Цыклон з снегам і моцным ветрам паралізаваў дарогі, чыгунку і прывёў да аварыяў


У Беларусь вярнулася зіма. Сіноптыкі загадзя папярэджвалі пра рэзкую змену надвор’я. Сёлетні цыклон значна слабейшы, чым магутны Хавіер, які быў 10 гадоў таму. Тым не менш у Менску і многіх рэгіёнах Беларусі выпаў снег, парывісты вецер прывёў да аварыяў у энергазабеспячэнні. На дарогах утварыліся заторы, адбылося шмат ДТЗ. 

Сакавіцкі цыклон у Менску.
Фота: чытачы Белсату

Яшчэ на мінулым тыдні сіноптыкі папярэджвалі пра вяртанне зімы. У пачатку тыдня сапраўды рэзка пахаладала, выпаў снег. Але камунальныя службы, выглядае, не былі гатовыя да такой змены надвор’я. У Менску на дарогах утварыліся з самай раніцы вялікія заторы. ДАІ заклікае грамадзянаў пры магчымасці не выязджаць на сваім аўтамабілі, а таксама не карыстацца летнімі апонамі. Хаця гэтае папярэджанне выглядае недарэчна, бо на летніх апонах, згодна з Правіламі дарожнага руху, можна выязджаць толькі пасля 31 сакавіка. Працаўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі агучылі план «Надворʼе». Інспектары рэкамендуюць трымаць дыстанцыю, выбіраць бяспечную хуткасць і абавязкова прышпільвацца рэменем бяспекі.

Сакавіцкі цыклон у Менску.
Фота: чытачы Белсату

Кіроўцы скардзяцца, што раніцай галоўныя дарогі ў Менску былі нерасчышчаныя і небяспечныя.

«Я выехаў з Менску на аўтадарогу М-1. Ранкам сітуацыя была проста жудасная. Тэрмінова трэба было ехаць, але спазніўся, паколькі дарога не расчышчаная, заснежаная цалкам. Я рухаўся з хуткасцю не большай за 60 кіламетраў і тое адчуваў, што нават такая хуткасць небяспечная», – распавёў «Белсату» кіроўца з Менску.

Снег і галалёдзіца прывялі да шматлікіх аварыяў і ДТЗ. А вось камунальнікі пачалі працу чысціць снег бліжэй да абеду. Традыцыйна дарогі ў гарадах Беларусі збольшага не чысцяць, а пасыпаюць пяскова-саляной сумессю. Чарга да дарог у рэгіёнах падыходзіць толькі тады, калі камунальнікі закончаць працу ў гарадах.

ДАІ паведамляе, што ў Беларусі на трасе М7 снегаўборачная машына сутыкнулася з аўтобусам. У выніку аўтобус зʼехаў у кювет. У салоне ў гэты час былі 42 пасажыры. У выніку ДТЗ ніхто не пацярпеў.

Здарэнне з аўтобусам на шашы М-7.
Фота: УУС Менскай вобласці / belta.by

Падобнае здарэнне адбылося на аўтадарозе М-6 Менск – Горадня, кіроўца пасажырскага аўтобуса не справіўся з кіраваннем, і аўтобус зʼехаў у кювет. Ратавальнікам давялося разблакоўваць дзверы аўтобуса, якім замінаў адчыніцца снег. У выніку 18 пасажыраў вярнуліся ў Менск, 25 засталіся чакаць іншы аўтобус, каб працягнуць рух па маршруце.

Аварыя на трасе М6.
Фота: МНС

У сталіцы выратавальнікі паведамляюць пра падзенне 8 дрэваў, якія пашкодзілі 4 легкавыя аўтамабілі. Пацярпелых у выніку гэтага здарэння няма.

Цыклон 28 сакавіка.
Фота: МНС
Цыклон 28 сакавіка.
Фота: МНС

Працаўнікі МНС не толькі даставалі аўтамабілі з-пад дрэваў, таксама ратавальнікі Менскай вобласці 8 разоў выязджалі на распілоўванне дрэваў. Выпадкі былі ў Барысаўскім, Капыльскім, Менскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім і Салігорскім раёнах. Таксама работнікі МНС два разы дапамагалі буксіраваць транспартныя сродкі ў Смалявіцкім раёне.

Вяртанне зімы ў канцы сакавіка заспела знянацку і чыгуначнікаў. У Менску раніцай 28 сакавіка назіраліся адхіленні ад графіку руху пасажырскіх цягнікоў. Час затрымання вагаўся ад 5 хвілінаў да адной гадзіны. Але бліжэй да абеду сітуацыю выправілі.

Чыгуначны выкзал у Менску.
Фота: Беларуская чыгунка / Facebook

Мокры снег, мароз і моцны вецер пашкодзілі энергазабеспячэнне. 124 паселішчы, як паведамляе Мінэнерга, былі без электрычнасці. Найбольш пацярпелі Барысаўскі, Лагойскі, Слуцкі, Чэрвеньскі раёны. Энергетыкі аператыўна выпраўлялі праблемы. Але да паўдня 28 сакавіка перабоі электразабеспячэння засталіся ў 69 населеных пунктах.

Пры гэтым сіноптыкі папярэджваюць, што няўстойлівае надворʼе і моцны снег у Менску будуць цэлы дзень.

Памаранчавы ўзровень небяспекі праз парывісты вецер, а таксама праз моцныя ападкі сінопыткі абвесцілі і на 29 сакавіка. У асобных раёнах прагназуецца мяцеліца, уначы на ўсходзе слабы галалёд і наліпанне мокрага снегу. На асобных адцінках дарог галалёдзіца.

Цыклоны, якія ў сакавіку прыносяць рэзкае пахаладанне, снег і праблемы для жыхароў і камунальных службаў адбываюцца ў Беларусі кожны год. Адзін з самых магутных цыклонаў быў 10 гадоў таму. Хавіер увайшоў у гісторыю мэтэаназіранняў.

Hавiны
Здарэнні з аўтобусамі: адзін з’ехаў у кювет, другі сутыкнуўся са снегаўборачнай машынай
2023.03.28 13:27

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў