Урады Беларусі і Расеі склалі план інтэграцыі на тры гады


Беларусь і Расея збіраюцца зацвердзіць новы план інтэграцыі на найбліжэйшыя тры гады. Папярэдні выкананы на 90 %, распавёў кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусцін на пасяджэнні Саўміну Саюзнай дзяржавы 29 лістапада.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Мішусцін і прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка.
Фота: афіцыйны сайт Саюзнай дзяржавы

Новы план інтэграцыі ўключае дзесяць раздзелаў. У іх гаворыцца аб узгодненай макраэканамічнай і падатковай палітыцы, а таксама прамысловай і аграрнай палітыцы, пашырэнні супрацы ў мытнай сферы, стварэнні агульнага фінансавага рынку і аб’яднаных энергетычных рынкаў, нарошчванні ўзаемадзеяння ў іншых сектарах, распавёў кіраўнік ураду Расеі.

Практычна ўсё гатова да запуску наднацыянальнага падатковага камітэту.

«Ён зоймецца маніторынгам выканання дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання ў дачыненні ўскосных падаткаў», – распавёў Мішусцін.

Паводле дамовы, пра якую ён гаворыць, Беларусь павінна рэгулярна падаваць звесткі беларускіх падаткаплатнікаў у Расею. А за гэта ўлады Беларусі будуць атрымліваць кампенсацыю за «падатковы манеўр». Калі звестак не будзе, то не будзе і кампенсацыі. На думку беларускіх экспертаў, гэта яшчэ адзін крок да страты суверэнітэту.

Аналітыка
Мільярд долараў за падатковы суверэнітэт. Лукашэнка загадаў прадаць Расеі чарговы кавалак незалежнасці
2022.09.21 08:40

Таксама там гаворыцца, што ўскосныя падаткі (ПДВ і акцызы) у Беларусі і Расеі павінны прыйсці да аднаго выгляду. Знізіць іх самастойна Беларусь не зможа. Яшчэ дакумент закладае паступовы рост ставак на ўсе падакцызныя тавары. То бок беларускім падаткаплатнікам дакладна прыйдзецца плаціць больш за паліва, алкаголь і цыгарэты.

Прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пахваліўся вынікамі супрацы і паведаміў, што разлічвае на фінансавае падтрыманне ад Расеі.

«Неабходна максімальна аператыўна забяспечыць рэальна адчувальную інтэграцыю ў прамысловай палітыцы дзвюх краінаў. Цалкам зрабіць безбарʼерным узаемны доступ да закупак і субсідыяў», – сказаў беларускі чыноўнік.

Hавiны
Міхаіл Мішусцін: Беларусь і Расея зрэалізавалі больш за 90 % інтэграцыйных мерапрыемстваў
2023.11.29 19:08

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў