Аб’яднанне «BELPOL» даведалася, што ў Беларусі плануюць дазволіць замежным грамадзянам кантрактную службу ва ўзброеных сілах і ўнутраных войсках. Як паведамілі «Белсату» ў арганізацыі, гэта ініцыятыва дзяржаўнага сакратарыяту Савету бяспекі. Паводле неафіцыйных звестак, пасля 6 гадоў службы замежнікам будуць даваць беларускае грамадзянства.
Паводле крыніцаў, Міністэрства абароны і МУС будуць вызначаць пасады, якія змогуць займаць замежнікі, але доступу да дзяржаўных сакрэтаў у гэтых кантрактнікаў не будзе.
На працу плануецца браць грамадзянаў векам ад 21 да 33 гадоў, якія легальна жывуць у нашай краіне. Першы кантракт будзе разлічаны на 1 год, наступны – ужо на 5. І пасля гэтага тэрміну замежнік зможа атрымаць беларускае грамадзянства.
Эксклюзіўных умоваў да кандыдатаў, акрамя валодання дзяржаўнаю моваю – беларускай або расейскаю, не будзе: патрабаванні такія ж, як і для грамадзянаў Беларусі.
«Замежнік замест прысягання будзе даваць абавязанне выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні вайсковых статутаў, іншых актаў заканадаўства, загадаў камандзіраў і начальнікаў, паважаць дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальныя традыцыі, а таксама добрасумленна выконваць умовы кантракту», – паведамілі ў «BELPOL».
Грамадзянам якіх краінаў (усіх ці толькі «сяброўскіх») дазволяць кантрактную службу ў Беларусі, невядома.
Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе вызначае, што паводле кантракту могуць служыць толькі грамадзяне Беларусі. Таксама вайсковы абавязак «не распаўсюджваецца на замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», іх і на тэрміновую службу не бяруць.
Выглядае, што, калі ініцыятыва, пра якую паведаміў «BELPOL», сапраўды абмяркоўваецца, галоўнымі кандыдатамі на кантрактную службу могуць стацца грамадзяне Расеі. Цяпер такой магчымасці няма, пацвердзілі «Белсату» ў адным з ваенкаматаў Беларусі:
«Паводле кантракту грамадзяне Расеі ў нас службы не праходзяць. Згодна з законам, толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права служыць ва ўзброеных сілах».
Ідэя браць замежнікаў у беларускія сілавыя структуры не новая. У канцы 2020 года «Новы час» пачаў публікаваць расследаванне журналіста Дзяніса Івашына «Каго ці што абараняе “Беркут” у Беларусі» – пра байцоў украінскага міліцэйскага спецпадраздзялення, якія пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці і расфармавання гэтай структуры ўладкаваліся ў нашай краіне. Толькі ў менскім АМАПе Івашын знайшоў васьмёх былых беркутаўцаў. Ім выдалі беларускія пашпарты.
Праз некалькі дзён пасля публікацыі трэцяй часткі расследавання ў сакавіку 2021 года журналіста затрымалі. У верасні летась суддзя Валерый Раманоўскі прызначыў палітвязню 13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў.
Таксама кандыдатамі на кантрактную службу ў войску Беларусі могуць стацца баевікі ПВК Вагнэра. 1 жніўня Аляксандр Лукашэнка казаў, што найміты перадаюць досвед лукашэнкаўскім вайскоўцам і што ён хоча «пакінуць гэтых хлапцоў ва ўзброеных сілах нашай краіны». «І, адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію», – заявіў тады палітык.
Сцяпан Кубік belsat.eu