«Справы будзе пераглядаць справядлівы суд». Крысціна Рыхтэр – пра канцэпцыю кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным


Офіс Святланы Ціханоўскай разам з праваабаронцамі і юрыстамі распрацавалі канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд кіравання рэжыму Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Адмысловая камісія будзе разглядаць рэпрэсіі аж з 1994 года: адмяняць прысуды, прызначаць кампенсацыі. Колькі часу гэта ўсё зойме? Калі камісія пачне працу? Якія суды будуць пераглядаць справы рэпрэсаваных? Хто будзе кампенсаваць шкоду і як? Пагутарылі пра канцэпцыю з дарадцаю Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысцінаю Рыхтэр.

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Калі не аднавіць справядлівасці, паўторыцца ўсё, што было»

– Спадарыня Крысціна, навошта спатрэбілася распрацоўваць гэтую канцэпцыю кампенсацыі шкоды? І ў чым яе галоўныя палажэнні?

– У канцэпцыі найперш прапісана, хто ёсць рэпрэсаваным з палітычных матываў, таксама хто з гэтых прычынаў застаецца ў зняволенні. Акрэсленае кола асобаў, якія павінны быць вызваленыя, яно значна шырэйшае, чым у спісах праваабаронцаў. У нас не пайменныя спісы, а крытэры, якім могуць адпавядаць нашмат больш людзей, чымся колькасць, афіцыйна прызнаная палітвязнямі.

Таксама апісаная працэдура вызвалення. Акрамя тых, хто асуджаны паводле крымінальных справаў, мы залучылі таксама тых, хто ў момант Х будзе адбываць адміністратыўнае пакаранне і таксама будзе падпадаць пад захады гуманітарнага характару, то бок вызваленне.

Відавочна, што ўсё гэта павінна быць недзе прапісана і юрыдычна аформлена, павінны быць вызначаныя нейкія крытэры, паводле якіх людзей вызваляць і адновяць у правах. Менавіта гэтую задачу і развязвае канцэпцыя.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай распрацаваў канцэпцыю кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным
2023.09.25 11:54

Другая частка канцэпцыі датычыць аднаўлення справядлівасці адносна ўсіх рэпрэсаваных, усіх людзей, якія сталіся ахвярамі рэжыму, пачынаючы з 1994 года, а не толькі палітзняволеных. Пра такія рэчы трэба думаць загадзя, бо калі не быць да гэтага гатовымі, не задумвацца, як аднаўляць справядлівасць і людзей у правах, тады не будзе грамадскай сатысфакцыі адносна таго, што нейкія змяненні адбыліся, і тады, хутчэй за ўсё, паўторыцца ўсё тое, што было дасюль. Таксама пра рэчы, апісаныя ў канцэпцыі, варта думаць загадзя, бо распрацоўванне ўсіх гэтых працэдураў займае шмат часу, гэта ўсё не зробіцца ў адзін момант у гадзіну Х, да яе трэба падысці падрыхтаванымі.

«Напэўна, на волю выйдуць і тыя, хто здзейсніў злачынствы»

– Калі ўявіць, што гадзіна Х наступіла і Лукашэнка страціў уладу, Беларусь стала вольнай: у які момант пачне працаваць канцэпцыя і якім чынам? Ці адразу будуць вызваленыя палітычныя вязні?

– Спачатку будзе абраны дэмакратычны парламент, а потым ён прызначыць камісію для аднаўлення справядлівасці. Што датычыць палітвязняў, ім не давядзецца чакаць стварэння гэтай камісіі – яна на іхнае вызваленне ніяк не будзе ўплываць. Працэс апісаны такім чынам, што ў дачыненні палітзняволеных будзе ўжытая захада надзвычайнага характару. Гэта значыць, што будзе зроблены нарматыўны акт, які пералічвае асобаў, якія павінны быць вызваленыя ў надзвычайным парадку, то бок адразу, як будзе прыняты гэты акт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

У гэтым акце будуць не толькі людзі, афіцыйна прызнаныя палітвязнямі. У нашых крытэрах ёсць частка артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх могуць сядзець у тым ліку сапраўдныя злачынцы, якія насамрэч здзейснілі злачынствы. Але рэч у тым, што гэтыя артыкулы выкарыстоўваюць у тым ліку для пераследу паводле палітычных матываў. Напрыклад, гэта могуць быць эканамічныя артыкулы. Таму, напэўна, на волю выйдуць і тыя, хто здзейсніў злачынствы. І менавіта таму ўсе справы будуць потым пераглядацца, і справядлівы суд будзе пастанаўляць, было злачынства ці гэта палітычны пераслед. І калі ёсць палітычны пераслед, справа павінна быць адмененая. Мы не зможам нікуды сысці ад неабходнасці перагляду справаў у справядлівых судах. Без судовага разгляду гэта будзе самасуд, які не прывядзе да нейкіх сталых зменаў у грамадстве.

Перагляду справаў у справядлівым судзе людзі будуць чакаць на волі

– Вы кажаце пра справядлівы суд. Якія суды будуць пераглядаць справы? Гэта будуць ужо новыя суды і суддзі, пасля люстрацыі?

– Відавочна, што суды павінны быць рэфармаваныя. Ёсць спіс суддзяў, датычных да палітычна матываваных справаў – у іх дачыненні будуць узбуджаныя справы, яны будуць адхіленыя ад сваіх пасадаў. Было б добра, калі б усе суддзі ўсіх судоў, якія застануцца, прайшлі нейкую пераатэстацыю, каб была прызнаная іхная добрасумленнасць.

Разбор
Як кампенсаваць беларусам рэпрэсіі і дзе на тое ўзяць грошы. Глядзім праект Офісу Ціханоўскай
2023.09.25 19:21

Такая судовая рэформа зойме час. Але пакуль яна будзе адбывацца, людзі не будуць сядзець у турмах і чакаць. У канцэпцыі прапісана, што пад надзвычайнымі захадамі гуманітарнага характару маецца на ўвазе, што будзе змененая мера стрымання. Людзі выйдуць з турмаў, некаторыя, магчыма, застануцца пад хатнім арыштам ці іншаю мераю стрымання. Але яны будуць на волі ў чаканні перагляду сваіх справаў. І гэта не значыць, што палітвязняў будуць наноў судзіць. Для аднаўлення ў правах неабходная адмена выраку ў справядлівым судзе і прызнанне чалавека несправядліва асуджаным.

– На якіх законах вы будзеце грунтавацца падчас перагляду справаў? Магчыма, будуць нейкія рэформы заканадаўства, прынятага рэжымам Лукашэнкі? Бо цяпер жа яны судзяць таксама нібыта паводле законаў, якія самыя напрымалі. Ці будуць нейкія законы адмененыя, прызнаныя несапраўднымі?

– Відавочна, што ўсе законы з 1994 года адмяніць немагчыма, бо гэта цэлы масіў заканадаўства, які ўвесь гэты час ужываўся. Відавочна, што гэта дзейнае заканадаўства. Што не азначае, што яго не трэба змяняць. Вялізны аб’ём заканадаўства трэба змяняць. Адназначна трэба ўносіць змяненні ў Крымінальны кодэкс, асабліва ў тым, што датычыць палітычных артыкулаў. Безумоўна, іх увогуле трэба прыбраць з КК. Але мэтаю распрацоўкі канцэпцыі не былі змяненні ўва ўсе масівы законаў, якія згадваюцца ў гэтай канцэпцыі. Там ёсць пэўныя рэкамендацыі адносна інстытуцыйных змяненняў, але якія менавіта гэта мусяць быць змяненні – тэма асобнага даследавання.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Стварыць гарантыі таго, што масавыя рэпрэсіі не паўторацца

– Вы плануеце зрабіць проста гіганцкую працу – перагледзець рэпрэсіі з 1994 года. Як думаеце, колькі часу зойме гэты працэс?

– Вельмі шмат часу. Ды гэта і не мае быць хуткі ды імгненны працэс, гэтая працэдура мусіць займаць вельмі шмат часу, каб нічога не ўпусціць і стварыць таксама гарантыі таго, што такія сітуацыі, што адбыліся на тэрыторыі Беларусі, я маю на ўвазе масавыя рэпрэсіі, больш не паўторацца.

– У канцэпцыі згадваецца неабходнасць стварыць камісію для выяўленні праўды. Ці можаце вы апавесці падрабязней, што гэта такое? Якую праўду і хто будзе выяўляць?

– Гаворка пра камісію для выяўлення праўды ідзе ў блоку пра перспектыву стварэння Інстытуту нацыянальнай памяці. У дзяржаваў, якія выходзяць з аўтарытарызму ў дэмакратычныя змяненні, ёсць такі этап – transition of justice, ці пераходная справядлівасць па-беларуску. Згодна з гэтым падыходам, для рэалізацыі мэты аднаўлення справядлівасці мусіць быць выяўленне праўды, прыцягненне да адказнасці. А далей – аднаўленне ў правах ды інстытуцыйныя змены – рэформа інстытутаў ці стварэнне новых. Тут якраз і маецца на ўвазе рэформа судовай сістэмы, сілавога блоку, адвакатуры, іншых напрамкаў, а таксама стварэнне інстытуту гістарычнай памяці. Адна з частак гэтага інстытуту – камісія для выяўленні праўды.

Напрыклад, калі здзяйсняюцца парушэнні, аднаўленне праўды – гэта выяўленне таго, што адбывалася насамрэч, у прыватнасці, колькі было палітзняволеных у Беларусі ў перыяд, калі кіраўнік дзяржавы афіцыйна казаў, што палітычных вязняў няма. Гэта просты прыклад таго, пра якую праўду гаворка. Выяўляць яе будзе спецыяльна створаная камісія разам з іншымі органамі, напрыклад, з тымі, якія валодаюць архівамі, вялі гэтыя справы і гэтак далей. Гэта цэлы комплекс дзеянняў, і гэта будзе яшчэ распрацавана асобна, бо гэта вялікая частка справы для аднаўлення справядлівасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

На еўрапейскім кантыненце не так шмат прыкладаў стварэння камісіяў для выяўлення праўды. Вядома, што пасля некалькіх гадоў перамоваў з Саамскім парламентам урад Фінляндыі пагадзіўся стварыць камісію для выяўлення праўды і прымірэння з саамскім народам Фінляндыі. Таксама стваралася камісія для выяўлення праўды ў Грузіі, вынікі яе працы былі апублікаваныя і выклікалі бурныя спрэчкі.

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Пэўнае падабенства мае Камісія для расследавання злачынстваў супраць польскага народу. Камісія працягвае дзейнасць створанай у 1945 годзе Галоўнай камісіі для даследавання нямецкіх злачынстваў у Польшчы, якая з моманту стварэння актыўна ўзаемадзеяла з Камісіяй ААН для расследавання ваенных злачынстваў. У 1998 годзе гэтая арганізацыя была зліквідаваная, а яе архівы перададзеныя Інстытуту нацыянальнай памяці. Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці ёсць гістарычна-архіўнай установаю, што вывучае дзейнасць органаў дзяржаўнай бяспекі Польшчы ў перыяд 1944–1990 гадоў, а таксама органаў бяспекі Трэцяга Райху і СССР з мэтаю расследаваць злачынствы адносна польскіх грамадзянаў, а таксама для ажыццяўлення люстрацыйных працэдураў.

«Дзяржава адказвае за парушэнні, якія ў ёй здарыліся»

– У канцэпцыі ідзецца пра кампенсацыю ахвярам рэпрэсіяў, у тым ліку грашовую. Згадваецца, што можна, напрыклад, ацаніць месяц у зняволенні на $ 500, што складае прыкладна сярэдні заробак у Беларусі. Але дзе ўзяць грошы на такую кампенсацыю?

– Гэта павінна разлічвацца эканамістамі. Канцэпцыя мае характар прававога дакументу, які ствараўся юрыстамі, і ён найперш пра аднаўленне ў правах, каб людзі атрымалі статус рэпрэсаваных, каб выяўлялася праўды, каб вызваляліся палітзняволеныя і гэтак далей. Кампенсацыі маюць быць асобна разлічаныя эканамістамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Aleksander Kalka / Zuma Press / Forum

– Але калі кампенсацыі будзе выплочваць ужо новая Беларусь, пасля змяненняў, атрымліваецца, людзі, якія не мелі дачынення да злачынстваў рэжыму, будуць іх кампенсаваць?

– Так гэта і працуе ў дэмакратыі. Дзяржава выплочвае кампенсацыі і адказвае за парушэнні, якія ў ёй здарыліся. У стасунках чалавек – дзяржава дзяржава і адказвае. Калі ў дзяржавы не стае сродкаў, яна можа прыцягнуць да адказнасці тых, хто раней здзейсніў гэтае парушэнне, але кампенсацыю чалавеку, чые правы былі парушаныя дзяржаваю, выплочвае дзяржава.

«Мы адкрытыя да абмеркавання і канструктыўных прапановаў»

– Распрацоўваючы канцэпцыю, вы абапіраліся на досвед іншых краінаў ці грунтаваліся толькі на беларускім досведзе?

– Мы абапіраліся на досвед Аўстрыі, Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, Казахстану, Кыргызстану, Латвіі, Малдовы, часткі РФ у частцы крымскіх татараў, Туркменістану, Узбекістану, Украіны.

– Апублікаваны праект канцэпцыі не канчатковая яе версія і пакуль яшчэ дапрацоўваецца: я правільна разумею?

– Так, версія канцэпцыі не канчатковая. Ды яна ўвогуле ніколі не можа быць прызнаная канчатковаю, пакуль у новай дэмакратычнай дзяржаве не будзе прынятая ў якасці падставы для новага заканадаўства, прынятага дэмакратычным парламентам. Таму мы заўсёды адкрытыя да канструктыўных прапановаў. Напрыклад, нам патрэбнае эканамічнае абгрунтаванне з боку эканамістаў. Таксама хочам пачуць думкі ад розных групаў, напрыклад, мне было б цікава атрымаць зваротную сувязь ад журналістаў як асобаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі. Мне падаецца, журналісты – увогуле асобная катэгорыя, якая яшчэ больш доўгі час была пазбаўленая права на прафесію, чымся, напрыклад, адвакаты.

Таму можна сказаць, што канцэпцыя не закрытая, яна адкрытая да грамадскага абмеркавання і да ўнясення ў яе розных зменаў.

План: Б
Хто і як кампенсуе рэпрэсіі ахвярам Лукашэнкі?
2023.10.23 17:49

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў