Чатыры справы, пра якія дамовіліся на другой Канферэнцыі беларусаў свету


У Вільні 22–23 красавіка праходзіла другая Канферэнцыя беларусаў свету. Пра вынікі расказаў Франак Вячорка – дарадца Святланы Ціханоўскай.

Паводле яго, галоўнай мэтай канферэнцыі было абмеркаванне таго, як зрабіць працу дыяспары больш эфектыўнай і больш патрэбнай беларусам у Беларусі, а таксама абмяркоўвалі, як актывізаваць супрацу між палітыкамі і актывістамі. Сабралася больш за сотню прадстаўнікоў дыяспараў з розных кантынентаў.

Дамовіліся пра чатыры справы:

1. Зрабіць 21 траўня Міжнародным днём палітвязняў, каб расказаць гісторыі тых, хто цяпер за кратамі, абмеркаваць спосабы іх вызвалення і дапамогі іхным сем’ям.

2. Шырыць інфармацыю пра еўрапейскія каштоўнасці і ідэі, каб беларусы выбіралі іх, а не «русский мир».

3. Прасоўваць беларушчыну – каб беларусы замежжа не гублялі сувязі паміж сабой і з тымі, хто застаўся ў краіне.

4. Працаваць разам беларусам замежжа з палітычнымі цэнтрамі, каб трымаць тэму Беларусі на парадку дня ў розных краінах.

Канферэнцыя беларусаў свету II. Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат
Канферэнцыя беларусаў свету II. Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

«Мы таксама падзяліліся сваім болем, – прызнаўся Вячорка. – Сапраўды, цяпер цяжка, таму што няма яснасці, калі скончыцца ўвесь гэты кашмар, калі мы зможам вярнуцца ўсе ў Беларусь».

Але на канферэнцыі дамовіліся таксама абменьвацца звесткамі пра паспяховы досвед, «каб натхняць адно аднога» і пераймаць найлепшыя практыкі. Абмеркавалі голас дыяспараў у Каардынацыйнай радзе і Аб’яднаным пераходным кабінеце, магчымасць выкарыстання праграмы «Новая Беларусь» у інтарэсах дыяспараў. Размаўлялі і пра тое, каб беларусы ў розных краінах адвакатавалі тэму Беларусі і вызвалення палітвязняў, у тым ліку вылучаліся на мясцовыя выбары.

Hавiны
Святлана Ціханоўская агучыла прыярытэты працы Офісу і Аб’яднанага кабінету
2023.04.22 17:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў