Па выніках канферэнцыі былі прынятыя наступныя дакументы:

  • Мемарандум па выніках канферэнцыі
  • Адозва да вольных народаў свету
  • Дэкларацыя аб стварэнні «Часовай вайсковай камісіі»
  • Дакумент аб стварэнні працоўнай групы па супрацы беларускага бізнесу і грамадска-палітычных структураў Беларусі
  • Двухбаковая дамова аб супрацы паміж Міжнародным цэнтрам супрацьдзеяння расейскай агрэсіі і палком імя Кастуся Каліноўскага.

Праца над Мемарандумам i Адозвай да вольных народаў свету арганізатарамі канферэнцыі, а менавіта Палком імя Кастуся Каліноўскага, Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай радай і рухам «Вольная Беларусь» праходзіла на працягу 2 месяцаў перад канферэнцыяй. Вынікам сумеснай працы розных беларускіх арганізацыяў і структураў стала распрацоўка гэтых двух дакументаў.

ВІДЭА
Полк Каліноўскага пачаў працу над стратэгіяй вызвалення Беларусі. Інтэрв’ю з Кабанчуком
2023.12.01 16:47

Акрамя арганізатараў канферэнцыі, да падпісання дакументаў далучыўся шэраг іншых беларускіх грамадска-палітычных структураў, а менавіта Партыя БНФ, Рух беларускіх нацыяналістаў, BYPOL, BelPol, Моладзевы блок, грамадска-палітычнае аб’яднанне «Нацыянальна-дэмакратычная платформа», Асацыяцыя палітвязняў Беларусі.

Мемарандум па выніках канферэнцыі i Адозва да вольных народаў свету адкрытыя для падпісання іншымі беларускімі грамадскімі і палітычнымі структурамі. Полк Каліноўскага заклікае арганізацыі, якія падзяляюць агучаныя ў дакументах пазіцыі і хочуць далучыцца да іх рэалізацыі, падпісаць іх. Дзеля гэтага трэба спампаваць дакументы на сайце, падпісаць іх і выслаць ужо падпісаныя на электронную пошту: foundation.kalinousky@gmail.com.

Hавiны
«У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, але ў нас супольная мэта» – Святлана Ціханоўская прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі каліноўцаў
2023.11.29 15:07

Пачынаючы з 15 снежня 2023 года з прадстаўнікоў арганізацыяў, якія падпісаліся пад дакументамі, будуць створаныя працоўныя групы, якія пачнуць працу па розных кірунках.

Канферэнцыя «Шлях да волі», ініцыяваная фондам Кастуся Каліноўскага, праходзіла ў Кіеве 29-30 лістапада. На яе сабраліся больш за 100 беларускіх грамадскіх актывістаў i добраахвотнікаў. На мерапрыемстве разглядалася агульная стратэгія прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху і фармавалася кансультацыйная пляцоўка для рэалізацыі гэтай стратэгіі. Тут наш рэпартаж з канферэнцыі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў