Карпянкоў на вучэннях з’явіўся з шаўронам ПВК Вагнэра


Намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў быў заўважны на зборах байцоў спецпадраздзяленняў у куртцы з шаўронам ПВК Вагнэра, піша Reform.by.

Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК Вагнэра.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Выява на шаўроне – контур Беларусі з чэрапам і надпісам «Спецназ ВВ МВД PMC Wagner Group».

Паводле тэлеграм-каналу ўнутраных войскаў МУС, зборы праходзілі цягам чатырох тыдняў у навучальным цэнтры ўнутраных войскаў, падчас якіх тактычна-спецыяльнае рыхтаванне праводзілі «інструктары з баявым досведам».

Гэта ўжо не першы раз, калі атрыбутыка ПВК Вагнэра адкрыта выкарыстоўваецца падчас імпрэзаў, што праводзяцца беларускімі вайскоўцамі. Гэтак, 14 снежня сцяг прыгожынскай прыватнай вайсковай кампаніі з’явіўся побач з дзяржаўным сцягамі Беларусі і сцягам спецназу на паказальным выступленні атраду спецназу «Тарнада» ў менскай вайсковай частцы 3310.

Тады прапагандыст «Russia Today» Канстанцін Прыдыбайла напісаў у сваім канале, што вагнэраўцы ўвайшлі ў склад спецназу «Тарнада».

Нагадаем, што ў пачатку снежня «BELPOL» даведаўся, што ў Беларусі плануюць дазволіць замежным грамадзянам кантрактавую службу ва ўзброеных сілах і ўнутраных войсках. Як паведамілі «Белсату» ў арганізацыі, гэта ініцыятыва дзяржаўнага сакратарыяту Савету бяспекі. Паводле неафіцыйных звестак, пасля 6 гадоў службы замежнікам будуць даваць беларускае грамадзянства.

Шэрагам краінаў ПВК Вагнэра прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй. Сярод іх Вялікая Брытанія, Літва, Канада, у ліпені да гэтага спісу далучылася АБСЕ. У ЗША ПВК абвешчаная транснацыянальнаю злачыннай арганізацыяй праз удзел у вайне ва Украіне, масавыя пакаранні, гвалтаванні, выкраданні дзяцей і фізічныя здзекі ў ЦАР і Малі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў