З дапамогай завочных судоў СК хоча назбіраць у эканамічных справах 100 млн рублёў


Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара ў эфіры «Беларусь 1» распавёў пра мэту правядзення завочных судоў у крымінальных справах эканамічнай накіраванасці.

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара. Скрыншот з відэа: belpresscenter / Youtube

Гара заявіў, што СК ужо расследуе шэраг крымінальных спраў у эканамічнай сферы, у якіх шкода грамадзянам і дзяржаўным арганізацыям дасягае дзясяткаў мільёнаў рублёў. Але, адзначыў ён, спецыяльнае вядзенне дазваляе ведамству «прыцягваць да адказнасці грамадзян, якія ўчынілі і гэтую катэгорыю злачынстваў і хаваюцца за мяжой».

«Уцёкшы за мяжу, многія пакідаюць тут актывы на вялізныя сумы грошай. Без рашэння суда, натуральна, мы не можам кампенсаваць тыя страты, тую шкоду, нанесеныя грамадзянам і арганізацыі», – сказаў Гара.

Паводле яго, «калі браць у суме, гэта, напэўна, больш за 100 млн рублёў шкоды, якія мы ў прынцыпе ў стане пакрыць».

Hавiны
Спецыяльнае вядзенне супраць Ціханоўскай і Латушкі хутка паступіць у суд
2022.11.29 14:50

«Спецыяльнае вядзенне», як тлумачыць СК, – гэта вытворчасць у крымінальнай справе адносна абвінавачванага, які застаецца за межамі Беларусі і «ўхіляецца ад яўкі» да следчых. Такое вядзенне, а таксама завочныя суды стала можна ладзіць пасля зменаў у законы, якія 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Адметна, што прадстаўнік СК мусіць узгадняць з Лукашэнкам пазіцыю адносна крымінальных справаў у парадку спецыяльнага вядзення. Такім чынам, ведамства дэманструе парушэнне заканадаўства Лукашэнкам, які ўмешваецца ў справы і можа перашкаджаць бесстаронняму разгляду справаў суддзямі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў