Лукашэнка будзе абмярковаць у Кітаі пастаўкі калійных угнаенняў


Аб’ёмы і цэны паставак калійных угнаенняў будуць абмеркаваныя падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Аб гэтым БелТА паведаміў віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

Самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў Пекіне.
Фота: «Пул Первого» / Telegram / pul_1

28 лютага пачаўся дзяржаўны візіт самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР. Сярод пытанняў парадку дня – абмеркаванне дэталяў паставак калійных угнаенняў. Паводле Мікалая Снапкова, вынікам перамоваў стане павелічэнне абʼёмаў экспарту беларускага калію ў Кітай. Віцэ-прэмʼер пакуль не стаў называць канкрэтныя лічбы, але адзначыў што рост паставак «будзе істотным».

Мікалай Снапкоў паведаміў, што беларуска-кітайскі гандаль за апошнія паўтара месяца актывізаваўся на 72% да адпаведнага перыяду мінулага год, аб’ем таваразвароту за паўтара месяца склаў $ 1 млрд.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Кітай уваходзіць у спіс самых важных гандлёвых партнёраў Беларусі. Па выніках 2022 года беларуска-кітайскі таваразварот склаў $ 5,79 млрд, вырасшы на 13 працэнтаў адносна 2021 года. Пры гэтым імпарт з Кітая ($ 4,18 млрд) перавышае беларускі экспарт ($ 1,61 млрд) на $ 2,57 млрд. Паводле дадзеных МЗС РБ, абʼем таваразвароту Беларусі з усімі замежнымі краінамі склаў $ 76,9 млрд па выніках 2022 года. Асноўнымі партнёрамі зʼяўляюцца Расея, краіны ЕАЭС і СНД.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул Первого» паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка ўжо прыляцеў у Кітай. Чакаецца, што ён сустрэнецца са старшынёй КНР Сі Цзінь Пінам, каб абмеркаваць гандлёва-эканамічную, інвестыцыйную і гуманітарную супрацу. Візіт працягнецца па 2 сакавіка.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў