Ад малака да мяса. Што вядома пра гучныя карупцыйныя справы?


Галоўнай мішэнню новай антыкарупцыйнай кампаніі ў Беларусі сталі тыя галіны вытворчасці, што звязаныя з сельскай гаспадаркай. «Белсат» распавядае пра гучныя справы і іх фігурантаў.

«Мясная справа»

Генеральнага дырэктара ОАО «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» Уладзіміра Жуковіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада. Тады пра гэта паведаміла «Наша Ніва» і толькі ў канцы месяца ўлады распавялі дэталі крымінальнай справы.

Кіраўнік ОАО «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» Уладзімір Жуковіч перад затрыманнем. Скрыншот з відэа: Телеканал ОНТ / YouTube

Жуковіча абвінавачваюць у атрыманні хабару (артыкул 430 КК). Як паведамляецца ў сюжэце АНТ, у прыдарожным кафэ «Ампір» бізнесовец Сяргей Орлікаў перадаў Жуковічу 22 тысячы рублёў за заключэнне дагавораў з кампаніяй «Міттрэйд-інвест» на пастаўку харчовых дабавак для камбіната. Пасля гэтага генеральнага дырэктара камбінату затрымаў ГУБАЗіК.

Сцвярджаецца, што Орлікаў перадаваў Жуковічу з 2015 года не менш як 7 тысяч рублёў раз у квартал. «Гаворка ідзе пра сотні тысячаў», – паведамілі ў сюжэце.

Акрамя таго, у сюжэце расказваецца, што Жуковіч выкупіў былую базу адпачынку на возеры Белым у Бярозаўскім раёне і аформіў яе на жонку Орлікава, бо дзяржаўным служачым забаронена займацца камерцыйнай дзейнасцю. Яшчэ адна схема, якую нібыта выкарыстоўваў гендырэктара камбіната, заключалася ў тым, што грошы за сыравіну ён пералічваў не наўпрост гаспадаркам, а аўтасэрвісу сына гендырэктара, дзе сельгаспрадпрыемствы рамантавалі тэхніку і бралі запчасткі.

Грошы, якія атрымаў Уладзімір Жуковіч, паводле сюжэту ОНТ. Скрыншот з відэа: Телеканал ОНТ / YouTube

Паводле ОНТ, Орлікаў даваў хабары не толькі Жуковічу – карупцыйныя схемы закраналі ўсе рэгіёны Беларусі. «Дайсці абяцаюць да кожнага», – дадаюць аўтары ў сюжэту, намякаючы на новыя арышты.

Варта зазначыць, што асноўным кірункам дзейнасці фірмы «Міттрэйд-інвест», якую ўзначальвае Орлікаў, з’яўляецца абслугоўванне прадпрыемстваў мяса – і птушкаперапрацоўчай галіны. Сярод іх пастаянных партнёраў: мясакамбінаты ў Горадні, Берасці, Віцебску, Пінску, Ваўкавыску, Глыбокім і Ашмянах. Аднак у сюжэце ОНТ назвы іншых прадпрыемствах, замешаных у карупцыйных схемах, не агучваліся.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч распавёў у сюжэце АНТ, што кожнае трэцяе зафіксаванае сёлета эканамічнае злачынства прыпадае на сельскую гаспадарку.

«Не таму, што гэтая сфера самая карумпаваная, зусім не. А таму, што мы паставілі перад сабой задачу: не даць скрасці», – заявіў ён. Праўда, не патлумачыў, чаму менавіта ў гэтай сферы была пастаўлена такая задача.

«Малочная справа»

Арышт Жуковіча, імаверна, можа стаць прадвеснікам вялікай «мясной справы». Аднак пра іншых фігурантаў пакуль нічога не вядома. А вось «малочная справа» ўжо прывяла да масавых затрыманняў.

Затрыманні, паводле «Нашай Нівы», распачаліся яшчэ 1 лістапада. 14 лістапада на гэты конт выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што «восем камерцыйных групаў усталявалі кантроль над экспартам у Расею прадукцыі шэрагу малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў».

«Я спецыяльна гэта пры губернатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў «Бабушкину крынку». Але адказваць будзеце ўсе. Прытым жорстка будзеце адказваць», – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыняў аблвыканкамаў.

Былы дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў (у цэнтры).
Фота: bkmogilev / Telegram

Камітэт дзяржаўнай бяспекі распавёў, што затрымана было 26 чалавек, з іх 15 арыштаваныя, а сетка пасярэднікаў зарабляла не менш за $10 млн на год. Сярод фігурантаў справы былы дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў, які нібыта «замкнуў на сябе фінансавыя плыні», і ягоны знаёмы, кіраўнік афіляваных кампаніяў Уладзімір Сіруць. Яны, як сцвярджаецца, праз падкантрольныя кампаніі ў Расеі прадавалі прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, да канчатковага спажыўца прадукцыя даходзіла ўжо за вышэйшую цану, а дзяржава недаатрымлівала падаткі.

Дзяржаўныя медыі сцвярджалі, што ў карупцыйнай схеме таксама нібыта ўдзельнічалі кіраўнікі Полацкага і Лепельскага малочных камбінатаў, Слуцкага сыраробнага камбінату, Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату.

Блогер Антон Матолька паведамляў, што на Рагачоўскім малочнакансервным камбінаце праходзілі затрыманні ў межах «малочнай справы». Выданне «Флагшток» звярнула ўвагу, што на гэтым тыдні са спісу кіраўнікоў прадпрыемства раптам знікла імя генеральнага дырэктара – Віталя Строгага. У прыёмнай прадпрыемства журналістам заявілі, што іх кіраўнік нібыта трапіў у лякарню. Рагачоўскі камбінат Строгі узначаліў толькі ў 2022 годзе, раней кіраваў Шчучынскім масласырзаводам, а пачынаў кар’еру ўвогуле ў міліцыі – ён калісьці працаваў у ГУБАЗіКу.

«Белсат» таксама заўважыў, што ў спісе кіраўнікоў Полацкага малочнага камбінату няма дадзеных генеральнага дырэктара Мікалая Мацкевіча, якога прызначылі на гэтую пасаду ў лютым 2023 году. На сайце прадпрыемства цяпер увогуле адсутнічае пазіцыя «генеральны дырэктар» – спіс кіраўніцтва адразу пачынаецца з намеснікаў.

Мікалай Мацкевіч па стане на сакавік 2023 году ўзначальваў Полацкі малочны камбінат. Скрыншот: ctv.by

У прыёмнай гендырэктара «Белсату» паведамілі, што Мацкевіч не працуе ад красавіка 2023 году. Атрымліваецца, што ён на сваёй пасадзе пратрымаўся ўсяго 2 месяца: зразумела, што гэта можа быць звязана толькі з чымсьці надзвычайным. Пры гэтым у публічнай прасторы пра ягоную адстаўку інфармцыі не было.

Памочнік Лукашэнкі трапіў у апалу

Лукашэнка 14 лістапада заявіў, што карупцыйная схема ў «малочнай справе» не магла рэалізоўвацца без удзелу дзяржаўных органаў, «там свецяцца і чальцы ўраду». Імаверна, рэхам гэтай заявы стала апала Ігара Брыло – былога міністра сельскай гаспадаркі, а потым інспектара па Віцебскай вобласці.

22 лістапада «Наша Ніва» паведаміла, што чыноўнік быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ. Паводле «НН», Брыло трапіў пад пераслед за сувязі са Скітавым, якога сілавікі зрабілі цэнтральнай фігурай «малочнай справы». У КДБ раней заяўлялі, што аператыўная распрацоўка Скітава вялася з 2020 года, калі Брыло займаў кіраўнічыя пазіцыі ў Мінсельгасхарчы. Імаверна, былога міністра сельскай гаспадаркі западозрылі ў падыгрыванні карупцыйным схемам праз рэгуляванне ці нерэгуляванне індыкатыўных цэнаў.

Былы міністр сельскай гаспадаркі, інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло.
Фота: belta.by

Афіцыйнага пацверджання арышту Брыло не было. Аднак 27 лістапада ён быў адпраўлена ў адстаўку з пасады памочніка Лукашэнкі «у сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай цывільнай службе».

Імаверна, з пункту гледжання прапаганды «малочная справа» мусіць стаць паказальнай – Лукашэнка ўжо ставіць яе ў прыклад усім. «Хто злодзей, жулік, прайдзісвет – будзе як з малочнікамі. Ніхто цырымоніцца ні з кім не будзе. І будзем публічна называць прозвішчы і іх «творы». Я маю на ўвазе карупцыянераў», – заявіў ён 17 лістапада.

Як Лукашэнка вызваляе карупцыянераў

Большасць фігурантаў гучных эканамічных справаў апошняга часу – гэта людзі сістэмы. Некаторыя з іх не толькі зрабілі кар’еру ў дзяржаўным сектары, але і актыўна падтрымлівалі рэжым на палітычным узроўні.

Напрыклад, Брыло быў не толькі міністрам і інспектарам па Віцебскай вобласці, але і ўваходзіў у найвышэйшы палітычны савет партыі «Белая Русь», Лукашэнка называў яго «ідэалагічным работнікам ад практыкі». Жуковіч быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу 2021 году, заклікаў тады захаваць «стабільнасць» у краіне. Скітаў сёлета стварыў у сваім раёне першасную арганізацыю партыі «Белая Русь», сам яе ўзначаліў і агітаваў працаўнікоў прадпрыемства далучацца да пралукашэнкаўскай партыі. Строгі з’яўляецца дэпутатам Шчучынскага раённага савету.

Практыка паказвае, што калі ў асабістай лаяльнасці карупцыянера сумневаў няма, то Лукашэнка ахвотна іх мілуе.

Экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа.
Фота: belta.by

Напрыклад, у верасні выйшаў на волю былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, якому ў студзені прысудзілі 7,5 года калоніі за хабар. Неўзабаве ён знайшоўся на пасадзе кіраўніка лесапаляўнічай гаспадаркі.

У кастрычніку выйшаў на волю былы дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў, якога ў ліпені 2020 года асудзілі на 7 гадоў за карупцыю пры імпарце ў Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання.

Фігурантам «цукровай справы» ў канцы 2021 года прысудзілі ад 7 да 13 гадоў калоніі. Найбольшы вырак тады атрымаў былы дырэктар Гарадзейскага заводу Міхаіл Крыштаповіч, але ўжо лістападзе 2023 году ён знайшоўся на пасадзе кіраўніка буйнога свінакомплексу ў Рэчыцкім раёне.

У межах «справы медыкаў» у 2019 годзе былы кіраўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі атрымаў 7,5 года калоніі, былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі – 6 гадоў. Але яны не адсядзелі і паловы тэрміну: летам 2021 года стала вядома, што іх памілавалі і вызвалілі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў