Наймітам ПВК Вагнэра параілі «шукаць сабе іншыя варыянты заробку»


Прадстаўнік ПВК Вагнэра рэкамендаваў наймітам знайсці сабе іншую працу, бо групоўка не можа больш удзельнічаць у вайне ва Украіне і сутыкаецца з сур’ёзнай канкурэнцыяй з боку Мінабароны і Расгвардыі ў Афрыцы і на Бліжнім Усходзе. Пра гэта пішуць «Важные истории», спасылаючыся на аўдыязварот, які распаўсюджваецца ў чатах вагнэраўцаў.

Інструктары з ПВК Вагнэра падчас сустрэчы з байцамі з 51-й артылерыйскай брыгады ў Асіповічах. Публікацыя ад 27 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр который знает весь мир / vk.com

«Хлопцы, сітуацыя вельмі складаная. На СВА нас не пускаюць. Некалькі дзясяткаў тысяч падрыхтаваных байцоў гатовыя працаваць і гатовыя абараняць радзіму, але з вядомых абставінаў нас пакуль не пускаюць. Мы вымушаныя зараз шукаць варыянты працы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Там сітуацыя таксама няпростая.

У нас ёсць жорсткая канкурэнцыя ў асобе Мінабароны і Расгвардыі, якія таксама плануюць і спрабуюць увайсці туды з аналагічнай дзейнасцю, якую вялі мы», – цытуе выданне прадстаўніка ПВК Вагнэра на аўдыя.

Чалавек, які звяртаецца да наймітаў, паведаміў таксама, што Яўген Прыгожын падчас апошняй паездкі ў Афрыку «вырашаў гэтыя пытанні», і цяпер «яны будуць развязвацца далей кіраўніцтвам».

«Таму працу мы будзем імкнуцца даць нашым супрацоўнікам. Калі і ў якіх абʼёмах – пакуль невядома. Таму або чакайце, або шукайце іншыя варыянты заробку. Сачыце за міжнароднай абстаноўкай. Калі нашая каманда будзе дапушчаная ў СВА, тады наборы супрацоўнікаў мы адновім, праца будзе», – казаў прадстаўнік ПВК у звароце.

Раней «The Wall Street Journal» пісаў, што 18 жніўня Яўген Прыгожын сустракаўся з прэзідэнтам ЦАР Фастэн-Арканжам Туадэра і спрабаваў яго пераканаць ў працягненні супрацы з ПВК Вагнэра. Па звестках выдання, яшчэ да гэтага Уладзімір Пуцін раіў прэзідэнту ЦАР трымацца ад Прыгожына як далей.

Перад гібеллю Прыгожына ў Лівію прыязджаў намеснік міністра абароны Расеі Юнус-Бек Еўкураў. Эксперты меркавалі, што Прыгожына прасілі «вымятацца» і з Сірыі.

29 жніўня кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў інтэрвʼю польскаму агенцтву «PAP» казаў пра тое, што вагнэраўцам, якія застаюцца ў Беларусі, пачалі выдаваць беларускія пашпарты, аформленыя на несапраўдныя імёны. Латушка мяркуе, што гэта можа рабіцца з мэтаю ўчынення тэрактаў або дыверсіяў у краінах Еўразвязу.

Hавiны
Канал «ВЧК-ОГПУ»: Прыгожын загадзя пакінуў інструкцыі для ПВК Вагнэра на выпадак сваёй гібелі
2023.08.28 11:52

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў