У офіс футбольнага клуба «Шахцёр» прыйшлі ўзброеныя сілавікі


У офіс футбольнага клуба «Шахцер» прыйшлі ўзброеныя сілавікі. Аб гэтым перадае «Трыбуна». А Следчы камітэт паведамляе пра замах на подкуп удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў і ўплыў на вынікі чэмпіянату Беларусі па футболе.

Уладзімір Нідзергаўс.
Фота: pressball.by

Паводле спартыўнага парталу «Трыбуна», у офісе салігорскага футбольнага клуба «Шахцёр» праводзяцца праверкі. Для іх правядзення 30 студзеня ў клуб прыехалі ўзброеныя сілавікі.

Візіт сілавікоў пракаментаваў Следчы камітэт. Паведамляецца, што галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату следчага камітэту сумесна з ГУБАЗіК МУС выявілі факт аказання супрацьпраўнага ўплыву на вынік матчу чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі.

«У дачыненні да прадстаўніка футбольнага клуба «Шахцёр» распачата крымінальная справа па ч.1 арт.14, ч.1 арт.253 (замах на подкуп удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер прадаўжаецца правядзенне следчых дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне абставін учыненага злачынства», – гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым «Шахцёр» займае першае месца па выніках мінулага сезону вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе.

Раней стала вядома, што ў Менску 22 студзеня сілавікі затрымалі Уладзіміра Нідзергаўса (Vladimir Niederhaus), які працаваў спартыўным дырэктарам клуба. Вядома, што Нідзергаўсу 55 гадоў, яго падазраюць у махлярстве.

Па звестках выдання «СпортРадар.kz», названага спартыўнага менеджара дэпартуюць з Беларусі ў Нямеччыну. Некалі ён граў за нямецкія клубы «Вайе» і «Прайсэн», зʼяўляецца этнічным немцам і мае, у тым ліку, грамадзянства Нямеччыны.

13 студзеня стала вядома, што спартовы дырэктар «Шахцёра» збіраецца вярнуцца ў ФК «Табол» у казахстанскім Кустанаі. На пасадзе ў «Шахцёры» Нідзергаус працаваў са жніўня 2021 года. У «Таболе» таксама раней папрацаваў – з ліпеня 2017-га па ліпень 2019 года.

Уладзімір Нідзергаўс – казахстанскі і расейскі футбаліст нямецкага паходжання, вядомы па сваіх выступах за расейскі футбольны клуб «Ротар» (Валгаград). Згуляў адзін афіцыйны матч у складзе зборнай Расеі і чатыры матчы за зборную Казахстану ў 90-х гадаў мінулага веку. Пры прызначэнні на пасаду ў «Шахцёры» газета «Прэсбол» назвала яго «легендай валгаградскага футболу».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў