Не паглынанне, але павелічэнне залежнасці: вынікі інтэграцыі Беларусі з РФ у 2023 годзе


Аляксандр Лукашэнка пахваліўся інтэграцыяй на саміце ЕАЭС 25 снежня. Але размова ў асноўным ішла пра Расею. Насамрэч ЕАЭС асабліва Беларусі і не цікавы, а вось павелічэнне ўплыву Расеі ідзе поўным ходам і пагражае беларускаму суверэнітэту, лічыць палітычны аглядальнік «Радыё Свобада» Валер Карбалевіч. Даведаліся, ці сапраўды Лукашэнку ёсць, чым хваліцца.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас саміту ЕАЭС. Санкт-Пецярбург, 25 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 25 снежня прыляцеў у Санкт-Пецярбург, каб узяць удзел у пасяджэнні Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады і нефармальнай сустрэчы лідараў краін СНД. Галоўным дасягненнем ЕАЭС кіраўнік Беларусі называе «стабільнае функцыянаванне агульнага ўнутранага рынку і адзінай мытнай прасторы». Палітычны аглядальнік «Радыё Свобада» Валер Карбалевіч з гэтым не згодны.

«Расея фарсіравала працэс інтэграцыі ў рамках ЕАЭС. Не быў завершаны працэс фармавання мытнага звязу, зоны вольнага гандлю, як Расея падштурхнула да стварэння эканамічнага звязу. То бок не закончыўшы будаўніцтва першага, другога паверха, пачалі будаваць трэці паверх. У выніку паўнавартаснага мытнага звязу няма, бо па вялікай колькасці тавараў ёсць выключэнні, няма свабоднага перамяшчэння тавараў і няма ці вельмі мала агульнай макраэканамічнай палітыкі. Таму назва эканамічны звяз не адпавядае зместу», – кажа палітычны аглядальнік.

Іншыя краіны ЕАЭС Беларусі мала цікавыя, лічыць эксперт.

«З Казахстанам ёсць гандаль, але з ім цалкам можна было гандляваць і без фармавання гэтага эканамічнага звязу. Працэс інтэграцыі ў рамках Еўразійскага звязу дайшоў да нейкай столі, пасля якой інтэграцыя замарозілася», – працягвае Карбалевіч.

А як жа дакументы па інтэграцыі, якія былі прынятыя на сустрэчы да 2030 і 2045 гадоў?

«Гэта дэкларацыі, пажаданні. У мяне есць вялікі скепсіс да іх выканання», – падкрэслівае суразмоўца.

Hавiны
Такаеў пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеіі: Трэба нешта рабіць з гэтай праблемай
2023.05.24 20:40

Расея захоплівае ўсе сферы ўплыву

А вось у інтэграцыі з Расеяй толькі за апошні год адбылося шмат заўважных крокаў. Гэта расейская ядравая зброя ў Беларусі, і нават частка вагнэраўцаў засталася тут, заяўляе Лукашэнка на сустрэчы ЕАЭС. Таксама ў Саюзнай дзяржаве анансавалі стварэнне Наднацыянальнага падатковага камітэту, які будзе сачыць, ці ў час Беларусь аддае дадзеныя сваіх падаткаплацельшчыкаў Расеі. Яшчэ ў Беларусі засталося толькі чатыры палітычныя партыі – аналагі чатырох праўладных партый Расеі. І ўжо амаль дзве траціны беларускага экспарту ідуць у Расею, хаця раней поспехам лічылася ўладкаваць экспарт так, каб траціна ішла ў Расею, траціна – у Еўропу, і траціна – у краіны «дальняй дугі».

Hавiны
Карпянкоў на вучэннях з’явіўся з шаўронам ПВК Вагнэра
2023.12.23 09:18

«Тут больш важны трэнд. Працэс узмацнення залежнасці Беларусі ад Расеі працягваўся ў самых розных сферах: і ў эканамічнай, і палітычнай, і ваеннай, інфармацыйнай. Вельмі шмат гэтым годам Беларусь атрымала ад Расеі ў плане лагістыкі. То бок транзіту грузаў праз Расею. Вельмі моцна павялічылася лагістычная залежнасць, а ўсе астатнія залежнасці былі і раней. Гэты працэс толькі нарастаў.

Калі казаць пра нейкую падзею, якая моцна прывязвае Беларусь да Расеі, то гэта размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядравай зброі. Гэта паварот, які моцна ўзмацняе ваенна-палітычны кантроль, яшчэ больш звязвае лёс палітычнага рэжыму Лукашэнкі з лёсам палітычнага рэжыму Уладзіміра Пуціна», – кажа Карбалевіч.

Найбольш значнай эксперт называе залежнасць вайскова-палітычную. Але і галовы беларусаў Расея імкнецца апрацоўваць.

«Беларуская дзяржаўная ідэалогія ўсё больш схіляецца да прыняцця ідэалогіі “рускага міру”. Ідзе змаганне з беларускай ідэнтычнасцю. Для мяне важным паказнікам таго, як мяняецца сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца тое, што фактычна выціскаюць з кола палітычнай эліты дэпутата Ігара Марзалюка, які ва ўсякім разе цвёрда прытрымліваўся беларускай мовы ва ўсіх публічных выступах. Цяпер аказваецца, што ў рамках сённяшняга кантэксту такія людзі, нават арыентаваныя на падтрымку ўлады, не патрэбныя. Хутчэй за ўсё яго не прапусцяць у новы склад Палаты прадстаўнікоў», – адзначае суразмоўца.

Акрамя таго, частка працэсаў адбываецца таемна і беларусы нават не ведаюць, што насамрэч плануюць улады.

«Чым большая дыктатура, тым больш таямніцаў ва ўсіх сферах. Эканамічную статыстыку засакрэцілі, усе перамовы па вышэйшым узроўні паміж Беларуссю і Расеяй сакрэтныя», – кажа Карбалевіч.

На гэтым фоне ў 2023 годзе з’явіўся нібыта зліты таемны план паглынання Беларусі Расеяй. Наколькі ён сапраўдны, не зразумела, але водгукі рэчаіснасці ў ім ёсць.

«Я б ужываў не слова “паглынанне”, а павелічэнне залежнасці. Гэта выразная тэндэнцыя, якая пачалася ў 2020 годзе, і яна працягваецца», – робіць выснову Валерый Карбалевіч.

Аналітыка
Медыі распавялі пра план Крамля па паглынанню Беларусі. На што варта звярнуць увагу
2023.02.21 17:31

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў