Затрымалі кіраўніка кампаніі «Тэрматэхбуд» Яўгена Жукоўскага


Прапагандыст Грыгорый Азаронак апавёў у сваёй праграме на СТВ пра затрыманне кіраўніка будаўнічай кампаніі «Тэрматэхбуд» Яўгена Жукоўскага. Ягоная фірма будавала комплексы «Менск Свет», «Маяк Менску» і «Вог».

Невядома, калі і паводле якога артыкулу затрымалі бізнесоўца. Аднак Азаронак даў зразумець, што ягоны пераслед звязаны з палітыкаю.

Паводле прапагандыста, Жукоўскі ў 2020 годзе падтрымаў пратэсты і нібыта хацеў стацца міністрам будаўніцтва пасля змены ўлады:

«Увесь калектыў дружна выводзілі шпацыраваць два гады таму».

Таксама прапагандыст згадвае аднаго з кіраўнікоў «Тэрматэхбуду» Аляксандра Бея, якога называе «змагаром». Бей, мяркуючы з усяго, не затрыманы.

«Наша Ніва» адзначае, што Яўген Жукоўскі – буйны бізнесовец паводле беларускіх мерак. У 2017-м ён атрымаў узнагароду ад Саюзу будаўнікоў – нагрудны знак «За заслугі ў будаўніцтве». Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якую выдаюць «за ўзорную працу і высокі асабісты ўнёсак у развіццё будаўнічай галіны».

Акрамя таго, у верасні 2020-га бізнесоўца адзначыла Праваслаўная царква. У дзень асвячэння царквы Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Менску яго ўзнагародзілі медалём ордэна свяціцеля Кірылы Тураўскага. Звычайна яго выдаюць за ахвяраванні на царкву.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў